Выкрадальнікі беларускай грамадзянкі Ірыны Экпа‑Ума выставілі патрабаванні кіраўніцтву брытанскай сэрвіснай кампаніі «Компас груп», у якой яна працуе. Пра гэта РІА «Новости» паведаміў саветнік пасольства Расіі ў Нігерыі Віктар Ганчароў.

«Нейкая банда выйшла на кіраўніцтва кампаніі, у якой Ірына працуе, і выставіла пэўныя патрабаванні, — сказаў саветнік. — Пакуль нам невядома, хто і чаго патрабуе».

[Telegraf.by зазначае, што выкрадальнікі патрабуюць 1,2 млн даляраў -- НН]

Цяпер прадстаўнікі расійскага пасольства сустракаюцца з кіраўніцтвам кампаніі і абмяркоўваюць далейшы план сумесных дзеянняў. «Відавочна, справа пойдзе да развязкі», — зазначыў В.Ганчароў.

«Пасольства Расіі ўжо наладзіла кантакты з МЗС Нігерыі, з праваахоўнымі органамі і з кіраўніцтвам кампаніі, дзе працуе Ірына. Мы гатовы выехаць у любы час у Порт‑Харкорт, дзе была выкрадзена грамадзянка Беларусі», — сказаў В.Ганчароў.

Як паведамлялася раней, І.Экпа‑Ума была выкрадзена невядомымі 5 мая ў горадзе Порт‑Харкорт.

Варта зазначыць, што, паводле звестак Міністэрства замежных спраў Беларусі, І.Экпа‑Ума працуе ў транснацыянальнай нафтавай карпарацыі «Whassah Eurest Nigeria Limited». У прэс‑службе МЗС Беларусі паведамілі, што беларускія дыпламаты пастаянна кантактуюць з расійскімі калегамі, якія займаюцца лёсам беларускі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?