7 мая ў Мінску, у скверы на скрыжаванні праспекта імя Жукава і вуліцы Чыгуначнай, урачыста адкрыты бюст маршалу Георгію Жукаву, чатырохразоваму Герою Савецкага Саюза.

Як зазначыў падчас цырымоніі намеснік старшыні Мінскага гарвыканкама Міхаіл Ціцянкоў, на тэрыторыі Беларусі Г.Жукаў праслужыў каля 17 гадоў і прайшоў шлях ад камандзіра кавалерыйскага эскадрона да намесніка камандуючага войскамі Беларускага асаблівай ваеннай акругі. Паводле яго слоў, пад непасрэдным кіраўніцтвам маршала летам 1944 года была ажыццёўлена аперацыя «Баграціён» па вызваленні Беларусі ад нямецка‑фашысцкіх захопнікаў. «Войскі I Беларускага фронта, якімі ён кіраваў, ва ўзаемадзеянні з двума суседнімі франтамі правялі Вісла‑Одэрскую аперацыю, разбілі Берлінскую групоўку праціўніка і занялі сталіцу гітлераўскага рэйха. А 8 мая Жукаў прыняў капітуляцыю нацысцкай Германіі», — сказаў М.Ціцянкоў.

Міністр абароны Леанід Мальцаў падкрэсліў, што «ў Беларусі немагчыма будзе дабіцца перагляду ваеннай гісторыі». Паводле яго слоў, беларускі народ зрабіў свой выбар у 1994 годзе. «З абраннем прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі вернуты сімвалы і сэнсы самай значнай падзеі XX стагоддзя — перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. І гэты выбар пацверджаны ў 2001 і 2006 гадах», — сказаў Л.Мальцаў.

Пасол Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў зазначыў, што «імя Жукава па праву стаіць у адным радзе такіх ваеначальнікаў, як Аляксандр Неўскі, Дзмітрый Данскі, Аляксандр Сувораў і Міхаіл Кутузаў, кожны з якіх зрабіў значны ўнёсак у справу захавання Расіі, Савецкага Саюза і ў справу перамогі нашых нашчадкаў у мінулай вайне».

У інтэрв’ю БелаПАН старшыня міжнароднага грамадскага аб’яднання «Фонд Георгія Жукава» (Мінск) Дзмітрый Сінько паведаміў, што ідэя стварэння помніка з’явілася ў 1997 годзе, калі ўзнік фонд, што аб’ядноўвае ветэранаў вайны з Беларусі, Расіі і Украіны. Паводле яго слоў, кошт помніка, узведзенага на сродкі ветэранаў і Мінгарвыканкама паводле праекта скульптара Анатоля Арцімовіча і архітэктара Аляксандра Жылінскага, ацэньваецца прыкладна ў 100 млн. рублёў. «Па просьбе ветэранаў імя Георгія Жукава прысвоена сярэдняй школе № 83 Маскоўскага раёна сталіцы, а генерал Анатоль Сульянаў напісаў кнігу пра маршала», — сказаў Д.Сінько. Паводле яго слоў, у планах фонду — стварэнне дакументальна‑публіцыстычнага фільма, прысвечанага знаходжанню Г.Жукава ў Беларусі.

У цырымоніі адкрыцця бюста ўдзельнічалі ветэраны, ваеннаслужачыя і моладзь.

Марат Гаравы, БелаПАН

Фатаздымак Беларусь-ФОТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0