У Менск прывязуць мошчы сьвятога Лукі.

Пакланіцца галаве аднаго з эвангелістаў змогуць усе ахвотныя. У чэрвені галаву сьвятога Лукі прывязуць з Афона ў Маскву, а тады – у Пецярбург, Менск ды Кіеў.

Лука – гэта знакавы сьвяты. Ён, у ліку вучняў Хрыста, быў пасланы на першую пропаведзь яшчэ пры жыцьці Збаўцы. Сьвяты Лука паходзіў з адукаванай грэцкай сям’і, быў мэдыкам і ў хрысьціянстве традыцыйна лічыцца патронам усіх лекараў. Ён зьяўляецца аўтарам аднаго з Эвангельлеў. Па легендзе менавіта Лука напісаў першую ікону Найсьвяцейшай Багародзіцы, а таксама іконы Пятра й Паўла.

Сьвяты Лука быў спадвіжнікам апостала Паўла, браў ўдзел у ягонай другой місіянэрскай вандроўцы, дзяліў зь ім усе цяжкасьці дабравеснага подзьвіга.

Згодна з царкоўным паданьнем, пасьля пакутнай сьмерці апосталаў Лука пакінуў Рым ды з пропаведзьдзю прайшоў Ахаю, Лівію, Эгіпет ды Фіваду. У горадзе Фівы ён пакутніцкі скончыў свой зямны шлях.

Сьвяты Лука – ня першы пакутнік, чые мошчы вязуць у Менск. Раней беларусы маглі пакланіцца машчам сьвятога Яна Хрысьціцеля, сьвятога Андрэя Першапакліканага, сьвятога Мікалая Цудатворцы, сьвятой Ялізаветы ды сьвятой Барбары. Кожны раз, калі ў Менск прывозяць мошчы сьвятых, тысячы людзей імкнуцца пабачыць іх на свае вочы, датыкнуцца да сьвятыні. Да прыкладу, калі ў беларускай сталіцы былі мошчы Мікалая Цудатворцы, чарга да царквы трымала трое содняў безь перапынку нават ноччу. Многія сьведчаць, што мошчы сьвятых маюць цудатворную сілу, дапамагаюць пазбавіцца ад хваробаў ды дасягнуць нечага вельмі жаданага.

Дакладная дата прывязеньня мошчаў сьвятога Лукі ў Менск будзе вызначаная пазьней.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?