Кіраўніцтва Беларускага экзархата Рускай праваслаўнай царквы не бачыць падстаў для перагляду закона «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях» і заклікае праваслаўных грамадзян устрымацца ад удзелу ў нейкіх кампаніях па гэтым пытанні. Пра гэта гаворыцца ў інфармацыі прэс‑службы Беларускага экзархата.

Паведамляецца, што 25 красавіка 2007 года ў будынку сталічнай царквы «Новае жыццё» Аб’яднання абшчын хрысціян поўнага Евангелля ў Рэспубліцы Беларусь адбылася прэс‑канферэнцыя. «На гэтым мерапрыемстве, якое праходзіла ў межах гэтак званай «Кампаніі па абароне правоў на свабоду сумлення», было аб’яўлена аб зборы подпісаў у падтрымку змянення закона «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях», — гаворыцца ў інфармацыі. Прэс‑служба экзархата зазначае, што «Беларуская праваслаўная царква не мае ніякага дачынення да названай кампаніі». Клірык Свята‑Пакроўскага прыхода Мінска святар Аляксандр Шрамко, які выступіў падчас прэс‑канферэнцыі, не меў царкоўнага благаславення на ўдзел у ёй. У сваім выступленні ён выказаў толькі свой асабісты пункт гледжання, гаворыцца ў паведамленні.

«Пазіцыя Беларускай праваслаўнай царквы датычна прынятай у кастрычніку 2002 года новай рэдакцыі закона «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях» не змянілася: гэты дакумент садзейнічае падтрыманню рэлігійнага міру і канфесійнай стабільнасці ў Беларусі, утрымлівае пазітыўны сусветны вопыт заканадаўства аб рэлігіі, найперш — практыку еўрапейскіх краін. У 2002 годзе грамадзяне рэспублікі сабралі больш за 200.000 подпісаў за прыняцце абноўленага закона. Тады законапраект быў падтрыманы не толькі праваслаўнымі хрысціянамі, але таксама прадстаўнікамі кіраўніцтва і вернікамі іншых традыцыйных веравызнанняў: каталіцкага, мусульманскага, іудзейскага, евангелічна‑лютэранскага», — гаворыцца ў паведамленні.

Нагадаем, што арганізатары кампаніі, якая пачалася ў краіне 22 красавіка, разлічваюць сабраць не менш за 50 тысяч подпісаў пад адкрытым зваротам да кіраўніка дзяржавы, Канстытуцыйнага суда, Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу з заклікам прывесці ў адпаведнасць з Канстытуцыяй закон «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях», які дзейнічае з канца 2002 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?