Вось дадатковы штрых да тэмы, акрэсьленай мною ў папярэднім артыкуле "Невядомая вайна". Літаральна тры дні таму амаль што неўпрыкмет прайшоў юбілей аднаго з самых кананізаваных герояў Вялікай Айчыннай. 6 траўня споўнілася сто гадоў зь дня нараджэньня Мікалая Гастэлы.

Магчыма, на даце ня надта акцэнтавалі ўвагу таму, што зь цягам часу зьявіліся розныя вэрсіі тых трагічных падзеяў. Сталі даводзіць, што Гастэлаў самалёт упаў у іншым месцы, а знакаміты вогненны таран пад Радашкавічамі зьдзейсьніў капітан Маслаў.

Мая вёска Новы Двор — акурат побач. Адзін зь першых успамінаў — як бацька вазіў паказваць Гастэлаў бюст ў цэнтры Радашкавічаў. З таго дня (мусіць, 1961 ці 1962 год) захаваўся вось гэты здымак. Зірнеце, як тады квітнела героіка: хлапчукам нават шапкі шылі на ўзор лётчыцкага шлемафона :) Памятаю, потым, калі было, што малыя ў кампаніі хваліліся нейкімі абноўкамі, я зь пераможным гонарам зазначаў: затое ў мяне шапка — як у Гастэлы!

Пра Гастэлаў подзьвіг, зьдзейсьнены 26 чэрвеня 1941 году, шмат гаварылі і ў школе. Разглядалі каляровы малюнак у чытанцы: ахоплены полымем бамбавоз вось-вось урэжацца ў танкі з крыжамі, ад дарогі ва ўсе бакі ў жаху разьбягаюцца немцы... Хаця даводзілася чуць ад старэйшых і згадкі пра нейкі самалёт, што, загарэўшыся, паласнуў па фашыстоўскай калёне з кулямёта, а потым упаў у балота ля суседніх Мацкоў. Але для нас, юных піянэраў, гэта выглядала палітычна несьвядомымі байкамі. Кананічны варыянт падаваўся бездакорна прыгожым.

Значна пазьней, пры канцы 90-х, рэжысэр Анатоль Алай зробіць дакумэнтальны фільм зь іншай трактоўкай падзеяў. Стужку, у лепшых савецкіх традыцыях, пакладуць на паліцу...

Я ня мкнуся ўваткнуць свае тры грашы ў спрэчку дасьледчыкаў. Так ці іначай, гісторыя пра Гастэлу і ягоных аднапалчанаў, у якой так і не расстаўлены кропкі над "і", а многія сьведчаньні страчаныя назаўсёды, лішні раз паказвае: для савецкай ідэалягічнае машыны на першым пляне было не скрупулёзнае дасьледаваньне праўды пра вайну, а імкненьне зрабіць узорную прапагандовую карцінку.

Зрэшты, ці дарэчы тут мінулы час? Традыцыі саўковай прапаганды квітнеюць у нас і па сёньня. На вачах лепяцца ды зацьвердзяваюць міталягемы найноўшай гісторыі (прыкладам, пра мудрае кіраўніцтва, што ўратавала краіну ад вакханаліі дзікіх нацыяналістаў, якія ўжо былі пасадзілі ўсіх этнічных расейцаў на валізкі...).

Ну а што да Гастэлы, Маслава ды іншых лётчыкаў 207-га авіяпалку, то ўсе яны былі героямі ўжо таму, што ляцелі на амаль немінучую пагібель. У пазьнейшы лібэральны час зьявіцца нават выраз "савецкія камікадзэ".

Бамбавозы ДБ-3Ф (сама абрэвіятура азначае "далёкі бамбавоз", з такіх ў жніўні 1941 году ўпершыню скінуць бомбы на Бэрлін) не былі прызначаныя для штурмоўкі з малой вышыні. Але іншую авіяцыю немцы адразу спалілі на аэрадромах. Так што, сапраўды, пілёты 207-га палку фактычна апынуліся ў ролі сьмертнікаў. Тым болей што мусілі лётаць без прыкрыцьця зьнішчальнікаў. Паводле некаторых крыніцаў, з 22 па 30 чэрвеня 1941 году загінула 16 экіпажаў 207-га авіяпалку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?