У выніку аварыі на Брэсцкім мясакамбінаце адбыўся выкід аміяку.

Як паведаміў БелаПАН памочнік начальніка абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Машноў, тэлефанаванні брэстаўчан аб тым, што ў мікрараёне Рэчыца яны адчуваюць у паветры пах аміяку, пачалі паступаць у цэнтр аператыўнага кіравання на пачатку дзесятай гадзіны вечара 8 мая.

У ААТ «Брэсцкі мясакамбінат», які размешчаны на тэрыторыі мікрараёна, прыбыло шэсць аддзяленняў МНС. З дапамогай спецыяльных сродкаў яны нейтралізавалі першаснае воблака, асадзілі пару аміяку і абмежавалі яе распаўсюджванне. Поўнасцю аварыя была ліквідавана ў 22.45. Праведзеныя пасля гэтага замеры паказалі адсутнасць небяспечнай канцэнтрацыі аміяку. Прычына аварыі ўстанаўліваецца. Паводле папярэдняй версіі, адбылося разбурэнне трубаправода нізкага ціску падачы холадагента (труба дыяметрам 219 мм ішла з кампрэсарнай у пяльменны цэх).

«Нягледзячы на тое што дзяжурны машыніст перакрыў засаўку і спыніў падачу аміяку ў трубаправод, адбыўся выкід 50 кг аміяку. Першаснае воблака асела ў будынку кампрэсарнай станцыі. Асноўная маса засталася ў цэху. Нязначная частка аміяку праз паветраводы ветыляцыйнай сістэмы трапіла ў атмасферу», — сказаў С.Машноў.

Паводле яго слоў, у выніку аварыі пацярпеў падлетак 1992 года нараджэння, які ў гэты час знаходзіўся непадалёк ад месца здарэння. Ён шпіталізаваны. Цяпер стан яго здароўя не выклікае апасенняў.

9 мая адбудзецца пасяджэнне камісіі па НС пры гарвыканкаме па ўстанаўленні дакладных прычын аварыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?