Мясцовая міліцыя, як і год таму, падазрае мастака Алеся Пушкіна.

Другі год запар з 8 на 9 траўня ў мястэчку Бобр (Крупскі раён) невядомыя псуюць помнік герою Савецкага Саюзу Васілю Чабатарову. Летась помнік аблілі чорнай фарбай і зрабілі надпіс «Далоў расейскіх акупантаў зь дзяржаўных пасадаў незалежнай Рэспублікі Беларусь!» У мастака Алеся Пушкіна быў зроблены ператрус, канфіскаваныя часопіс «ARCHE», газэты «Наша Ніва» і «Беларуская салідарнасьць», брашуры Зянона Пазьняка. Сам мастак 3 сутак правёў у пастарунку ў Крупках хоць віну яго так і ня здолелі давесьці.

Сёлета 8 траўня невядомыя зьбілі верх пліты і зорку з помніку СМЕРШаўцу. Алесь Пушкін ізноў апынуўся пад падазрэньнем крупскіх міліцянтаў. Маёр міліцыі Аляксандар Кішкурна ды прапаршчык Павал Голубеў наведаліся да яго з допытам. Паводле словаў міліцыянтаў, мясцовыя людзі сказалі, што такое мог зрабіць толькі Пушкін. Мастак толькі што вярнуўся з Польшчы, у чым, пабачыўшы адзнакі ў яго пашпарце, змаглі ўпэўніцца міліцыянты. Ён патрабаваў складаньня пратаколу па‑беларуску, аднак міліцыянты не задаволілі яго патрабаваньне. Прэтэнзіяў да А. Пушкіна ў супрацоўнікаў міліцыі няма. Сёньня ён наведаў сьвяточны мітынг у Бабры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?