Чорныя судзьдзі часьцей караюць фаламі белых спартоўцаў і наадварот — белыя часьцей заўважаюць памылкі чорных, — піша «New York Times», спасылаючыся на дасьледаваньні навукоўцаў. У ЗША, дзе расізм па‑ранейшаму вострая тэма, артыкул выклікаў нямала эмоцыяў.

Даклад Джастына Ўолфэрза (прафэсар Унівэрсытэту Пэнсыльваніі) i Джозэфа Прайса (эканаміст з Корнэлскага ўнівэрсытэту) складае 43 старонкі, дзе аналізуюцца ўсе назіраньні за матчамі 1991—2004 г. Навукоўцы тлумачаць, між іншым, што яны бралі пад увагу такія дэталі, як пазыцыі спартоўцаў, статус гульцоў (зоркі, вэтэраны, дэбютанты), час гульні, індывідуальныя статыстыкі, атрыманыя штрафы i ранг матчаў. Пасьля разбору недзе каля 250 тыс. першых выступаў паасобных спартоўцаў з НБА Ўолфэрз i Прайс прыйшлі да высновы, што чорныя спартоўцы атрымліваюць больш фалоў, калі ў тройцы судзьдзяў болей белых арбітраў. У 1991—2004 гг. 68% судзьдзяў у НБА складалі белыя, a 77% матчаў вялі тройкі судзьдзяў, дзе пераважалі белыя. Чорныя спартоўцы складалі ў той пэрыяд значную большасьць (83%).

Навукоўцы пайшлі далей і высунулі радыкальны тэзіс: чым больш чорных спартоўцаў у камандзе, тым меншыя шанцы яна мае на перамогу. «Калі перафарбаваць аднаго з гульцоў у белы колер, тады выйграеш болей матчаў», — кажа наўпрост Ўолфэрз.

НБА запратэставала. «Артыкул узьнік на падставе дакумэнту, аўтары якога сыходзяць зь няправільных меркаваньняў i фармулююць непраўдзівыя высновы», — сьцьвердзіў Джоэл Літвін, адзін з кіраўнікоў лігі, асабліва падкрэсьліваючы тое, што навукоўцы бралі пад увагу фалы, якія прызначалі не канкрэтныя судзьдзі, але цэлыя тройкі.

Пасьля таго, як НБА атрымала дасьледаваньні Ўолфэрза і Прайса, яна хутка зрабіла свой аналіз — незалежная ад лігі кансалтынгавая фірма праглядзела запісы 3482 матчаў з 2004—2007 гг. — Нашыя экспэрты прааналізавалі больш за 155 тыс. фалоў, зьвяртаючы ўвагу на кожнае рашэньне канкрэтнага судзьдзі. Яны ня выявілі хоць якой‑кольвек расісцкай прадузятасьці. Ня ведаю, чаму аўтары артыкула ня ўзялі пад увагу наш даклад — падкрэсьліў Літвін.

Шэф спартовага аддзелу ў New York Times Том Джолі адбівае закіды кіраўнікоў лігі, спасылаючыся на аўтарытэты чарговых навукоўцаў. «Наш журналіст Алан Шварц правёў тры тыдні, дыскутуючы з актывістамі НБА пра высновы абодвух дакладаў. У дадатак мы папрасілі выказаць сваю думку трох незалежных экспэртаў з розных акадэмічных асяродкаў. Яны былі згодныя ў тым, што дасьледаваньне Ўолфэрза і Прайса лепшае з аналітычнага пункту гледжаньня», — кажа Джолі. Адзін з экспэртаў — Лэры Каца з Гарвардзкага ўнівэрсытэту — наўпрост раскрытыкаваў даклад НБА. «Цяжка зарыентавацца, пра што там увогуле ідзе гаворка. А калі і зарыентуесься, то немагчыма зрабіць якіх‑кольвек высноваў», — сьцьвердзіў Кац.

Даклад навукоўцаў крытыкуюць самыя спартоўцы. «Мне падаецца, што болей тэхнічных фалоў я атрымаў ад чорных судзьдзяў, чым ад белых», — заявіў найлепшы галеадор у гэтым сэзоне Кобі Браянт зЛёс‑Анджэлас Лэйкерз. «Гэта глупства», — ацаніла дасьледаваньне Ўолфэрза і Прайса зорка маладога пакаленьня ЛеБрон Джэймз з «Кліўлэнд Кавальерз». Вядомы вострымі камэнтарамі былы спартовец Чарльз Барклі гэтым разам быў спакойны i аб’ектыўны: «Мяне найбольш раздражняе тое, што гэтыя дасьледчыкі нават не хадзілі на матчы».

A Джон Голінджэр — статыстык і аналітык «ESPN», які займаецца НБА, — наагул не надаў значэньня высновам навукоўцаў. «Дасьледаваньне па сутнасьці паказвае, што прадузятасьць судзьдзяў адносна спартоўцаў зь іншым колерам скуры вельмі малая. Проста неістотная», — напісаў Голінджэр у сваім блогу. Паводле навукоўцаў, чорны спартовец атрымае на 0,16 фалоў болей на працягу 48 хвілінаў гульні, калі судзіць будуць тры белыя арбітры, а ня тры чорныя. Голінджэр жа падлічыў на прыкладзе ЛеБрона Джэймза (3190 хвілінаў на пляцоўцы, найболей у гэтым сэзоне), што пітчэр Cleveland за ўвесь сэзон мог мець усяго на 11 фалоў болей. Пры нерэальнай перадумове, што матчы «Кліўлэнд» праводзілі б толькі белыя судзьдзі, бо часьцей за ўсё склад тройкі судзьдзяў зьмяшаны.

Ўолфэрз абараняецца: «Гаворка не ідзе пра тое, каб паказаць, як адна група людзей ненавідзіць другую. Дасьледаваньне паказвае больш шырокую зьяву, безумоўны, падсьвядомы рэфлекс. Сутыкаюцца два спартоўцы. Ёсьць выбар — штрафаваць за блёк з парушэньнем правілаў альбо фол у атацы. Ці колер скуры спартоўцаў нейкім чынам паўплывае на тваё рашэньне?»

Падобным чынам выказваецца Дэйвід Бэры) са Стэйт‑унівэрсытэту Каліфорніі: «Гаворка ідзе не пра баскетбол, а пра тое, што адбываецца на сьвеце. Пра прыроду працэсу прыняцьця рашэньняў, асабліва ў выпадку, калі тыя, хто ацэньвае, адносяцца да іншай групы, чым тыя, каго ацэньваюць. З той прычыны, што НБА галоўным чынам афраамэрыканская, то, можа, трэба, каб у ёй было болей судзьдзяў афраамэрыканцаў? З той самай прычыны, зь якой у кварталах, дзе жывуць чорныя, рэдка пабачыш белых паліцэйскіх».

Вольга Данішэвіч, паводле gazeta.pl

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0