Лідэр дэмакратычных сілаў Беларусі Аляксандр Мілінкевіч накіраваў адкрыты ліст старшыні Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэту Аляксандру Антоненка з просьбай спыніць распачатую «рэканструкцыю» старога Гродна.

«Прашу Вас спыніць рэалізацыю распачатай «рэканструкцыі» старога горада. Я гатовы прыняць актыўны ўдзел у распрацоўцы сучаснай праграмы адраджэння гістарычнай часткі Гродна і праектаў рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры. У мяне ёсць магчымасць далучыць да гэтай працы лепшых экспертаў і рэстаўратараў Еўропы. Прапаноўваю супрацоўніцтва на карысць любімага горада.»

«Нашы горад адзіны ў Беларусі захаваў вялікую частку гістарычнай забудовы. Каштоўнасцю з’яўляецца ўвесь комплекс старога горада, а не толькі асобныя помнікі архітэктуры. Сёння ў нас ёсць добры шанец унесці Гродна ў спіс гарадоў культурнай і гістарычнай спадчыны ЮНЭСКА. Пасля правядзення «рэканструкцыі» такая магчымасць практычна знікне», — адзначае Аляксандр Мілінкевіч у сваім лісце.

Лаурэат прэміі ім.Сахарава падкрэслівае, што архітэктурным помнікам Гродна патрэбная не рэканструкцыя, а рэстаўрацыя.

«У дачыненні да нашага старога горада варта выкарыстаць не тэрмін «рэканструкцыя» (перабудова), а рэстаўрацыя. Мяне перапаўняе боль магчымай страты сімвала Гродна — Каложскай царквы ХII стагоддзя. Будзе злачынствам яе «рэканструкцыя», храму неабходна навуковая рэстаўрацыя. Спроба адбудаваць разбураную часам яго частку ў выглядзе муляжа з імітацыяй старажытных муроў фактычна знішчыць унікальны помнік беларускай архітэктуры. Каложа патрабуе «празрыстай рэстаўрацыі»: адноўленная сцяна павінна па структуры і матэрыялу адрознівацца ад існуючай. Толькі ў гэтым выпадку царква захавае статус помніка еўрапейскага значэння.»

Аляксандр Мілінкевіч звяртае ўвагу старшыні Гродзенскага гарвыканкама на ацэнку яго дзейнасці нашчадкамі.

«Аляксандр Ілліч, час, гісторыя, нашчадкі дадуць ацэнку Вашай дзейнасці на пасту старшыні Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэту. Я шчыра не хачу, каб Вы ўвайшлі ў гісторыю Гродна як мэр‑разбуральнік. Няма нічога горш славы Герастрата.»

Milinkevich.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0