Эліта разумее: кварталы, у якіх яна жыве, выразна розьняцца ад «непрэстыжных». У прыватнасьці, колькасьцю «талерак» на дахах.

Пасьля таго як запуск першага беларускага спадарожніка БелКа скончыўся няўдачай (ракета‑носьбіт узарвалася на старце з касмадрому ў Байкануры), нарадзілася нямала жартаў на гэты конт. Адзін зь іх быў такі: ДАІ Беларусі распрацавала новы папяраджальны дарожны знак «Асьцярожна, нізкалятучыя спадарожнікі!».

Талеркай па галаве

Нядаўняе зьяўленьне інфармацыі аб запуску ўвосень польскага тэлевізійнага праекту «TV Belarus», напэўна, выклікала ў кіраўніцтва Беларусі непрыемныя асацыяцыі на касьмічныя тэмы. Толькі, зразумела, яму вельмі хацелася б, каб гэты праект таксама пацярпеў няўдачу на самым старце. Як вядома, Аляксандар Лукашэнка назваў гэты праект «дурацкім». Іншай рэакцыі цяжка было чакаць. Але сам факт, што кіраўнік дзяржавы рэагуе на інфармацыю аб будучым тэлевяшчаньні на Беларусь, гаворыць аб тым, што гэтая інфармацыя ўспрымаецца на самым версе ўлады вельмі сур’ёзна.

Яшчэ больш гаворыць за сябе намер уладаў забараніць тэлеталеркі для прыёму спадарожнікавага тэлебачаньня. Пра першыя такія спробы ў Лідзе «Наша Ніва» падрабязна пісала. Барацьба вядзецца пад выглядам датрыманьня тэхнікі бясьпекі й клопату пра здароўе грамадзянаў. Маўляў — няправільна ўсталяваная антэна на сьцяне альбо даху шматпавярховага будынку можа зваліцца на галаву выпадковаму мінаку. І хто тады будзе адказваць — ЖЭС? Дарэчы, у інструкцыі, якая была прынятая ўладамі яшчэ ў 1994‑м і цяпер выцягнутая на сьвет, згадваецца яшчэ адна, куды больш цікавая падстава, паводле якой жыхарам шматкватэрнага дому можа быць адмоўлена ва ўсталяваньні талерак. А менавіта — калі ваш дом далучаны да сеткі кабэльнага тэлебачаньня альбо на ім усталяваная адпаведная антэна для яго прыёму, ставіць індывідуальную талерку вы ня маеце права. То бок мясцовая ўлада за вас вырашае, якія пакеты тэлеканалаў якіх кампаніяў вам глядзець, а якія — не.

Ня трэба думаць, што ў 1994‑м чыноўнікі ў Беларусі былі ўжо настолькі ідэалягічна пільнымі й глядзелі гэтак далёка наперад, у год 2007‑ы. Зьяўленьне такой пастановы альбо інструкцыі было прадыктавана, хутчэй, чыста мэркантыльнымі інтарэсамі. Усе кабэльныя сеткі, калектыўныя антэны і г.д. прыносяць прыбытак ня толькі фірмам, якія гэтым займаюцца, але й дзяржаве. Канкрэтна — мясцовым чыноўнікам. Чым больш забаронаў і інструкцыяў, тым больш падставаў для хабарніцтва.

Чалавек жа, усталяваўшы ў сябе спадарожнікавую антэну й цюнэр, якія робяцца з кожным годам усё больш даступнымі паводле цаны, і заплаціўшы за ўсталяваньне, можа пляваць згары на ўсіх чыноўнікаў зь іх ліцэнзіямі ды абмежаваньнямі. І гэта прыводзіць іх у шал.

Нікому, улучна з найвышэйшым начальствам, па вялікім рахунку няма справы да таго, што канкрэтна будзе паказваць «TV Belarus». Ніхто яго яшчэ ня бачыў. І ці будуць перадачы незалежнага беларускага тэлеканалу з‑за мяжы настолькі цікавымі, што глядач аддасьць яму перавагу сярод тысячаў іншых каналаў, якія можна глядзець праз спадарожнікі Хотбёрд і Сырыюс, невядома. Нават калі выключыць з тых тысячаў каналы на арабскай, кітайскай, бэнгальскай ды іншых экзатычных мовах, выбар застаецца надзвычай багатым. Спаборнічаць з тым самым RTVI, з польскімі ды ўкраінскімі тэлеканаламі, ды нават з «АджараТВ» зь яго заходнімі фільмамі (як правіла — высакаякаснымі), ды яшчэ з расейскамоўнай агучкай, вельмі няпроста.

Свабода запінгу

Але ідэалягічнае начальства ня можа не разумець (ці на ўзроўні інстынкту не адчуваць) небясьпеку, якая навісла над лукашэнкавай Беларусьсю ў простым і пераносным сэнсе слова.

Спадарожнікавае тэлебачаньне (ня толькі «TV Belarus») дае грамадзянам альтэрнатыву, свабоду выбару. Кожны ўладальнік спадарожнікавай антэны ў спалучэньні з кампутарам можа ня проста выбіраць каналы, але стварыць уласную тэлепраграму. Чалавека, які падсеў на «спадарожнік», ужо не прымусіш глядзець БТ і іншых з навязьлівай і бязьмежна тупой тэлерэклямай. Перад гледачом, незалежна ад ягонай суб’ектыўнай волі, адчыняецца сьвет ва ўсёй яго разнастайнасьці. Канечне, можна казаць, што гэта ілюзія, што мэдыі ствараюць скажоны адбітак рэальнасьці. Але тэлебачаньне даўно зрабілася яе неад’емнай часткай. Яно дыктуе свае законы ўспрыняцьця рэчаіснасьці.

Яно спарадзіла, напрыклад, такую зьяву, як «запінг» (калі глядач дзеля забавы адвольна скача з аднаго каналу на другі, пераключаючы карцінку з дапамогай дыстанцыйнага пульту). Стыль «запінгу» можна назіраць у большасьці сучасных кліпаў, фільмаў. Адна амэрыканская камедыя 1988‑га так і называлася: «Пераключаючы каналы».

Дый сама рэчаіснасьць у наш час усё больш нагадвае «запінг», дзе спалучаюцца неспалучальныя рэчы. Хакей і вайна з тэрарызмам. Сарказі і Руаяль. Калдун і Філарэт. Пагромы і ўскладаньне кветак да Бронзавага жаўнера.

Нехта з амэрыканскіх сацыёлягаў заўважыў, што тэлебачаньне, несумненна, цікавейшае за чалавека. Інакш людзі, а не тэлевізары, стаялі б на ганаровым месцы ў куце кожнай кватэры.

Калі сур’ёзна, сёньня яшчэ тэлебачаньне, а не інтэрнэт (хоць зь цягам часу яны зьліюцца), дамінуе ў сродках масавай камунікацыі. І таталітарная ўлада будзе імкнуцца захаваць татальны кантроль над тэлеканаламі. Хоць гэтыя спробы робяцца ўсё больш прывіднымі з разьвіцьцём сучасных камунікацыйных тэхналёгіяў.

Тое, што большасьць уладальнікаў спадарожнікавых талерак, як і большасьць тэлегледачоў ва ўсім сьвеце, аддае перавагу перадачам забаўляльным і спартовым, справы не мяняе. Гэта толькі ўскладняе сытуацыю для ўлады. Бо, здымаючы талеркі з мэтай не дапусьціць прагляду апазыцыйнага каналу, яна мусіць адабраць у насельніцтва саму магчымасьць глядзець спадарожнікавае тэлебачаньне.

Ці гатовыя ўладальнікі талерак — найбольш перадавая, актыўная і заможная частка аўдыторыі — адмовіцца ад іх? Для многіх талерка зрабілася такой самай неад’емнай часткай жыцьця, як аўтамабіль, мабільны тэлефон, загарадны дом.

Тэлебачаньне не для ўсіх

У дзяржаве, дзе магчымая татальная канфіскацыя талерак, магчымая і канфіскацыя аўтамабіляў, тэлефонаў, прыватных дамоў разам зь зямлёй.

І хоць поўная канфіскацыя спадарожнікавых антэнаў не ўдалася нават у Іране, выключаць такое ў постсавецкай дзяржаве, улады якой імкнуцца захаваць савецкія традыцыі, нельга.

Размова не пра інтэнцыі ўлады, у якой няма ніякіх маральных ці нават рацыянальных абмежаваньняў. Размова пра грамадзтва, у якім за апошнія дзесяцігодзьдзі ня толькі не сфармаваліся, але амаль што згасьлі грамадзянскія інстынкты — здольнасьць і жаданьне адстойваць свае элемэнтарныя правы. У тым ліку права на інфармацыю. І права карыстацца роднай мовай.

Выхад у этэр «TV Belarus» можа стаць лакмусавай паперкай, праверкай грамадзтва — і адначасова ўлады — на здольнасьць успрымаць нешта новае і разьвівацца ў прынцыпе.

Хутчэй за ўсё, спадарожнікавыя антэны ня зьнікнуць. Але іх можа стаць значна меней. Не абавязкова здымаць усе талеркі запар. Дастаткова пакараць высокімі штрафамі некалькі чалавек, і астатнія паасьцерагуцца ставіць антэны без дазволу.

Дазвол будзе выдавацца толькі выбраным — чыноўнікам высокага рангу, набліжаным да ўлады прадпрымальнікам, артыстычнай, музычнай, літаратурнай, навуковай і іншай афіцыйнай эліце.

Нешта падобнае ў гісторыі ўжо было. Прычым зусім нядаўна. Сыстэма закрытых разьмеркавальнікаў, створаная за камуністычным часам, ахоплівала на пачатку 80‑х увесь СССР. Закрытыя (дакладней — адкрытыя для нямногіх) крамы і сталовыя, закрытыя атэлье, закрытыя лазьні і саўны, закрытыя курорты... А былі яшчэ закрытыя кінапрагляды. І гэта прыносіла тагачаснай савецкай эліце найвышэйшы кайф. Яшчэ большы, чым магчымасьць жэрці бутэрброды з чорнай ікрой ці дэфіцытнай на той час сухой каўбасой па зьніжанай для эліты цане. (Падачкі для вэтэранаў у выглядзе харчовых пайкоў да Дня Перамогі агульнай карціны не мянялі).

Усе заходнія фільмы, забароненыя да паказу ў шырокім пракаце (напрыклад, у што цяжка паверыць, «Палёт над зязюльчыным гняздом» Мілаша Формана), партыйнае начальства і дзеячы культуры з партбілетамі маглі бачыць на закрытых сэансах. У тым ліку, на кінастудыі «Беларусьфільм», куды, як на любое рэжымнае прадпрыемства, можна было трапіць толькі з пропускам.

Важным было не эстэтычнае задавальненьне, атрымаць якое большасьць «дапушчаных» было проста няздольнае з‑за адсутнасьці густу ці інтэлекту, а тое, што яны былі далучаныя да «таямніцы», якая і складае моц бюракратычнай дзяржавы.

У пераважнай масы савецкіх людзей закрытыя разьмеркавальнікі выклікалі нянавісьць яшчэ большую, чым недахоп прадуктаў і рост цэнаў на іх. Чым гэта скончылася для камуністычнай эліты, добра вядома.

Але цяперашнія ўлады, як тыя Бурбоны, усё памятаюць і нічому не навучыліся.

Афіцыйная забарона ўжываць у рэкляме тэрміны «элітнае жыльлё» і «прэстыжны раён» гаворыць аб тым, што сама эліта выдатна разумее: кварталы, у якіх яна жыве, выразна адрозьніваюцца ад «непрэстыжных». У прыватнасьці, элітныя дамы рэзка вылучаюцца колькасьцю талерак на іх.

БТ ж, у адрозьненьне ад сатэлітнага TV, становіцца тэлебачаньнем для бедных, сурагатам.

Як доўга беларускі глядач будзе задавальняцца сухім пайком? Пытаньне адкрытае. Адказ у немалой ступені залежыць і ад таго, што зможа прапанаваць «TV Belarus».

Але гэта ўжо тэма зусім іншай размовы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?