У красавіку ў Брусэлі адбылася сустрэча эўрапейскай экспэртнай группы высокага ўзроўню па пытаньнях разьвіцьця электронных бібліятэкаў, падчас якой былі абмеркаваныя пэрспэктывы сфэры.

У паседжаньні групы прынялі ўдзел прадстаўнікі British Library, Deutsche Nationalbibliothek, Federation of European Publishers і Google.

На погляд экспэртаў, разьвіцьцё гэтага накірунку інфармацыйных тэхналёгіяў патрабуе заключэньня маштабных пагадненьняў паміж бібліятэкамі і ўласьнікамі інтэлектуальных правоў. Падобныя пагадненьні значна аблегчаць працэс пераводу ў лічбавы фармат дакумэнтаў, лічаць прадстаўнікі экспэртнай групы.

На сёньняшні дзень бібліятэкі трацяць шмат часу на атрыманьне дазволаў на публікацыю электронных вэрсіяў тых ці іншых кнігаў. Часта яны нават і не пачынаюць гэты працэс з‑за складанасьці вызначэньня ўласьніка правоў альбо з‑за іх вялікай колькасьці.

У 2005 годзе Эўрапейская Камісія прыняла ініцыятыву «і2010», накіраваную на разьвівцьцё інфармацыйных тэхналёгіяў у ЭЗ. Адным з элемэнтаў стратэгіі было стымуляваньне разьвіцьця электронных бібліятэкаў, перавод у лічбавы фармат клясычных твораў эўрапейскай культуры і электроннага захоўваньня старых і рэдкіх дакумэнтаў. У 2006 годзе Камісія апублікавала Рэкамэндацыю па пытаньнях алічбоўваньня і электроннага захоўваньня, якая заклікала дзяржавы‑члены ЭЗ да больш актыўнай дзейнасьці ў гэтым накірунку.

Адной зь ініцыятываў у гэтай сфэры стала электронная бібліятэка Europeana, створаная пры непасрэдным удзеле Французскай нацыянальнай бібліятэкі.

Больш падрабязна

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0