Ад рэдакцыi да вёскi Блонь Пухавiцкага раёна — каля шасцiдзесяцi кiламетраў. Менавiта тут жыве i працуе «на благо Родины» апазiцыйны палiтык Мiкалай Статкевiч. Што мы пра яго ведаем? У 1978-м скончыў Мiнскае ваеннае iнжынернае вучылiшча. Служыў у войсках супрацьпаветранай абароны ў Арктыцы. Кандыдат навук, падпалкоўнiк запасу. У 1991-м у знак пратэсту супраць падзей у Вiльнюсе выйшаў з КПСС, кiраваў сацыял-дэмакратычнай «Народнай Грамадой», «Беларускiм згуртаваннем вайскоўцаў», у свой час надаваў «па фэйсу» за прапагандысцкi фiльм рэжысёру Юрыю Азаронку... За арганiзацыю вулiчных дэманстрацый пратэсту супраць вынiкаў рэферэндуму 1994 года асуджаны на 2 гады зняволення з адбываннем пакарання на «хiмii». У вераснi мiнулага года пераведзены з Баранавiч у Блонь.

Кандыдат навукi «Iндустрыя»

...Некалi саўгас «Iндустрыя», што ў Блонi, грымеў на ўвесь Саюз. Яшчэ б! Гаспадаркi саюзнага падпарадкавання не мелi патрэбы нi ў чым, былi багатымi i карысталiся першачарговым забеспячэннем. Гэта зараз адзiнкi аўтатрактарнай тэхнiкi ў РСУП «Iндустрыя» — па пальцах пералiчыць можна, а раней, расказваюць, было каля 70 трактароў, не адзiн дзесятак камбайнаў... Больш за два гады трактары ў гэтай гаспадарцы не працавалi — iх перадавалi ў «звычайныя» калгасы, а сюды, у племзавод, Масква ўкладвала мiльёны. Потым раптоўна ўсё гэта шчасце скончылася.

Сёння, напэўна, каб хоць нейкiм чынам дапамагчы гаспадарцы, краiна накiравала ў «Iндустрыю» на пасаду слесара па рамонце электраабсталявання аўтатрактарнай тэхнiкi кандыдата тэхнiчных навук, спецыялiста па аўтаматызаваных сiстэмах кiравання Мiкалая Статкевiча, да якога я накiроўваюся на механiчны двор, каб не вельмi «свяцiцца», па «патаемных» сцяжынках.

А вось сам Мiкалай Вiктаравiч, якi сустракае мяне на вулiцы, сам аж свецiцца. Наколькi я ведаю, па жыццi ён заўсёды быў аптымiстам.

Рабочы кабiнет Мiкалая Статкевiча

«Калi восем месяцаў таму я сюды прыехаў, увесь другi паверх тут быў закiнуты, — распавядае Мiкалай Статкевiч i вядзе мяне ў свой рабочы кабiнет (на фота). — Я ўсё гэта дабро разгроб, таму што ведаў: калi не забяспечу сабе рабочае месца, то кiнуць у якi-небудзь горшы куток. Зрабiў асвятленне, рамантую стартэры, генератары, усё, што прынясуць, па электрыцы. Але тэхнiкi зусiм мала, усяго некалькi рабочых адзiнак, а таму выконваю i iншую работу. Мяшкi цягаю, шыны ў зямлю паўкопваў, каб зрабiць прыгожую агароджу. Могуць патэлефанаваць i сказаць, каб загрузiў мяшкоў семдзесят мукi на прычэп».

Раней у рабочым кабiнеце Мiкалая Статкевiча быў клас. Затым мясцовыя «плюшкiны» паабдзiралi па начах усё, што можна было абадраць. Зараз тут адносная цывiлiзацыя. Ля вакна — стол Статкевiча, на якiм месцяцца нейкiя элетрапрылады, на другiм баку — ложак, шафы. У гэтым жа пакойчыку пераапранаюцца i маладыя спецыялiсты, якiх Мiкалай Вiктаравiч таксама ласкава называе «хiмiкамi».

— Усе яны прымусова сюды размеркаваны пасля каледжа, — тлумачыць мне суразмоўца. — Я iм кажу: «Дык вам жа, атрымлiваецца, таксама далi два гады »хiмii», толькi без права на амнiстыю». Цывiлiзацыi мала, грошы таксама невялiкiя.

— А колькi Вы тут зарабляеце? — цiкаўлюся ў палiтыка, якi ў гэты час корпаецца ў генератары.

— Перадапошнi раз атрымаў 70 тысяч рублёў, а ў апошнi раз мой прафесiяналiзм, напэўна, лепш ацанiлi — далi аж 108 тысяч. Хоць, акрамя гэтага, ёсць яшчэ пенсiя падпалкоўнiка, i гэта асноўны сродак iснавання. Праўда, да гэтага часу плачу з яе 20 працэнтаў штрафу, якi мне далi два гады таму за выступленне на мiтынгу прадпрымальнiкаў. I вось жа дзiўная справа (Мiкалай Статкевiч смяецца) — тады на тым мерапрыемстве выступаў i вiцэ-прэм’ер Андрэй Кабякоў, але штраф далi чамусьцi толькi мне — каля 4 мiльёнаў рублёў. Выплацiў я ўжо недзе больш за трэць, хоць па законе зараз маю права на скасаванне штрафу...

Плюсы i мiнусы

Мiкалай Статкевiч гаворыць, што Блонь яму падабаецца. Добрае месца, добрыя людзi. Ды i рэжым не той, што ў Баранавiчах, дзе, па сутнасцi, быў турэмны парадак — з кратамi, прыдзiрлiвымi праверкамi i гэтак далей. Тут вясковы раён, камендатура за 15 кiламетраў, у Сiтнiках. «Хiмiкi» жывуць у Блонi ў iнтэрнаце альбо ў хатках, аднак ёсць i пэўныя абмежаваннi. Напрыклад, нельга выязджаць за межы калгаса, нельга выходзiць з iнтэрната з 22.00 да 6 гадзiн ранiцы, нельга ўжываць алкаголь. Але не трэба, як у Баранавiчах, кожны вечар адзначацца.

«Усе гэтыя патрабаваннi я выконваю, — зазначае Мiкалай Статкевiч. — I першыя два месяцы ў мяне быў вельмi жорсткi рэжым. Працаваў па чатырнаццаць гадзiн у суткi без выхадных i перапынкаў на абед. Рабацягi тут са мной у дзве змены гарбацiлiся — адны выдыхнуцца, другiя падыходзяць. Натуральна, што па Працоўным кодэксе рабочы павiнен працаваць толькi 40 гадзiн на тыдзень, больш — толькi са згоды рабочага. Я падняў гэтае пытанне ў прэсе, мяне сталi »павучаць»: «Если это не прекратится, то пеняйте на себя...» Кажу iм: «Не прекратится». У рэшце рэшт на працягу некалькi тыдняў я свайго дасягнуў — спачатку мне зрабiлi васьмiгадзiнны рабочы дзень, а затым з’явiлiся i выхадныя. Так што ўсё нармальна тут, адзiная праблема — бацька. Ён жыве ў Баранавiчах адзiн, яму 80 гадоў, перанёс анкалогiю, псiхалагiчна яму вельмi цяжка. Пускалi мяне з Блонi да яго за восем месяцаў толькi тры разы. Хоць, увогуле, мне засталося адбываць пакаранне менш за тры месяцы. Дарэчы, усе хто больш-менш прыстойна сябе паводзiць i адбыў трэць тэрмiну, ужо даўно адпраўлены дадому. Я ж, не маючы нiводнага спагнання да гэтага часу, знаходжуся ў такой сiтуацыi. Ды мне, па вялiкiм рахунку, ужо i не патрэбна iх вызваленне, спадзяюся толькi на адно — што не будзе правакацый. Хоць мяне папярэдзiлi, што такое магчыма, а таму зараз вымушаны нават рабiць свае асабiстыя вобыскi. Па законе я павiнен выйсцi на свабоду 27 лiпеня».

Дай Бог нам здароўя!

У гэты час Мiкалай Вiктаравiч папраўляе над сваiм сталом iконку — нiбыта просiць дапамогi ў Бога — i тлумачыць: «Слава Сiўчык падарыў. Iконка каталiцкая, я — праваслаўны, але ж Бог адзiн. Няхай вiсiць».

З царквой у Мiкалая Статкевiча своеасаблiвыя адносiны. Ён любiць прыйсцi ў 180-гадовую драўляную царкву, што таксама месцiцца ў Блонi, застацца сам-насам з Богам, паставiць свечку... Але аднойчы палiтыка ледзь не «адлучылi» ад царквы.

«Да мяне пастаянна прыязджаюць партыйцы, калегi па каалiцыi, праводзiм тут нават пасяджэннi, — успамiнае ён. — I так атрымалася, што адно такое мерапрыемства правялi ў двары мясцовай царквы, пра што я i расказаў знаёмаму радыёжурналiсту, якi ўсё гэта выдаў у эфiр. А на наступны дзень вырашыў я схадзiць у царкву, гляджу — сама яна адчынена, а калiтка ўжо замкнёная. Каб, значыцца, »вораг» не пракраўся. Недзе праз месяц кажу таму журналiсту па тэлефоне: «Што вы нарабiлi? Да Бога зараз не магу схадзiць». I ўжо на наступны дзень iду — адчынены вароты. Хутка зрэагавалi, вiдаць, увалiў Фiларэт!..»

Мiкалай Статкевiч расказвае, што да яго чатыры разы прыязджаў Аляксандр Мiлiнкевiч, у Баранавiчах на дзень нараджэння наведвалi Анатоль Лябедзька, Станiслаў Багданкевiч, Вiнцук Вячорка. Прыязджалi прадстаўнiкi АБСЕ, шведскай, нямецкай, чэшскай, славацкай, амерыканскай амбасад. Зазiрнуў неяк былы прэм’ер-мiнiстр Зямлi Брандэнбург, былi шведскiя парламентарыi i сацыял-дэмакраты...

— А гэта мая спартыўная зала (на фота), — Мiкалай Вiктаравiч вядзе мяне ў невялiкi пакойчык без дзвярэй. — Я тут на турнiку займаюся, душ змайстраваў. Кiпяцiльнiкам грэў вядро вады, рассцiлаў плёнку i штодня з кубка аблiваўся. Затым ваду збiраў у плёнку i выносiў... Фатаграфуйце хутчэй, я ж не магу вiсець на турнiку бясконца...

У «мiнi-спартзале» даведваюся, што, акрамя ўсяго iншага, увечары палiтык ходзiць яшчэ i ў трэнажорную залу, якая маецца ў вёсцы. Кампанiю яму складаюць школьнiкi, студэнты, некалькi жанчын, якiя мараць пахудзець, ды адзiн мясцовы культурыст.

«I кожны дзеньжыву ў «Надежде»...

З мехдвара накiроўваемся з Мiкалаем Статкевiчам у iнтэрнат, былы калгасны прафiлакторый з сiмвалiчнай для «хiмiкаў» назвай — «Надежда». Побач з iнтэрнатам — краязнаўчы музей i рачулка Цiтаўка. Месца вельмi маляўнiчае. На падыходзе да iнтэрната нас сустракае, як кажа Мiкалай Вiктаравiч, сябра дэмакратычнай апазiцыi i вораг усёй мiлiцыi сабачка па мянушцы Герой.

— На дух не пераносiць п’яных i мiлiцыянераў, — смяецца палiтык. — Апошнiя могуць нават у цывiльным прыходзiць, не дапамагае гэта iм. Сабака адразу такi вэрхал падымае, што Божа баранi!

У iнтэрнаце тры пакоi займаюць «хiмiкi», два пакоi адведзены для маладых спецыялiстаў, у адным жыве маладая сям’я. Першыя два месяцы Мiкалай Статкевiч жыў у пакоi на чацвярых, аднак затым яму нечакана, нягледзячы на супрацiў мiлiцыi, прапанавалi асобны пакойчык. Надпiс на iм таксама красамоўны — «Працэдурны кабiнет».

«Я думаю, што на гэта была санкцыя мясцовых службiстаў, — мяркуе Мiкалай Вiктаравiч. — Мабыць, вырашылi, што лепш кантраляваць Статкевiча ў асобным пакоi, дзе ў мяне таксама раз-пораз адбываюцца сустрэчы. Я падазраю нават, што ў пакоi ёсць не толькi аўдыё-, але i вiдэатэхнiка, бо пасля маiх сустрэч з дыпламатамi ў мой пакойчык абавязкова заходзяць супрацоўнiкi мясцовага КДБ i нейкi час там знаходзяцца. Хоць што тут слухаць i назiраць? Я ж нi ад каго не хаваюся, як не хаваюцца i тыя, хто да мяне прыязджае».

«Працэдурны кабiнет»

«Працэдурны кабiнет» хоць i невялiкi, аднак утульны. Ля ўваходу — умывальнiк, далей — ложак, насупраць — стол з радыёпрыёмнiкам i маленькiм тэлевiзарам. На ўсю сцяну над ложкам — таблiца Мендзялеева.

— Нямецкi амбасадар зайшоў, паглядзеў i сумна так кажа: «О, на »хiмii» вы маеце таблiцу Мендзялеева! Я разумею ваш чорны гумар...» — распавядае Мiкалай Статкевiч. — Я ж гэты пакойчык, дарэчы, таксама «даводзiў да розуму», бо раней тут батарэi капалi. Наняў зварку, бо ў калгасе аўтагена няма, адрамантаваў усё, заляпiў. Праўда, сценка прамокла i пачала лупiцца, але я наўмысна не клеiў шпалеры, бо калi пакой будзе занадта добры, то аддадуць другому.

Замест шпалераў на сценах — паштоўкi. Ад старэйшай i малодшай дачок, ад Iвонкi Сурвiллы, Вольгi Iпатавай, славацкага амбасадара... Карта Еўразii, спiс палiтзняволеных. Мiкалай Статкевiч выкрэслiвае з яго тых, хто ўжо вызвалiўся, аднак кажа, што ёсць адна невялiкая праблемка — Клiмава зноў трэба ўпiсваць. Вiсеў раней i здымак Сяргея Скрабца пасля галадоўкi — зараз на гэтым месцы красуецца адкормлены леў.

— Калi прыехаў, то змянiў ложак, прывёз з сабой малы старэнькi тэлевiзар, — успамiнае мой суразмоўца. — А па вёсцы адразу ж пайшлi гуляць чуткi: на «хiмiю» прыехаў нейкi «круты» — за iм везлi шыкоўны тэлевiзар i халадзiльнiк.

— Мiкалай Вiктаравiч, а што Вам звычайна прывозяць госцi?

— Паесцi прывозяць — садавiну, гароднiну, мясное нешта... У нас ёсць сталоўка, i два месяцы, падчас сезона, можна было харчавацца за дзесяць працэнтаў ад кошту. Але затым, калi стала стопрацэнтная аплата, усё гэта спынiлася, бо едакоў не стала. Я стаў харчавацца дома. Ранiцай звычайна п’ю каву, ёсць нейкая каўбаса, сала, агурок. У абед смажу яечню, вару суп з канцэнтрату альбо кашу. I абавязкова раблю салаты з зелянiны. Дзевяць кампанентаў як заправiш — душа радуецца! А ўвечары звычайна п’ю гарбату з сырам, адным словам, вяду здаровы лад жыцця. Цукар не ўжываю, аднак вязуць варэнне, асаблiва з Баранавiч ад бацькi. Быў вялiкi ўраджай яблык i слiў, бацька, нягледзячы на ўзрост, нарабiў закатак i перадае мне. Лiтра варэння на тыдзень мне хапае. Так вось i харчуюся... Я, да слова, сваiмi прадуктамi яшчэ i дзяўчатак, якiя прыехалi сюды па накiраваннi, падсiлкоўваю. На выхадныя можна адпрасiцца ў камендатуры i схадзiць у Мар’iну Горку на базар, дзе купляю зелянiну i садавiну. Пяць кiламетраў заўсёды iду пехатой — гэта цудоўны адпачынак. Раз у некалькi тыдняў адпрошваюся ў горад за дэталямi для мехмайстэрнi, якiя купляю за свае грошы. Я называю гэта платнай прагулкай. I ўсе задаволены.

На мажорнай ноце...

Мiкалай Статкевiч прызнаецца, што ў вольны час ён не толькi шмат чытае, але i столькi ж пiша. Брат, якi займаецца ва Украiне бiзнесам, падарыў яму цудоўную рэч — камунiкатар. Тут i мабiльны тэлефон, i камп’ютэр, i Iнтэрнет.

«Я артыкул для вашай газеты на 20 тысяч знакаў набраў на гэтым партатыўным камп’ютэры, якi на далонi змяшчаецца, за тыдзень, — прызнаецца палiтык. — Можна капаць ямiну ў полi, а затым падчас перакуру сесцi i набраць тэкст, якi прадумаў, пакуль капаў. У вольны час слухаю Радыё Свабода, Радыё »Рацыя», прыходзiць «Народная воля»... Вершы не пiшу, аднак у Баранавiчах напiсаў эсэ. Магчыма, чалавека ў крытычнай сiтуацыi цягне шукаць нейкую апору ў сваiх роздумах. Я напiсаў эсэ, каб патлумачыць сабе i самым блiзкiм, чаму я такi. I каб дапамагчы тым, хто апынуўся ў такой сiтуацыi, як я».

...У пакойчыку Мiкалая Статкевiча вельмi шмат свечак. Пры свечках, кажа ён, лепш думаецца. Аб жыццi, аб сабе, аб людзях. А на вулiцы мы развiтваемся пад шыльдачкай з красамоўнай назвай «Надежда». Мiкалай Статкевiч недвухсэнсоўна паказвае рукой на шыльду i смяецца. Па жыццi ён заўсёды быў i застаецца аптымiстам.

Алесь Сівы, Народная воля

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0