Сёньня выйшаў спэцыяльны выпуск газэты «Гарадзенская Свабода», прысьвечаны дзеяньням гарадзенскіх уладаў па разбурэньні гораду й ініцыятывам грамадзкай кампаніі «Выратуем Горадню».
Як паведамляе прэс‑служба прыхільнікаў руху «За Свабоду!» у Горадні, у нумары зьмешчаная інфармацыя пра гарадзкі рэфэрэндум, ініцыяваны прадстаўнікамі мясцовай інтэлігенцыі, а таксама кантакты каардынатараў ініцыятывы. Плянуецца, што рэфэрэндум вызначыць стаўленьне жыхароў Горадні да разбурэньня ўладамі гістарычнай часткі гораду.
Жыхары Горадні ў «Гарадзенскай Свабодзе» знойдуць храналёгію апошніх падзеяў вакол разбурэньня гарадзенскімі ўладамі гістарычнай часткі гораду, факты процідзеяньня ўладаў і міліцыі моладзі, якая абараняе гістарычныя будынкі, вызначаныя пад знос.
У газэце таксама зьмешчаны адкрыты ліст аднаго зь лідэраў дэмакратычных сілаў Беларусі Аляксандра Мілінкевіча да старшыні Гарадзенскага гарвыканкаму пад назвай «Мэр Антоненка — ня будзьце разбуральнікам Горадні».
Выпуск газэты будзе пастаянным.