Абураныя бацькі зьвярнуліся нават у Адміністрацыю прэзыдэнта.

Тацяна Севярынец — маці лідэра незарэгістраванага «Маладога фронту», які адбывае цяпер пакараньне на «хіміі». Да нядаўняга часу Тацяна Севярынец выкладала ў віцебскай школе №40. Але два тыдні таму жанчыну звольнілі за «прагул».

— Падчас веснавых канікул я сабралася на сэмінар «Дзеці ў сыстэме адукацыі», які праходзіў у Варшаве, — распавядае Тацяна Севярынец. — Дырэктар школы дазволіў мне адпачынак за свой кошт, заяву спачатку падпісаў і начальнік аддзелу адукацыі Першамайскага раёну Віцебску Уладзімер Шлома. Але калі я ўжо купіла квіткі і сабрала валізу, з школы патэлефанавалі й сказалі, што дазвол скасаваны.

Спадарыня Тацяна сьпярша разгубілася, але на руках у яе быў дакумэнт з дазволам начальніка… Жанчына вырашыла ехаць. Пабыла на сэмінары, наведала магілу дзядулі — праваслаўнага сьвятара. А калі вярнулася, Уладзімер Шлома выклікаў Тацяну Яўгенаўну і сказаў, што яе звальняюць па артыкуле за прагул.

Тацяна Севярынец атрымала разьлік, але тут за яе ўступілася ўся 5‑я «А». Дзеці напісалі ліст Уладзімеру Шлому, які пачынаецца па‑дзіцячы кранальна: «Калі ласка, не звальняйце нашага кляснага кіраўніка Севярынец Тацяну Яўгенаўну, якая нам як маці, а мы яе дзеці…»

— На бацькоўскім сходзе мы вырашылі бараніць настаўніцу да апошняга, — кажа мама аднаго з навучэнцаў 5 «А» Алена Доўгая. — Я разумею, што ў яе сын — Павал Севярынец. Але на ейных уроках ні разу не прагучала палітыка. Для нас яна — пэдагог найвышэйшай катэгорыі, для нашых дзяцей — выдатны клясны кіраўнік!..

Бацькі сустракаліся з Уладзімерам Шломам. Чыноўнік адказаў, што дазваляльную візу на заяве Севярынец ставіла… ягоная сакратарка! Пасьля гэтага бацькі накіравалі ліст міністру адукацыі з патрабаваньнем разабрацца ў самавольстве чыноўнікаў ад адукацыі. Пад зваротам падпісаліся 36 чалавек. Копію выслалі ў Адміністрацыю прэзыдэнта.

Глеб Лабадзенка, «Комсомольская правда» в Белоруссии»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0