У адным з шматкватэрных дамоў Менску малады чалавек жывым згарэў на лесьвічнай пляцоўцы, куды выйшаў папаліць перад ад’ездам на працу. Яго пабачыла суседка, калі выйшла з кватэры праверыць, адкуль ідзе дым. Яна першая стала гасіць полымя на вопратцы суседа, аднак ужо па дарозе ў больніцу хлопец сканаў.

Маладзён атрымаў апёкі трэцяй і чацьвертай ступені, бо агонь пакрываламі ды вадой атрымалася зьбіць не адразу. Да таго часу, як пагасілі полымя, на хлопцы згарэла ўся вопратка, паведамляе газэта «Советская Белоруссия».

Экспэрты пакуль ня могуць патлумачыць прычыну раптоўнага ўзгараньня. «Вельмі загадкавы выпадак. Каля цела знайшлі дзіўныя абгарэлыя прадметы. Магчыма, праясьняць абставіны справы вынікі судова‑мэдычнай, пажарна‑тэхнічнай і хімічнай экспэртызаў. Расьсьледаваньнем займаецца пракуратура Першамайскага раёну», — расказаў начальнік крымінальнай міліцыі Першамайскага РАУС Віктар Правіла.

Існуюць дзьве асноўныя гіпотэзы, якія тлумачаць такія выпадкі самаўзгараньня, калі няма рэальных доказаў падпалу ці сьлядоў крыніцы ўзгараньня. Прычым абедзьве маюць на ўвазе зьнешнюю крыніцу агню: гэта гіпотэза «Чалавечай сьвечкі» і ўзгараньне ад статычнай электрычнасьці ці шаравой маланкі.

«Telegraf.by»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0