Лідэр беларускай нацыянальнай меншасьці ў Польшчы, вядомы літаратар Сакрат Яновіч у люстрацыйнай анкеце прызнаўся, што ў 1958—1970 гадах быў сьвядомым супрацоўнікам Службы бясьпекі (польскае КГБ).

Яновіч назіраў за асяродкам беларускага тыднёвіка «Ніва», а таксама Беларускага грамадзка‑культурнага таварыства ў Польшчы.

Паводле словаў самога Яновіча, усё жыцьцё ён намагаўся рабіць усё магчымае, каб СБ ад яго «адчапілася». Галоўным заданьнем Яновіча мела быць «дапамога ўладам у захаваньні беларускага асьветніцкага руху ад уплываў варожых сілаў».

«Я наіўна верыў, што змагаюся за беларускую справу. У 1966 годзе я зразумеў, пра якую «дапамогу» ідзе гаворка — распавядае літаратар.

Сакрат Яновіч сьцьвярджае, што не браў грошаў ад спэцслужбаў, «часам некалькі злотых на гарэлку».

«Я нікому не зрабіў ніякай шкоды, але дрэнна тое, што я паддаўся» — кажа Сакрат Яновіч.

* * *

Зь пісьменьнікам гутарыць карэспандэнт «Нашай Нівы». Сакрат Яновіч адзначыў, што адмаўляецца ад усіх інтэрвію, але зрабіў выключэньне для «Нашай Нівы».

«Наша Ніва»: Раскажыце, як адбываўся працэс вэрбоўкі.

Сакрат Яновіч: Гэта быў ліпень 1958 году. Я тады працаваў у рэдакцыі газэты «Ніва». Да мяне прыйшлі двое маладых сымпатычных людзей. Яны размаўлялі па‑беларуску. У самой Беларусі спэцслужбы ніколі не размаўлялі на роднай мове, а ў нас размаўлялі. Папрасілі пра сустрэчу, я згадзіўся. Здаецца, што мы сустракаліся недзе ў гатэлі.

«НН»: Чаму Вы тады пагадзіліся на супрацоўніцтва?

СЯ: Тыя энкавэдысты былі тонкімі псыхолягамі. Яны пачалі мяне пераконваць, што трэба абараняць беларускія арганізацыі, газэты, часопісы ад варожых элемэнтаў. Я падумаў, што сапраўды раней такога ў Польшчы ніколі не было, каб было столькі беларускіх школаў, арганізацыяў. Беларусы былі сапраўднай культурнай аўтаноміяй у Польшчы. Гэта была відавочная заслуга «народнай улады». І трэба было так рабіць, каб гэтыя дасягненьні ня зьнішчылі розныя амэрыканска‑ангельскія імпэрыялісты, таму я згадзіўся.

«НН»: Што ўваходзіла ў вашы абавязкі?

СЯ: Я абавязаўся сачыць некаторымі людзьмі. Найперш гэта тычылася рэпатрыянтаў зь Беларусі і іншых краінаў. У маіх абавязках было тое, каб сярод іх не аказалася якіх‑небудзь шкоднікаў. Былых паліцаяў. Я ўваходзіў да іх у давер, высьвятляў чаго яны хочуць, пра што думаюць. Раз‑пораз мне давалі грошы на гарэлку. За чаркай заўсёды лягчэй увайсьці ў кантакт з чалавекам. Больш ніякіх грошай я не атрымліваў.

«НН»: Як часта Вы сустракаліся Вы рабілі даклады?

СЯ: Прыкладна раз на месяц, але гэта не былі даклады ў простым сэнсе гэтага слова. Гэта былі звычайныя сяброўскія размовы. Канечне, падчас гэтых гутарак яны нешта запісвалі. Я расказваў ім пра былога рэдактара «Нівы» Юр’я Валкавыцкага, пра пісьменьніка Алеся Баршчэўскага. Аднак маё сумленьне перад імі чыстае, бо я заўсёды гаварыў пра гэтых людзей толькі станоўчае. Зразумейце, што не я адзін сачыў за імі, было шмат інфарматараў, якія рабілі розныя даклады. Зь іх усіх і складвалася нейкая агульная карціна для спэцслужбаў.

«НН»: Ці былі выпадкі, калі Вы сваёй дзейнасьцю нашкодзілі каму‑небудзь?

СЯ: Так. Быў адзін выпадак. Прыехаў беларус з ЗША, які хацеў узяць у жонкі мясцовую беларуску. Я высьветліў, што ён уцёк у Амэрыку разам зь немцамі. Яго нарачоную да сябе выклікалі ў службу бясьпекі, дзе сказалі, што замуж можаш выходзіць, але будзеш нашым інфарматарам у ЗША. Дзяўчына тая спалохалася і замуж ісьці за хлопца адмовілася. Праўда, ён усё адно ажаніўся зь дзяўчынай зь Беластоку. Сястрой сакратара беластоцкага абкаму. Яны жывуць і зараз, маюць дзяцей, унукаў, у іх шчасьлівы шлюб. Так што і ня ведаю, ці нашкодзіў я. Больш такіх выпадкаў не было.

«НН»: Чаму ўрэшце Вы спынілі супрацоўніцтва?

СЯ: У 1966 годзе ў Беласток прыяжджала Ларыса Геніюш, яна зачытала стэнаграмы выступаў на апошнім пісьменьніцкім зьезьдзе Аляксея Карпюка і Васіля Быкава. Я так пранікнуўся іхнымі выступамі, што напісаў ім чыста ліст, які перадаў праз Ларысу Геніюш. У лісьце не было ніякай крамолы. Праз пэўны час ліст невядомым чынам трапіў у рукі беластоцкіх спэцслужбаў, якія былі вельмі незадаволеныя гэтым. Тады я ўпершыню задумаўся, ці насамрэч яны думаюць пра тое ж, што і я, ці за адны каштоўнасьці мы змагаемся. Я зразумеў, што быў наіўным 21‑гадовым юнаком, які верыў, што працу на карысьць беларускай справы, але я памыляўся.

«НН»: Рашэньне адмовіцца ад кантактаў са спэцслужбамі далося лёгка?

СЯ: Я прымаў яго некалькі разоў. Але энкавэдысты не хацелі гэтага чуць. Я пераставаў кантактаваць зь імі, але яны прыходзілі да мяне дадому, дзе зноў пераконвалі. Прычынай для канчатковага разрыву стаўся даклад у службу бясьпекі яшчэ аднаго іхняга інфарматара‑пісьменьніка Аляксандра Амельяновіча. Ён напісаў, што Сакрат Яновіч фашыст, нацыяналіст, ледзьве не эсэсавец. Гэта было ўвосень 1970 году, тады і здарыўся канчатковы разрыў. Пасьля гэтага я страціў працу журналіста ў газэце «Ніва». Працаваў дворнікам, шмат кім яшчэ, каб проста зарабіць сабе на кавалак хлеба. Мне было заўжды цяжка, як тады, так і цяпер.

«НН»: Чаму Вы прызналіся толькі зараз?

СЯ: Бо не лічыў і не лічу гэты факт вельмі значным. Аднак, як высьветлілася, многія так ня лічаць. Здаецца, што брахаць на Яновіча становіцца ўжо модным. Брэшуць якраз тыя, хто ціхенька сядзеў у тыя часы, тыя, хто нікуды не высоўваўся, нашы беларускія калгасьнікі. Мне шмат тэлефануюць мае сябры па «Салідарнасьці», звычайныя палякі, выказваюць падтрымку. Кажуць, каб я не зьвяртаў увагі на зласьліўцаў. Яны злуюцца, бо іх імя нічога ня значыць, а імя Сакрата Яновіча нешта ды гаворыць людзям. Зь беларусаў патэлефанаваў толькі Алег Латышонак, бо ён сапраўдны інтэлігент.

«НН»: Што Вы адчуваеце зараз, калі зрабілі гэтае прызнаньне?

СЯ: Часам хочацца сьмяяцца з усяго, што адбываецца вакол маёй асобы, а часам — плакаць. Найперш я зьдзіўлены, бо не чакаў, што гэта так закране людзей. Паўжартам я кажу, што задаволены гэтай афёрай. Бо болей ня буду лічыцца для гэтых людзей нейкім маральным аўтарытэтам, чалавекам, якога клічуць на розныя імпрэзы, сэмінары, просяць вырашыць нейкія спрэчкі. Цяпер я засяроджуся выключна на літаратурнай дзейнасьці.

* * *

Сакрат Яновіч нарадзіўся ў 1936 годзе. Празаік, эсэіст, адзін з найвялікшых аўтарытэтаў беларускай меншасьці ў Польшчы. Жыве ў Крынках на Беласточчыне.

Гутарыў Зьміцер Панкавец

Фота Яраслава Іванюка

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0