У Беларусі да канца траўня чакаецца павышэньне мытных пошлінаў на ўвоз аўтамабіляў юрыдычнымі і фізычнымі асобамі. Урад мяркуе дадаткова забраць з кішэняў аўтааматараў 15 мільёнаў эўра.

Пошліны могуць павысіцца на 5 эўрацэнтаў за кубічны сантымэнтар аб’ёму рухавіка. То бок растаможка аўтамабіля з двухлітровым рухавіком будзе абыходзіцца прыблізна на 100 эўра даражэй, чым цяпер.

Усе неабходныя дакумэнты для павышэньня пошлін ужо падрыхтаваныя. Галоўнай мэтай гэтага новаўвядзеньне называецца неабходнасьць папаўненьня дзяржбюджэту. За кошт новых пошлін урад мяркуе атрымаць каля 15 мільёнаў эўра за год.

Тым часам Сяргей Сідорскі ў інтэрвію «Комсомольской правде в Белоруссии» паабяцаў, што ўжо сёлета ў краіне пачнецца выпуск легкавіка коштам 6‑7 тысяч даляраў. «Пры такім разумным кошце ў нашых машын будзе сучасны дызайн, камфортны салон і добрая якасьць», — абяцае прэм’ер.

— Часта гучыць ідэя, што ў Беларусі трэба зьбіраць «Мэрсэдэсы» альбо «Фольксвагены». Мне здаецца, гэта няправільна, — заявіў Сідорскі. — Нам трэба ствараць уласную вытворчасьць легкавікоў. Галоўная мэта — зламаць стэрэатып, што раз у Беларусі няма вытворчасьці легкавікоў, то і рабіць іх мы ня ўмеем.

Пад «уласнымі аўтамабілямі» маюцца на ўвазе кітайскія мадэлі Hafei Princie і Hafei Simbo (на фота). Прэм’ер‑міністар настойвае, што гэта будзе «ня проста шрубовачная зборка, а паўнавартасная вытворчасьць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?