Пасяджэньне сельскага савета у лепшыя саўдэпаўскія часы — гэта нагадвала удзельнікам учорашняя менская канфэрэнцыя дэлегатаў кангрэсу дэмакратычных сілаў Беларусі. Як бы не намагаліся арганізатары, парадак залі падтрымаць не атрымалася. Менскі мінікангрэс ператварыўся ў гарачыя спрэчкі й перакрыкваньне адзін аднаго ўжо падчас абмеркаваньня арганізацыйных пытаньняў.

У менскай канфэрэнцыі дэлегатаў Кангрэсу прынялі ўдзел 162 дэлегаты, што склала 9/10 ад колькасьці ўнесеных у сьпіс. Людзі пачалі зьбірацца на канфэрэнцыю ўжо за паўтары гадзіны да яе пачатку. У залі займалі месцы бабулі й дзядулі сталага веку з чырвонымі сьцяжкамі на грудзёх. Жывыя камуністы! — зьдзіўляліся маладафронтаўцы на вуліцы.

Ужо за паўгадзіны да прызначанага пачатку месцаў у залі не засталося. Стаяць вымушаныя былі й вядомы гісторык Юрась Бачышча, якому за ўдзел у выбарчай кампаніі забаранілі выкладаць у педагагічным унівэрсытэце, і хрысьціянскі дзеяч Мікола Арцюхоў, які некалькі месяцаў таму хадзіў ад дзьвяры да дзьвяры зьбіраючы подпісы пад маніфэстам за свабоду, і нават прадстаўнікам амбасады ЗША не знайшлося месца.

Пасьля абраньня працоўных органаў, канфэрэнцыя перайшла да разгляду ключавога пункта павесткі дня — абмеркаваньня патрэбнасьці альбо непатрэбнасьці абраньня адзінага лідэра й шляха яго абраньня. Выступы распачаў старшыня БНФ Вінцук Вячорка, які дастаткова зразумела давёў да ўдзельнікаў пазыцыю партыі й заклікаў прыхільнікаў народнага фронту галасаваць за адзінства на кангрэсе.

Пасьля Вячоркі ў бой пайшлі «вэтэраны дэмакратыі». Выступіў першы сакратар ЦК ПКБ Сяргей Калякін, які адразу ж запатрабаваў ад дэлегатаў галасаваць супраць абраньня адзінага лідэра, застрашыўшы ўсіх тым, што лідэрам могуць абраць яго самога! Да палохаючых словаў Калякіна далучыўся й Лябедзька, які нават сфармуляваў лёзунг свайго выступу: «Галасуй за другі пункт, альбо прайграеш!».

Апошнім выступаў лідэр дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч, які адразу адмовіўся ад мікрафону й стаў гаварыць у голас, што фэнамэнальным чынам прымусіла супыніць размовы нават у «чырвоным» сэктары. Мілінкевіч нагадаў прысутным, што з моманту умоўнага аб’яднаньня апазыцыі ў 2001 годзе дэмакраты ўвесь час шукалі пэрсанальную альтэрнатыву Лукашэнку. Аляксандар Уладзіміравіч зазначыў, што менавіта існаваньне адзінага лідэра дала дэмакратам магчымасьць для удзелу ў прэзыдэнцкай кампаніі. Падчас любога абыходу кватэраў ці агітацыі дэмакратам заўжды задавалі пытаньне: «А хто замест Лукашэнкі?» Таму толькі існаваньне такой альтэрнатывы дала беларусам магчымасьць для шэрокіх пратэстных акцыяў за перамены. Я заклікаю усіх прыхільнікаў пераменаў галасаваць за абраньне лідэра на кангрэсе, нават калі ім стану не я, — заявіў Мілінкевіч.

Напружаньне ў залі адчувалася ад самага пачатку паседжаньня, але сапраўднага пекла жарсьці дасягнулі падчас другога пытаньня — абмеркаваньня прапанаваных на дадатковае увядзеньне ў дэлегаты Кангрэсу сямі прадстаўнікоў ад Менску. Аргкамітэт па правядзеньні менскай канфэрэнцыі папярэдне дасягнуў згоды паміж партыямі аб вылучэньні ў гэты сьпіс па аднаму прадстаўніку ад кожнай з мэтаю далейшага рэйтынгавага абраньня сямі з іх таемным галасаваньнем. Але дамова прадстаўніком партыяў была перакрэсьленая самімі ж партыйцамі. Адразу пасьля яе вынясеньня на разгляд намесьнік старшыні АГП Шынкарык заявіў, што ня згодзен з прапанаванымі кандыдатурамі нават ад АГП й просіць дадаць да сьпісу яшчэ аднаго сябра сваёй партыі.

Парушаць дамову працягнула прадстаўніца партыі жанчын «Надзея», якая з‑за адсутнасьці жанчын у партыі наагул не прымала аніякага ўдзелу ў падрыхтоўцы менскай канфэрэнцыі.

Пасьля гэтага разразіўся шквал розных прапановаў ад камуністаў і лябедзькаўцаў. Партыйцы перакрыквалі й затыкалі рот адзін аднаму, заяўлялі пра прынцып і адразу ж яго парушалі. Пытаньне некалькі разоў ставілася на галасаваньне, але з‑за благану ў залі немагчыма было ня толькі падлічыць галасы, але й наагул зразумець, за што прапануецца галасаваць.

З гэтых камуністычна‑агэпэшных дэбатаў яскрава выдзяляліся дэлегаты Кангрэсу ад Маладога Фронту й Руху за Свабоду, якія спакойна сядзелі і цывілізавана па‑эўрапейску цярпелі гэтыя спрэчкі. Гэтыя маладыя хлопцы й дзяўчаты, дарэчы, як і Аляксандар Мілінкевіч, які моўчкі назіраў за «перастрэлкаю», наагул не маглі зразумець, што ў дэмакратычным сьвядомым лягеры можа быць такое пабоішча.

Урэшце рэшт намаганьнямі каманднага голасу сябра БНФ Аляксея Кавальца ўдалося суцішыць выкрыкі з левага сэктару, сабраць усе прапановы й перайсьці да галасаваньня па абодвух пытаньнях — лідэрства у АДС і фармаваньня палітрады, а таксама абраньня дадатковых сямі дэлегатаў Кангрэсу.

Падчас перапынку людзі падыходзілі да Міліневіча й казалі, што ня хочуць бачыць Беларусь у руках саўдэпаўскіх кабінэтных змагароў і, калі б ведалі, што да гэтага прывядзе іх рызыка на плошч і палітычныя звальненьні, то ніколі б на гэта не пайшлі. Але гэтыя маладыя людзі былі салідарныя ў адным — трэба самім быць моцным рухам і не зважаючы на спробы камуністаў вярнуцца да мінулага ісьці наперад і быць рухавіком пераменаў.

Барыс Гарэцкі — адзін з абвінавачаных па справе «Маладога Фронту»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0