Калі б у Паўночнай Карэі нехта пажартаваў з тамтэйшага кіраўніка, то мог бы літаральна «памерці ад сьмеху». Жарты з прэзыдэнта ЗША, відаць, не трактуюцца з гэткай сьмяротнай сур’ёзнасьцю.

Падчас перамоваў прадстаўнікоў узброеных сілаў абедзьвюх Карэяў генэрал з КНДР Кім Чжон Чол рызыкнуў пажартаваць з Джорджа Буша. —

Прачытаў тут нядаўна ў інтэрнэце палітычны жарт пад загалоўкам «Выратаваць прэзыдэнта» — пачаў генэрал, пасьля чаго распавёў анэкдот пра Буша, які — паглыблены ў міжнародныя справы — падчас ранішняй прабежкі не заўважыў машыну.

Група вучняў у апошні момант сьцягнула прэзыдэнта Буша з праезнай часткі, ратуючы яму жыцьцё. Удзячны Буш пытаецца ў іх, якую б яны хацелі ўзнагароду.

‑ Хочам, каб нам зарэзэрвавалі месцы на нацыянальных могілках у Арлінгтане — кажуць дзеці.

‑ Чаму? — пытаецца зьдзіўлены Буш.

‑ Бо бацькі нас дакладна пазабіваюць, калі даведаюцца, што мы зрабілі — адказваюць вучні.

Паўднёвакарэйскія генэралы, відаць, ня надта ведалі, як рэагаваць, прызвычаеныя хутчэй да таго, што іх калегі з Поўначы не выказваюць пачуцьця гумару ў дачыненьні да Злучаных Штатаў.

Вольга Данішэвіч, паводле gazeta.pl

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0