«Наша Ніва»: У якім стане суполка БАСу на сёньня?

Радэк Дамброўскі: Не скажу, каб дрэнна, але хацелася, каб было лепей. Ніякіх істотных зрухаў за апошнія два гады не адбылося. Галоўная праблема ў нас — недахоп актыўных людзей. Але такая праблема ня толькі ў нас, але і ў польскіх студэнцкіх арганізацыях. Толькі ў іх сытуацыя можа выправіцца, у нас жа яна закаранелая. Меншасьці цяжка сабраць у свае шэрагі болей людзей, бо нас саміх няшмат.

«НН»: Ці неяк паўплываў на сытуацыю прыход да прэзыдэнцкай пасады Леха Качыньскага?

РД: Усё засталося на сваіх месцах. Зь фінансаваньнем няма праблемаў. Грошы ў асноўным дае Міністэрства ўнутраных справаў. На праекты, якія мы задумалі, тых сродкаў хапае. Часам дзіва бярэ, наколькі прыхільна да нас ставяцца ўлады (сьмяецца).

«НН»: Ці ўдзельнічаюць у справах БАСу беларускія студэнты, што прыехалі вучыцца па праграме Каліноўскага?

РД: Ёсьць сярод іх некалькі актыўных чалавек, якія самі прыйшлі ды выказалі сваё жаданьне папрацаваць. Плён ад таго будзе бачны пазьней.

«НН»: А як наагул у вашым асяродку ўспрымаюць «каліноўцаў»?

РД: Гэта асабістая справа кожнага зь іх. Тут ёсьць выбар — ці працягваць вучобу за мяжой, ці змагацца далей за нейкую справу на Радзіме. Але можна і сумясьціць гэтыя дзьве рэчы, як сьведчыць прыклад Барыса Гарэцкага. Шкада, ён вырашыў кінуць тут вучобу.

«НН»: Ці шмат лішніх людзей, якія трапілі па гэтай праграме ў Польшчу?

РД: Ведаю некалькі такіх асобаў, якіх не выключалі з унівэрсытэтаў у Беларусі, яны самі забралі дакумэнты, каб вучыцца ў нас. Але паўсюль знойдуцца такія кансумэнты, якіх цікавіць адно толькі ўласная будучыня.

«НН»: Як ты паставіўся да здарэньня зь Міхайлавым?

РД: Лічу, што гэта хіба арганізацыі, што падбірала навучэнцаў. Як можна было прапусьціць гэтага чалавека? Але можа быць так, што яго зламалі ўжо падчас вучобы. Аднак як паставіцца, калі ён у сваім інтэрнэт-дзёньніку выбачаецца, зьяжджае ў Беларусь і выступае там з рэзка адрозным меркаваньнем. Шкада чалавека, які так мітусіцца.

«НН»: Што па-твойму трэба зрабіць студэнту, каб пераадолець псыхалягічны бар’ер падчас вучобы на чужыне?

РД: Нейкага рэцэпту тут няма. Але плюс, калі ў гэтай краіне ёсьць беларуская суполка. Мяркую, што ў беларускіх студэнтаў, якія маюць тут вучобу, такой праблемы няма — бо іх шмат, у іх сфармавалася свая тусоўка, да якой далучаюцца і палякі. Цяпер у Польшчы трымаецца хваля цікавасьці да Беларусі.

«НН»: У якіх стасунках знаходзяцца такія нефармальныя суполкі ды і сам БАС з прадстаўнікамі «афіцыйнай» Беларусі?

РД: Добрыя стасункі з кансулятам ды беларускімі грамадзкімі арганізацыямі ў нас мае хіба Беларускае грамадзка-культурнае таварыства. Тут нашы шляхі разыходзяцца, бо мы не супрацоўнічаем ні з афіцыйнымі арганізацыямі ў Беларусі, ні зь іх прадстаўніцтвамі тут. Аднойчы толькі заходзілі ў кансулят у Беластоку, каб узяць колькі беларускіх кніжак — плянавалі зрабіць беларускую студэнцкую бібліятэку. Дык консул зьняў з паліцы польска-беларускі слоўнік і сказаў, што гэта ўсё, што ён можа прапанаваць... Візавай падтрымкі таксама ня маем. На маю прапанову консулу зрабіць таньней візы для групаў студэнтаў, якія едуць на экскурсію ў Беларусь, той адказаў, што ў іх такая ўстанова, якая мусіць зарабляць грошы...

«НН»: Але ці не было ідэі зрабіць самім крок насустрач і запрасіць якіх важных чыноўнікаў на тое ж «Басовішча»?

РД: Можа, гэта і памылкова, але мы не запрашаем на свае імпрэзы ні польскіх, ні беларускіх чыноўнікаў. Хіба самі прыйдуць. Але думаю, што гэтым разам запросім консула на «Басовішча». Засьцярога толькі ў тым, што можна выклікаць неадназначную рэакцыю ў публікі, якая ўбачыць прадстаўніка сёньняшняй улады ў пінжаку.

«НН»: Ці зьменіцца нешта ў фармаце «Басовішча» з тваім прыходам да кіраўніцтва БАСам?

РД: Грандыёзнага фаервэрку ня будзе, але сёлета зладзім фаер-шоў. Калі да сур’ёзнага, то заўжды быў прыхільнікам таго, каб на «Басовішчы» была прадстаўленая розная музыка, а ня толькі цяжкі рок. Адштурхоўвацца варта ад назвы — «Музыка маладой Беларусі». І тут трэба паказваць фольк, рэгі ды іншыя кірункі жывой музыкі. Ёсьць задума шырэй прэзэнтаваць музыку памежных краінаў. І закласьці традыцыю ўдзелу ў «Басовішчы» гуртоў ня толькі з Польшчы і Беларусі, але і зь Літвы, Украіны.

Радэк Дамброўскі мае 24 гады. Нарадзіўся ў Беластоку. Паводле першай адукацыі электрык. Цяпер — студэнт 4 курсу філялягічнага факультэту Беластоцкага ўнівэрсытэту па спэцыяльнасьці «беларусістыка». У Беларускім аб’яднаньні студэнтаў з 2003 г., ачольваў беластоцкую суполку гэтае арганізацыі. Кандыдат ад Беларускага выбарчага камітэту на выбарах у Соймік Падляскага ваяводзтва ў траўні 2007 г.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?