Лібэральныя расейскія публіцысты ў жаху: 35% іхных суайчыньнікаў выказаліся за пажыцьцёвае прэзыдэнцтва Пуціна. Фактычна — за манархію.

Зрэшты, там было толькі сацыялягічнае апытаньне. У Беларусі ж у 2004-м адбыўся рэфэрэндум фактычна ў аналягічным пытаньні. І афіцыйны вынік атрымаўся ўвогуле аглушальны — 79,42%.

Праўда, "нячэсныя" сацыёлягі з НІСЭПД налічылі тады толькі 48,37%. Чым, мусіць, і прадвызначылі ліквідацыю свайго інстытуту судовым рашэньнем літаральна праз паўгоду.

Што ж да Расеі, дык рэч ня ў Пуціне. Ёсьць, дарэчы, вэрсія, што ён можа вярнуцца на пасаду пасьля фармальнай паўзы. Але ніхто не сумняецца: калі цяперашні гаспадар Крамля сапраўды наважыўся разьвітацца з шапкай Манамаха, то дастанецца яна чалавеку з той самай каманды. Гэта Ельцын сапраўды жорстка канкураваў у 96-м з Зюганавым, і палітычныя шалі вагаліся... Зараз жа піцерскія хлопцы такога гнілога лібэралізму і блізка не дапусьцяць. Створана сыстэма "сувэрэннай дэмакратыі", якая будзе бяз збояў забясьпечваць пераемнасьць кланавай улады. Ва ўсякім разе, пакуль будзе што пампаваць зь нетраў.

У беларускай улады такога шчодрага прыроднага рэсурсу няма. Нафтавы рэзэрвуар на вачах вычарпаўся. Новыя кошты на энэрганосьбіты бяруць айчынную эканамічную мадэль за гарляк.

Зь іншага боку, гэта стварае шанец, што ў нашай краіне перамены адбудуцца раней, чым у Расеі. Там новы гістарычны цыкль звычайна пачынаецца толькі пасьля таго, як на тле поўнай дэградацыі грымне бунт, бессэнсоўны і бязьлітасны.

Што ж да стану беларускага грамадзтва, то гэта пытаньне не зусім відавочнае. З аднаго боку, лічба прыхільнікаў скасаваньня ліміту прэзыдэнцкіх тэрмінаў, вызначаная праз экзіт-пол НІСЭПД у кастрычніку 2004 году, кладучы руку на сэрца, таксама вельмі высокая. Лічы, палова электарату. Але адметна вось што. Калі прааналізаваць шэраг апытаньняў 2003 — 2004 гадоў, то выразна бачна: гэтая доля дынамічна расла ў апошнія месяцы перад плебісцытам.

Так што ў развагах пра стан грамадзтва трэба браць пад увагу, у прыватнасьці, і чыньнік магутнага замбаваньня. Плюс матэрыяльныя бонусы — фарсаванае падвышэньне заробкаў, пэнсіяў, стыпэндыяў. Сёньня на гэта ўжо няма сродкаў.

Гэтак сама, як ня варта ідэалізаваць народ, ня варта і рабіць катэгарычную выснову пра цёмны плебс, што не дарос да дэмакратыі. Па-першае, лёс пераменаў заўжды вызначае актыўная меншыня, якая умела карыстаецца момантам крызы. Па-другое, ва ўмовах палітызацыі грамадзкая самасьвядомасьць здольная даволі хутка прагрэсаваць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?