З надыходам вясны ў Бабруйску зноў забуяў несанкцыянаваны гандаль. «Увесь горад у бабках», — ахарактарызаваў сытуацыю начальнік упраўленьня гандлю гарвыканкаму Анатоль Кісялёў.

На думку старшыні гарвыканкаму Дзьмітрыя Бонахава, гэтая праблема вырашаецца проста: супрацоўнікі кантрольных органаў і, найперш, міліцыі мусяць складаць па фактах несанкцыянаванага гандлю пратаколы, якія, згодна з новым Адміністрацыйным кодэксам, будуць разглядацца ў судовым парадку.

Начальнік АУС гарвыканкаму Алег Царук, аднак, запярэчыў, што, згодна з тым самым Адміністрацыйным кодэксам, супрацоўнікі міліцыі ня маюць права складаць пратаколы па згаданым старшынём гарвыканкаму артыкуле. Анатоль Кісялёў дадаў, што, паводле ягоных зьвестак, такое права Кодэксам ня дадзенае нікому. «У Кодэксе шмат прабелаў», — заявіў Царук.

Дзьмітры Бонахаў палічыў спасылкі на недасканаласьць заканадаўчай базы непераканаўчымі. «Мы не дэмакраты, — заявіў ён, — каб абмяркоўваць, што правільна, што няправільна… Несанкцыянаваны гандаль — гэта няправільна. Яго не павінна быць. Я патрабую, каб парадак быў наведзены».

Паводле: Сяргей Ларын, «Вечерний Бобруйск»

Фота Дзьмтрыя Мякіна, bobruisk.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0