— Як лічыце, вы справіліся з ускладзенымі на вас папярэднім кангрэсам абавязкамі?
— Заўжды можна штосьці зрабіць лепш. Шкадую, што не ўдалося па‑сапраўднаму аб’яднаць фармальна аб’яднаныя дэмакратычныя сілы. Прычына ў тым, што амбіцыі кіраўнікоў мацнейшыя за жаданьне пераменаў. Што да маіх заслуг, то ва ўсіх рэгіёнах Беларусі я правёў сходы актывістаў, сустракаўся зь мясцовымі жыхарамі. Апроч таго, мы стварылі структуры, правялі вялікую інфармацыйную працу. Але не сакрэт, што лепш за ўсё ўдалося міжнароднае супрацоўніцтва.
— А як жа атрыманьне рэальнай улады?
— Мы займаемся не палітыкай у яе заходнім і навуковым разуменьні, а барацьбой за свабоду для грамадзянаў Беларусі ва ўсіх сфэрах жыцьцядзейнасьці. А ці можна атрымаць уладу ад дыктатуры, не выходзячы з хаты? Я дагэтуль перакананы, што мы зможам перамагчы толькі ў выніку ціску на ўлады шляхам мірных вулічных акцый. Наша задача — дапамагчы ўладзе прызнаць патэнцыял грамадзянскай супольнасьці.
— Вы лічыце, што найбліжэйшым часам удасца вывесьці на вуліцу большую колькасьць людзей, чым іх было ў сакавіку 2006 году?
— А вы мяркуеце, што мы мусілі былі ісьці на штурм прэзыдэнцкай адміністрацыі? Дык гэта скончылася б крывёю. Мы даказалі самім сабе і сусьветнай супольнасьці, што беларусы вартыя таго, каб жыць у свабоднай дэмакратычнай краіне, што мы — беларускі народ у найлепшым сэнсе гэтага слова. На жаль, нягледзячы на тое, што ў тыя дні выйшла некалькі дзясяткаў тысяч чалавек, крытычнай масы незадаволеных не было. Але яна абавязкова зьявіцца.
— Калі і пры якіх абставінах?
— Уявіце, што вы задаяце падобнае пытаньне Леху Валэнсу роўна 20 гадоў таму. Ён бы ніколі на яго не адказаў. І я вам цяпер ня дам дакладнага адказу. Рэвалюцыі не плянуюцца на канкрэтны дзень. Да іх рыхтуюцца. Доўга і ўпарта. Але пачынаюцца яны нечакана, прычым часьцей за ўсё нават для саміх арганізатараў. У цяперашняй улады становіцца ўсё меней рэсурсаў. Нам трэба толькі паскорыць працэс яе падзеньня.
— Вы неаднакроць заяўлялі, што ў выпадку, калі на Кангрэсе ня будзе абірацца лідэр, вы адмовіцеся ад удзелу ў мерапрыемстве. Варыянт кампрамісу застаецца?
— Я лічу, што паказьнік рэальнага аб’яднаньня кааліцыі — гэта агульнае жаданьне працаваць у адзінай камандзе. Інакшыя рашэньні гавораць пра інакшыя мэты. Не разумею, як можна выступаць супраць рэжыму і не даваць рэальную асобасную альтэрнатыву для грамадзтва. І тое, што мы ня ў стане аб’яднацца, сьведчыць пра сур’ёзны крызыс беларускай апазыцыі. У кааліцыі сёньня ёсьць тыя, хто шчыра прызнае, што яшчэ не дарасьлі, каб аб’яднацца. Іх тактыка — змагацца з дыктатурай з дапамогай круглага стала. Мяне гэта не задавальняе. Мая пазыцыя такая: я прыйду на кангрэс, але калі на ім ня будуць створаныя нармальныя структуры кіраваньня, то маёй кандыдатуры там ня будзе. Я не займаюся тым, ува што ня веру.
— Выглядае, вы нацэленыя на раскол у кааліцыі…
— Я б не называў гэта расколам. Але і не лічу кааліцыю сьвятарнай каровай. Яна ўсяго толькі інструмэнт, а ня мэта. Але калі інструмэнт не дае аддачы і буксуе цэлы год, навошта за яго трымацца? У нас рознае разуменьне наяўных задач. Тыя, хто хоча працаваць, засядаючы за круглым сталом, застануцца ў палітрадзе. Тыя, хто вырашыць працаваць непасрэдна з грамадзтвам, стануць актыўнымі ўдзельнікамі руху «За свабоду», які ствараецца мной. Мы — за эфэктыўныя дзеяньні. Найбліжэйшым часам, дарэчы, зьбіраемся падаць дакумэнты на рэгістрацыю. Хаця, вядома, у нас няма вялікіх ілюзій што да рашэньня ўладаў. У любым выпадку, будзем дзейнічаць.