Адзін знаёмы на мінулым тыдні сфатаграфаваўся на фоне рэзідэнцыі прэзыдэнта. Яна знаходзілася праз дарогу, ды шчодра пералівалася архітэктурнай падсьветкай. Здымак рабіўся каля кіно «Піянэр». Тым ня менш ахоўнік папрасіў падысьці маладых людзей да сябе, ветліва прапанаваў паказаць кадры лічбавіка і выдаліць здымкі на фоне будынку. Потым ён зноў жа ветліва папрасіў прад’явіць дакумэнты і старанна запісаў усе дадзеныя ў блякнот. Ахоўнік быў у форме, але назвацца адмовіўся. Няўжо ў кожным з нас спэцслужбы бачаць патэнцыйнага злачынцу?

Афіцыйна

Прэс‑сакратар Службы бясьпекі прэзыдэнта Аляксей Гусеў пацьвердзіў наяўнасьць забароны на фатаграфаваньне. Ён кажа, што забарона дзейнічае ў адпаведнасьці з Законам пра дзяржахову:

— Існуе сьпіс аб’ектаў, якія здымаць нельга. Гэта рэзідэнцыя прэзідэнта, Дом ураду ды некаторыя іншыя. Маецца на ўвазе здымка буйным плянам, якая дазволіць выявіць асаблівасьці нясеньня службы, падыходы да будынку, што знаходзіцца пад дзяржаховай. Супрацоўнік спэцслужбы пры факце здымкі павінен даведацца, у якіх мэтах яна вядзецца, ён мае права прагледзець кадры на лічбавіку і папрасіць сьцерці тыя, на якіх бачны буйны плян ахоўваемага аб’екту. Такі парадак. Людзі ставяцца да гэтага з разуменьнем. Ніякіх прэтэнзіяў да нас дагэтуль не было. А тое, што не ўсталявана знакаў забароны фатаграфаваньня каля спэцбудынкаў, магчыма, гэта нашая недапрацоўка.

Тым ня менш, фатаграфаваць на вялікай адлегласьці (200‑300 мэтраў), пад вуглом, па словах спадара Аляксея, можна без абмежаваньняў. А для журналістаў, як запэўніў прадстаўнік СПБ, увогуле няма ніякіх перашкодаў, патрэбна толькі ўзгадненьне.

Камэнтар юрыста

Гары Паганяйла:

— Канечне, гэта перагіб. Забарона фатаграфаваньня публічнай рэзыдэнцыі, задавальненьня публічнага інтарэсу выходзіць за рамкі існуючага законапалажэньня. Гэта проста супярэчыць здароваму сэнсу. Сапраўды, статус аб’екта, які знаходзіцца пад аховай, мае на ўвазе прапускны рэжым, назіраньне, забарону на правядзеньня масавых мерапрыемстваў бліжэй за 50 мэтраў, але гэта ня мае ніякага дачыненьня да ажыцьцяўленьня любіцельскага фатаграфаваньня.

Трэба адзначыць, што бясьпека прэзыдэнта забясьпечваецца ўсімі прававымі й фінансавымі магчымасьцямі. Узмоцнены ўсе меры бясьпекі да крайнасьці, нават тыя, у якіх няма неабходнасьці і гэта, дарэчы, працуе на зьніжэньне іміджу главы дзяржавы, — кажа спадар Гары.

Калі некаторыя краіны Ўсходняй Эўропы адкрываюцца сьвету і інтэгруюцца ў сучасны эўрапейскі асяродак зь ягонымі сацыяльнымі, прававымі і дэмакратычнымі стандартамі (напрыклад, у Празе існуюць экскурсіі для турыстаў у прэзыдэнцкі палац), беларускае грамадзтва, выглядае на тое, вяртаецца ў атмасфэру ўсеагульнай пільнасьці і падазронасьці з боку спэцслужбаў.

Арцём Лява, bulletinonline.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0