У Горадні назіраецца часовае зацішша: заплянаваныя да руйнаваньня камяніцы пакуль пакінулі ў спакоі. На думку аднаго зь ініцыятараў гарадзкога рэфэрэндуму, журналіста Алеся Залеўскага, улады прыпыніла моладзь, што ад 4 траўня ладзіць штодзённую вахту ля тых будынкаў.

Гісторык Андрэй Вашкевіч менш аптымістычны: «Пэўна, думаюць, што рабіць далей, але наўрад іх нешта можа спыніць». Гісторык мяркуе, што часовы перапынак выкліканы не адным дзяжурствам, а ўзрослай актыўнасьцю гараджанаў увогуле.

Яго калега Янка Лялевіч кажа, што з уладамі, як ні цяжка, але трэба гаварыць: «Мы павінныя даводзіць сваю рацыю, прадстаўляць альтэрнатыўнае бачаньне развязаньня праблемы». Часам ствараецца ўражаньне, што гэтыя чыноўнікі нават вераць, што дзейнічаюць слушна, кажа ён.

Бянтэжыць іншае: на сёньня ў Горадні няма каму прафэсійна правесьці археалягічныя раскопкі на месцах, дзе працуюць рэстаўрататы. Нехта працуе за мяжой, хтосьці адышоў ад практыкі, іншы займаецца вузка спэцыялізаванай справай, не зьвязанай з гарадзкой археалёгіяй. Больш за тое — сёньня ніводзін гарадзенскі археоляг ня мае адкрытага ліста для правядзеньня раскопак.

Я. Лялевіч адзначае, што даўно ня бачыў у горадзе такой актыўнасьці моладзі. Аднак, на яго думку, гэтага недастаткова. «Горадні тэрмінова патрэбная каманда незалежных экспэртаў — археолягаў, архітэктараў, ацэншчыкаў тэхнічнага стану аварыйных будынкаў» — кажа гісторык. У ідэале гэта павінны быць мясцовыя адмыслоўцы, якіх не патрэбна папярэдне рыхтаваць, бо часу на гэта вобмаль. «Практыка паказвае, што часам так званыя аварыйныя будынкі знаходзяцца далёка не ў такім кепскім стане, як кажуць афіцыйныя ўлады» — тлумачыць патрэбу ў ацэншчыках тэхнічнага стану будынкаў Андрэй Вашкевіч.

Правядзеньне комплекснай ацэнкі стану меркаваных пад знос будынкаў можа паставіць пад сумнеў пляны гарадзкіх уладаў.

Сямён Печанко

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0