Допіс Арцёма Лявы пра тое, чым можа абярнуцца фатаграфаваньне ля Карла Маркса, 38, — справакаваў на паралелі.

Нейкі час таму ў Кіеве мы з калегамі даволі доўга круціліся перад самымі дзьвярыма Юшчанкавай адміністрацыі, робячы здымкі на памяць. Ніхто з ахоўнікаў і не пачухаўся. Мы іх на дварэ ўвогуле ня бачылі. Мо, памаранчавая рэвалюцыя так разбэсьціла? :-)

Ніхто не перашкаджаў здымацца і ля каралеўскага палацу ў Брусэлі (фотка во тут), і ля ўрадавых рэзыдэнцыяў яшчэ ў шэрагу заходніх сталіцаў. Ня кажучы ўжо пра тое, што ў парлямэнты на гнілым Захадзе водзяць экскурсантаў! У будынку райхстагу, напрыклад, над галовамі дэпутатаў пад шкляным купалам увесь час паўзе людзкі ланцужок.

Там і такім чынам імкнуцца давесьці электарату: вось мы, як на далоні, працуем празрыста — нават у літаральным сэнсе.

Колькі камянёў было кінута падчас перабудовы ў партнамэнклятуру! Адарвалася ад народу і г.д. Але ж аддамо належнае: за савецкім часам без асаблівых праблемаў можна было прайсьці і ў будынак на Карла Маркса, 38 — тагачасны штаб КПБ. Старыя газэтчыкі ведаюць. Стаяў унізе адзін міліцыянт.

За часамі Шушкевіча парадак быў таксама лібэральны. А ўся ахова старшыні Вярхоўнага савету складалася зь дзевяцёх чалавек, якія дзяжурылі па чарзе. Звычайна на паверсе даводзілася бачыць аднаго службоўца, што курыў дзе-небудзь побач з прыёмнай. Увогуле ж тую жменьку хлопцаў з кабурамі пад пахай журналісты ведалі ў твар.

У прэзыдэнцкую эпоху прадстаўнікоў СМІ сталі правяраць у тым будынку значна пільнейшым чынам. Прыходзіць на прэсавую канфэрэнцыю загадвалі ці не за тры гадзіны да пачатку.

...А колісь, годзе ў 1970-м, мой бацька, зьезьдзіўшы па справах зь вёскі ў сталіцу, распавядаў, што бачыў на прасьпекце ля паштамта самога першага сакратара ЦК КПБ. "Гляджу: дастаў Машэраў папяросу, закурыў і пашпацыраваў па тратуары. Прыгледзеўся я — крокі за тры ззаду тупае, як прывязаны, мажны дзяцюк. А што ж ты думаў, такія людзі без аховы ня ходзяць!", — тлумачыў мне бацька.

Цяпер тая патрыярхальнасць выклікае ўсьмешку.

Канешне, ахова высокага кіраўніцтва — рэч неабходная. І зразумела, што зь цягам часу яна мусіць ўдасканальвацца, бо ўсё болей вытанчаным становіцца арсэнал розных патэнцыйных зламысьнікаў.

Але ў любым выпадку паляваньне на фатографаў-аматараў падаецца перагінам. Ці перастрахоўкай. Сапраўдныя шпегі з мыльніцамі ня ходзяць. Сучасны Джэймс Бонд з камэрай у гузіку ці зубе ўсё сфатаграфуе бяз шуму і пылу :-)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?