«Я баюся толькі Божага суду, а не людзкога» — сказаў сёньня ў інтэрвію нашаму радыё Сакрат Яновіч. Нагадаем, што адзін з найбольш аўтарытэтных дзеячаў беларускай меншасьці на Беласточчыне прызнаўся, што ў 50‑60‑я гады ён супрацоўнічаў са Службаю бясьпекі Польскай Народнай Рэспублікі. Пра гэта вядомы пісьменьнік паведаміў у люстрацыйнай заяве.

«Я наіўна верыў, што змагаюся за беларускую справу — кажа Сакрат Яновіч, адказваючы на пытаньне, што прымусіла яго пагадзіцца на супрацу са Службаю бясьпекі. Паводле словаў пісьменьніка, на працягу шматлікіх гадоў ён намагаўся рабіць усё магчымае, каб СБ ад яго «адчапілася». Галоўным заданьнем Яновіча мела быць «дапамога ўладам у захаваньні беларускага асьветніцкага руху ад уплываў варожых сілаў». Напрыканцы 50‑х гадоў пісьменьнік зразумеў, у чым сапраўды заключалася ягоная праца.

Цяпер ён лічыць той эпізод жыцьця малазначным, і каб у Польшчы не распачаўся працэс люстрацыі, то Яновіч нават бы ня ўзгадаў пра тое, што калісьці пагадзіўся даносіць на сваіх знаёмых.

С. Яновіч: Я не лічыў гэта важнай справай, гэта ж было паўстагодзьдзя таму. Калі высьветлілася, што гэта пагражае нейкімі наступствамі Юрку Хмялеўскаму, галоўнаму рэдактару месячніка «Часопіс», зь якім я супрацоўнічаю, то я вырашыў скласьці гэтую люстрацыйную анкету. Каб не працэс люстрацыі, я б нават пра гэта й не памятаў бы. Для мяне гэта даўні й малаважны эпізод. Учора званілі да мяне Вапа й Латышонак і намаўлялі, каб я гэтага ня браў да галавы. Я ўжо настолькі стары, што баюся толькі Госпада Бога. Як пісаў калісьці Адам Міцкевіч: «На Божым судзе ўсім у сраку будзе».

Як прызнаецца Яновіч, сярод асобаў, пра якіх ён павінен быў інфармаваць СБ, былі пісьменьнік Аляксандар Баршчэўскі й тагачасны рэдактар «Нівы» Юры Валкавыцкі. Яновіч кажа, што перад СБ ніколі дрэнна ня сьведчыў супраць гэтых людзей і ягоная дзейнасьць не магла б прынесьці ім у той час шкоды.

Мы датэлефанаваліся да спадара Баршчэўскага, каб запытацца, як ён паставіўся да прызнаньня Сакрата Яновіча.

А. Баршчэўскі: Для мяне гэта было нечаканасьцю, бо ўсе гады Яновіч рабіў усё, каб прадставіцца перад чытачамі, як сумленьне беларускай нацыі. Ён вельмі часта лаяў беларусаў, што яны пазбаўленыя нацыянальных пачуцьцяў, што нячыстыя маральна й духоўна. Аказалася, што ён сам такі. І ён хлусіць, калі кажа, што калі СБ зь ім сустракалася, то ён вельмі пазытыўна гаварыў пра мяне й Валкавыцкага. СБ не ангажавала б чалавека, які б пазытыўна выказваўся пра іншых. Як гэта так, што ў размове з СБ ён казаў, што я добры, а пасьля йшоў дадому і ў сваіх дзёньніках аплёўваў мяне «з ног да галавы». Хай Бог яго судзіць, я з гэтым чалавекам не жадаю мець аніякіх кантактаў.

Гісторык Яўген Мірановіч, былы рэдактар «Нівы», а цяпер кіраўнік катэдры Беларускай культуры Ўнівэрсытэту ў Беластоку, гаворыць, што не асуджае Сакрата Яновіча й лічыць гэта чалавечай драмай пісьменьніка.

Я. Мірановіч: Я ўспрыняў гэта без асаблівых эмоцыяў, для мяне гэта не было сэнсацыяй. Тады быў час такі, што ў меншасных рэдакцыях фактычна ўсе адзін пра другога інфармавалі. Такі парадак быў ва ўсім савецкім лягеры, і ня толькі сярод меншасных арганізацыяў. Тым больш, што ён паспрабаваў адысьці ад гэтага, за што быў звольнены з працы. Я лічу гэта драмай чалавека, які меў годнасьць, каб пакінуць гэта за сабою. Ён зразумеў, што зрабіў памылку.

Чалавек з прынцыпамі — такім заўсёды лічыў Сакрата Яновіча Генадзь Бураўкін. Паэт ня хоча быць судзьдзёю для Сакрата Яновіча. Сваімі меркаваньнямі ён падзяліўся з нашым радыё.

Г. Бураўкін: Трэба ведаць пэўныя рэчы: ці было гэта актыўнае супрацоўніцтва, ці фармальнае. Наколькі я ведаю Сакрата Яновіча, ён засёды быў асобаю з прынцыпамі, цікавы й сур’ёзны чалавек. Ня ведаючы дэталяў ягонага супрацоўніцтва, я баюся ацэньваць гэты ўчынак, але, бясспрэчна, мне гэта вельмі непрыемна.

***

Сакрат Яновіч нарадзіўся 4 верасьня 1936 г. у мястэчку Крынкі Беластоцкага ваяводзтва ў сям’і шаўца. У 1955 г. скончыў Беластоцкі электратэхнікум. Працаваў брыгадзірам электрамантэраў на баваўняным камбінаце пад Беластокам. З 1956 г. працаваў у новастворанай рэдакцыі газэты «Ніва» — перакладчыкам, потым журналістам. У 1959‑1962 гг. загадваў арганізацыйным аддзелам Галоўнага праўленьня Беларускага грамадзка‑культурнага таварыства. Пасьля звальненьня ў 1970 г. з працы ў «Ніве» па палітычных матывах (за гэтак званы беларускі нацыяналізм) застаўся беспрацоўным. Нейкі час рабіў грузчыкам, тэхнікам бясьпекі працы. У 1973 г. скончыў завочны факультэт польскай і славянскай філялёгіі Варшаўскага ўнівэрсытэту. У другой палове 70‑х гг. — паўштатны інструктар‑мэтадыст Беластоцкага гарадзкога Дому культуры, у першай палове 80‑х гг. — тэхнічны рэдактар «Нівы». Сябра Саюзу польскіх пісьменьнікаў. Зьяўляўся старшынём Клюбу Саюзу польскіх пісьменьнікаў у Беластоку. Старшыня Беларускага дэмакратычнага аб’яднаньня — першай беларускай палітычнай партыі ў пасьляваеннай Польшчы. Аўтар 30 кнігаў. (паводле

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?