З заклікам спыніць разбурэньне гістарычнай часткі Горадні зьвярнулася да гарадзкіх уладаў група выкладчыкаў Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы.

Як паведамляе прэс‑служба гарадзенскіх прыхільнікаў руху «За свабоду!», у распаўсюджаным сёньня адкрытым звароце да гарадзкіх уладаў і грамадзкасьці гораду дацэнты Анатоль Брусевіч і Ала Петрушкевіч, а таксама старэйшая выкладчыца ГрДзУ Сьвятлана Тарасава адзначаюць, што пад выглядам рэканструкцыі горада «адбываецца фактычнае зьнішчэньне непаўторных па сваіх асаблівасьцях будынкаў і помнікаў архітэктуры, зьмяняецца гістарычнае аблічча Горадні, зьнікае яго самабытны калярыт».

У мінулым гораду, нагадваюць выкладчыкі, дастаткова падобных ганебных справаў: зьнішчэньне Фары Вітаўта, гістарычнага будынку чыгуначнага вакзалу. «Трэба памятаць, што зьнішчаючы гісторыю, мы перакрэсьліваем і сваю будучыню» — адзначаецца ў звароце.

Выкладчыкі заклікаюць гарадзкія ўлады «спыніць бяздумныя дзеяньні па так званай рэканструкцыі Горадні».

Радыё Рацыя

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0