На патрабаваньне адмовіцца ад сваёй долі ўласнасьці на карысьць дзяржавы, слуцкія цукравары адказваюць пратэстамі.

Дзяржава імкнецца павялічыць сваю долю ў статутных фондах цукровых заводаў у Жабінцы, Гарадзеі, Скідзелі і Слуцку. Чыноўнікі даводзяць, што за тры апошнія гады на ўсіх гэтых прадпрыемствах былі рэалізаваныя буйныя інвэстыцыйныя праекты. Надышоў час разьлічвацца за дапамогу. Форма разьліку — акцыямі.

Вызначана, што Жабінкаўскі цукровы камбінат абавязаны перадаць дзяржаве 21,538 мільёнаў акцыяў па 140 рублёў за кожную, Скідзельскі — 13,5 мільён, Гарадзейскі — 16,3 мільёна. ААТ «Слуцкі цукрова‑рафінадны камбінат» браў найбольш буйны банкаўскі крэдыт. Яму налічылі вярнуць больш як 20 мільёнаў акцыяў.

Галоўны бухгалтар прадпрыемства Соф’я Міхайлава перакананая: прымус зьверху несправядлівы. «З усіх беларускіх заводаў галіны да акцыянаваньня толькі наш камбінат працаваў паводле схемы, пры якой частка прыбытку накіроўвалася на асабістыя рахункі нашых працаўнікоў. Тады кошт адной акцыі складаў 350 рублёў, што адпавядала кошту 10 чэкаў «Маёмасьць» — кажа бухгалтар. Са словаў спадарыні Міхайлавай, да 2005 году акцыі камбіната прадаваліся ў калектыве вольна. Шмат хто з працаўнікоў ахвяраваў на гэта грошы з заробку ці з накапленьняў. За 10 гадоў, якія камбінат адпрацаваў у рэжыме акцыянэрнага таварыства, асноўныя фонды прадпрыемства вырасьлі ў сотні разоў. Цяпер адна акцыя, па маіх разьліках, забясьпечваецца маёмасьцю прыкладна ў 320.000 рублёў, — даводзіць спэцыяліст.

Сапраўды, тэхнічнае абнаўленьне вытворчасьці дазволіла слуцкім цукраварам атрымаць узнагароды і падзякі эўрапейскіх фірмаў «Басф», «Баер», «Аграматко». Менавіта слуцкі цукар займеў брэнд «Прадукт году‑2006» і права выкарыстаньня яго на працягу году на сваёй упакоўцы.

Высокая ступень ачысткі цукру, у тым ліку мікрабіялягічнай, з выкарыстаньнем эўрапейскага абсталяваньня, прыцягвае да Слуцку спажыўцоў. Асаблівыя патрабаваньні маюць Менскі завод мэдпрэпаратаў, фірма «Кока‑кола», завод ігрыстых вінаў.

Прыгадаем таксама, што камбінат фасуе прадукт у празрыстыя аднакіляграмовыя поліэтыленавыя пакеты, каб пакупнік бачыў, які тавар яму прапануецца. Працуе таксама лінія па расфасоўцы цукру ў маленькія 10‑грамовыя пакецікі, на аднаразовую порцыю, з нанясеньнем на ўпакоўку лягатыпу заказчыка. Аб’ём паставак такога кшталту — 125 тонаў. Беларуская чыгунка, шматлікія кафвярні, бары і рэстарацыі жадаюць мець тавар менавіта ў такім выглядзе.

У сэзон перапрацоўкі камбінат вырабляе ў суткі 1000 тон цукру. Сярэдні заробак летась дасягнуў 900 тысяч рублёў. Як кажуць, жыві і радуйся. Але дабрабыт падкасіла Расея. Цяпер на ўласных і арандаваных складах прадпрыемства ляжаць тысячы тон цукру. Вытворчасьць яго спыненая. Працаўнікі — у вымушаным адпачынку. Трывога за будучае нарастае.

Акцыянэр прадпрыемства Анатоль Ляўкоўскі лічыць, што дзяржава спэкулюе на сытуацыі, вымушае практычна дарэмна аддаваць акцыі. Як і Анатоль, большасьць цукравараў у супраціўляецца прымусу. На апошнім сваім сходзе акцыянэры не прынялі прапановы ўраду здаць свае акцыі па стартавым кошце 1996 году — за 350 рублёў. Па выніках галасаваньня дзяржаўная доля пакінутая на ранейшым узроўні — толькі 27 адсоткаў.

Невыпадкова слуцкіх цукравараў ахрысьцілі «паўстанцамі», як некалі тых, хто ваяваў з бальшавізмам. Кажуць, што цяперашнім змагарам за свой дабрабыт дзяржава адмовіць у дапамозе. Прадпрыемства можа не атрымаць квоту на ўвоз цукру ў Расею. Самім давядзецца вяртаць вялікія банкаўскія крэдыты. Паказальна, што напярэдадні сходу акцыянэраў Слуцкага цукрова‑рафінаднага камбінату было вядома пра вынікі галасаваньня ў Жабінцы, Гарадзеі й Скідзелі. Паўсюль атрымана згода на павелічэньне долі дзяржавы ў статутных фондах да 95‑98 %. Спакусе застацца парабкамі ў дзяржаве случчакі не паддаліся.

А што падказвае чужы досьвед?

Праўленьне латвійскай «Елгавіс цукурфабрыка» вырашыла прыняць прапанову Эўракамісіі аб дэмантажы ўсяго абсталяваньня. Узамен прадпрыемства атрымае каля 3 мільёнаў эўра. Грошы падзеляць на 300 працаўнікоў фабрыкі — у сярэднім па 6‑7 тысяч эўра. Дадатковая кампэнсацыя належыць працаўнікам, у сем’ях якіх гадуюцца дзеці. Для ўсіх рабочых ствараецца магчымасьць асваеньня іншай спэцыяльнасьці, паслугі юрыста і псыхоляга.

Плянуецца, што рэструктарызацыю прадпрыемства завершаць цягам двух з паловай гадоў. Такім чынам, у Елгаве вызваліцца тэрыторыя плошчай 40 гектараў. Будуць разглядацца найбольш прыбытковыя прапановы на разьмяшчэньне тут прадпрыемстваў з найноўшымі тэхналёгіямі і экалягічнай бясьпекай. Імпартаваны цукар для насельніцтва абыходзіцца ўжо таньней, чым латвійскай вытворчасьці.

Галіна Баравая, www.bulletinonline.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0