У Саўт-Рывэры памёр вядомы беларускі дзеяч Алекс Сільвановіч.
Зь Беларусі Алекс Сільвановіч [7.ІІІ.1937 — 14.V.2007] выехаў разам з бацькамі ў часе Другой сусьветнай вайны ў 1944 годзе. У Амэрыку яны прыбылі зь Нямеччыны ў 1950 годзеТут Алекс скончыў у Саўт‑Рывэры, штат Нью‑Джэрзі, сярэднюю школу ды атрымаў вышэйшую асьвету ў Ратгерскім унівэрсытэце ў галіне хіміі. Працаваў у Тэхналягічнай Групе ў штаце Нью‑Джэрзі, займаў адказныя становішчы. Калі пачала пашырацца кампутарызацыя, стаўся выдтаным экспэртам кампутарнай тэхналёгіі.

Бацькі Алекса перадалі свайму адзінаму сыну глыбокую рэлігійнасьць. Царкоўны прыслужнік у юнацкім веку, Алекс праз усё сваё жыцьцё пранёс цеснае дачыненьне да справаў Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы. Працягам 30 гадоў выконваў абавязкі скарбніка прыходу Жыровіцкай Божай Маці ў Гайлэнд‑Парку, уваходзіў у склад Кансысторыі БАПЦ. Выдатна разумеў спалучальную ролю царквы ў абставінах дыяспарнага існаваньня грамады. Рэлігійнасьць была яму таксама асноваю маральных прынцыпаў, крыніцай пачуцьця спагады да людзей у бядзе. Калі на пачатку 1990‑х гадоў рухнуў у Беларусі камуністычны рэжым і зьявілася магчымасьць пасылаць гуманітарную дапамогу ахвярам чарнобыльскай ядравай катастрофы, Алекс разам з жонкай Нінай і ў супрацоўніцтве з дабрачыннай арганізацыяй СітыГоўп узяўся за вялікую справу завозу ў Беларусь дапамогі пацярпелым ад Чарнобыля. У некалькіх падарожжах у Беларусь яны ня толькі завезьлі мэдыкамэнты й мэдыцынскія прыпасы — усяго вартасьцяй больш як шэсьць міліёнаў даляраў, ‑‑ але й дагледзелі, каб усё было разьвезена па месцах, што мелі патрэбу ў дапамозе.

Пасьля таго як абвалілася жалезная заслона й пашырыліся людзкія сувязі з суродзічамі ды ажывілася беларускае жыцьцё ў Амэрыцы, Алекс узяў на сябе цэлы шэраг абавязкаў у дадатак да тых, што былі зьвязаны зь ягоным удзелам у царкоўных справах. Ён узначаліў новую арганізацыю Фонд Беларускага Адражэньня, быў адным з заснавальнікаў і сустрашынём Кааліцыі ў Абарону Дэмакратыі й Правоў Чалавека ў Беларусі, увайшоў у склад Прэзыдыюму Рады БНР. У 1993 г. браў удзел у першым сусьветным зьезьдзе беларусаў у Менску й увайшоў у склад Вялікай Рады Згуртаваньня Беларусаў Сьвету «Бацькаўшчына». Усё гэта ў дадатак да сяброўства ў Беларуска‑Амэрыканскім Задзіночаньні й Беларускім Інстытутце Навукі й Мастацтва.

Алекс Сільвановіч быў шчырым працаўніком, чалавекам высокіх маральных крытэраў і выразнай жыцьцёвай арыентацыі. Ён ведаў сваю галоўную мэту — свабода й незалежнасьць Беларусі ‑‑ і гэтае ўсьведамленьне давала яму вытрываласьць у працы. Ён быў заўсёды гатовы выканаць тое, што ад яго патрабавалася. Ніколі не наракаў на перагружанасьць працай ‑‑ ці то якое паседжаньне, ці падарожжа ў складзе дэлегацыі ў Вашынгтон, ці нейкі выдавецкі праект, ці што б там ні было ‑‑ Алекс заўсёды быў гатовы.

Калі шмат хто з нас пачаў азнаямляцца з загадкавай машынай, якою быў кампутар, Алексава валоданьне гэтай тэхналёгіяй заашчадзіла шмат каму даўгія гадзіны пакутаў у намаганьнях прабіцца наперад. Цярплівы й дабразычлівы, Алекс заўсёды быў даступны з дапамогай і парадай.

Ягоная лагодая натура мела ў сабе выразны паэтычны складнік. Алекс любіў прыгажосьць, асабліва прыгажосьць прыроды. У яго было вострае вока на бачаньне навакольля, і гэтая здольнасьць зафіксавалася ў мностве фатаздымкаў, зробленых працягам дзесяцігодзьдзў. Алекс быў заўсёдным удзельнікам мастацкіх выставак, што адбываліся штогоду на працягу 25 гадоў у Беларуска‑Амэрыканскім Цэнтры ў Саўт‑Рывэры. Ён таксама ўдакумэнтаваў фатаграфічна сотні большых і меншых падзеяў беларускага грамадзкага жыцьця ў Амэрыцы. Ягоны фотаархіў — гэта цэлая скарбніца матар’ялу для гісторыі беларуска‑амэрыканскай грамады, пачынаючы ад 1950‑х гадоў.

Алекс правёў сотні а сотні гадзінаў каля свайго кампутара, зьбіраючы інфармацыю патрэбную для агульнага ўжытку або распаўсюджваючы інфармацыю ў інтарэсах беларускае справы.

Алексава веда навукі й тэхнікі сталася на пачатку гэтага стагодзьдзя каштоўным укаладам у апрацоўваны супольна зь сябрамі БІНіМу ангельска‑беларускі слоўнік, да рэдкалегіі якога ён належаў ды які цяпер высока ацэньваецца як тут, у Амэрыцы, гэтак і ў Беларусі.

На працягу доўгіх гадоў Алексавага жыцьця ў здароўі, а пасьля ў часе недамаганьняў, разам зь ім заўсёды была ягоная жонка Ніна. Яна яго верна падтрымлівала й удзельнічала ў ягонай дзейнасьці.

(...) У апошні шлях з царквы Жыровіцкай Маці Божай у Гайленд‑Парку да праваслаўнага могільніка ў Іст‑Брансўіку Алекса Сільвановіча праводзілі сьвятар а. Пол, сям’я — жонка Ніна, жанатыя сыны Тонік і Андрэй зь сем’ямі ды замужнія дочкі Лена й Іра зь сем’ямі — сваякі, сябры й супрацоўнікі. Над дамавінай пакрытай бел‑чырвона‑белым сьцягам прагучэў на разьвітаньне ў выкананьні хору жалобны марш «Сьпі пад курганам герояў».

Вечная памяць Аляксандру (Алексу) Сільвановічу, вернаму сыну Беларусі, якую ён любіў і дзеля якой працаваў.

Янка Запруднік, Самэрсэт (Нью-Джэрзі)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0