Беларускі ўрад пакуль не прыступіў да рэалізацыі праектаў дывэрсыфікацыі імпарту нафты. Газэта «Белорусы и рынок» аналізуе магчымыя сцэнары разьвязаньня праблемы.

Канцэпцыя энэргетычнай бясьпекі прадугледжвае наладжваньне паставак нафты з альтэрнатыўных крыніцаў праз тры гады ў аб’ёме 20 адсоткаў ад патрэбы. У часе сустрэчы беларускага пасла ў Літве Ўладзімера Дражына са сьпікерам літоўскага парлямэнту Віктарасам Мунцянасам вялося пра магчымасьць транспарціроўкі нафты праз літоўскія тэрміналы.

У. Дражын распавёў пра гатовасьць беларускага боку пачынаючы з наступнага году завозіць празь Літву нафту з Вэнэсуэлы ды Ірану. Аб’ём імпарту — да 7 млн тонаў нафты штогод. Прэм’ер‑міністар Літвы Гедымінас Кіркілас у сувязі з гэтым паведаміў, што літоўскі бок гатовы падтрымаць гэты праект пры ўмове атрыманьня афіцыйнай прапановы з боку беларускага ўраду. Умовай далейшага разьвіцьця супрацоўніцтва ў гэтым накірунку, па словах Г. Кіркіласа, ёсьць таксама пашырэньне магутнасьцьяў тэрміналу ў Буцінгэ.

Паводле афіцыйнай Літвы, рэалізацыя праекту па пастаўках нафты праз літоўскія тэрміналы найперш залежыць ад зацікаўленасьці Беларусі ў доўгатэрміновым супрацоўніцтве. Несакрэт, што вырашэньне гэтага пытаньня патрабуе істотных інвэстыцыяў з боку літоўскіх кампаніяў у інфраструктуру Клайпэдзкага порту і тэрміналу ў Буцінгэ. Аднак з боку афіцыйнага Менску пакуль не паступала ніякіх прапановаў. Ускосна гэта можна патлумачыць часовай няпэўнасьцю на літоўскім нафтавым рынку: польскі канцэрн RKN Oplen, уладальнік Mazejkiu nafta, мае свае інвэстыцыйныя пляны ў Літве. У тым ліку кіраўніцтва канцэрну вядзе перамовы з літоўскім урадам аб набыцьці кантрольнага пакету акцыяў тэрміналу Klaipedos nafta. Вераемна беларускія ўрадоўцы чакаюць вынікаў перамоваў, каб вырашаць пытаньне з канкрэтным уладальнікам тэрміналаў. Тады, магчыма, і стане зразумелым сапраўдны сэнс заяваў пра альтэрнатыўныя шляхі паставак нафты.

Чакае прапановаў зь Беларусі і Латвія. Першы віцэ‑прэм’ер Уладзімер Сямашка яшчэ ў студзені агучыў варыянт паставак нафты на наваполацкі «Нафтан» праз тэрмінал у Вэнтсьпілсе. Нібыта ўжо й папярэднія перамовы з кампаніяй Vitol (суўладальніцай холдынгу Ventspils nafta) правялі. Праект ацанілі ў $15‑30 млн, і ён мусіў рэалізавацца за 2,5 гады. Такая нерашучасьць беларускага боку, на думку экспэртаў, можа сьведчыць пра адсутнасьць выразнага бачаньня пэрспэктываў разьвіцьця ўласнай нафтаперапрацоўкі, і, адпаведна, транзыту нафты.

Тым не менш, рэзюмуе «БР», літоўскія і латыскія тэрміналы пакуль застаюцца ці не адзінымі альтэрнатыўнымі Расеі шляхамі паставак нафты адкуль бы то не было.

Сямён Печанко, паводле «Белорусы и рынок»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0