Акруговы суд ва Ўроцлаве вырашыў не выдаваць беларускім уладам 30‑гадовага беларуса Максіма Раменчыка — ягонай экстрадыцыі дамагалася беларуская пракуратура, абвінавачваючы Раменчыка ў разбоі. Абаронцы беларуса дааводзілі, што гэта перасьлед за палітычную дзейнасьць.

Паводле судзьдзі Марыюша Вёнзка, «у цяперашняй сытуацыі выдача Беларусі Максіма Раменчыка недапушчальная паводле закону». Суд не высьвятляў, вінаваты Раменчык ці не ў тым, што закідае яму беларуская пракуратура, бо, як сказаў спадар Вёнзак, прадметам разьбіральніцтва было, ці можа Раменчык разьлічваць на справядлівы працэс у Беларусі».

«Існуюць сур’ёзныя падставы меркаваць, што не», — заявіў судзьдзя.

Беларуская пракуратура абвінаваціла Максіма Раменчыка ў разбоі і крадзяжах, учыненых восеньню 1998 году. Запыт аб ягонай экстрадыцыі, аднак, паўстаў толькі летась, пасьля таго, як Максім 9 гадоў пражыў у Польшчы, скончыў Уроцлаўскі унівэрсітэт.

«Максім пасьля 1998 году шмат разоў быў у Беларусі, і чамусьці яго не арыштоўвалі, а потым, калі ён пачаў актыўна ўдзельнічаць у арагнізацыі беларускіх акцыяў, далучыўся да некалькіх прабеларускіх арагнізацыяў, пра ягоныя «злачынствы» адразу ўзгадалі», — кажа Войцех Суры, абаронца Максіма Раманчыка.

Паводле грамадзкай арганізацыі «Цяпер Беларусь», якая распаўсюдзіла ў справе спадара Раменчыка адмысловую заяву, усе абвінавачаньні беларускіх сьледчых ворганаў на ягоны адрас — фальшыўка.

Адметна, што ў часе судовага працэсу маці Максіма Валяньціна Раменчык пыталася, ці будзе тое, што яна гаворыць у судовай залі, вядомае ў Беларусі, бо перад судом яе змусілі падпісаць паперу аб тым, што на суд да сына яна не паедзе.

Сам Максім Раменчык, які быў вызвалены адразу пасьля выраку, заявіў, што «да канца верыў у тое, што польскія ўлады ня выдадуць яго беларускай пракуратуры».

Аляксей Дзікавіцкі, Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0