У аўторак увечары ў Лёндане лідэр беларускай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч заявіў, што не зьбіраецца вылучаць сваю кандыдатуру на пасаду аднаго з сустаршыняў дэмакратычнай кааліцыі. Мілінкевіч застаецца верным сваім ранейшым перакананьням, што апазыцыі неабходны адзіны лідэр. «Будзе крок назад», ‑‑ сказаў Мілінкевіч у інтэрвію радыё «Свабода».

Разам з тым Мілінкевіч паведаміў, што ня будзе ігнараваць Кангрэс, які пройдзе 26‑27 траўня, магчыма, што ў палацы культуры менскага аўтазаводу. Палітык зьбіраецца выступіць на ім з дакладам, дзе агучыць свой пункт погляду на бягучую сытуацыю.

Ад панядзелка Аляксандар Мілінкевіч знаходзіўся па запрашэньні МЗС Вялікай Брытаніі зь візытам у Лёндане. Там ён правёў сустрэчы ў брытанскім парлямэнце, з кіраўніком Камісіі па замежных справах кіруючай лейбарысцкай партыі Эрыкам Джойсам, якому прапанаваў прадстаўляць інтарэсы беларускай апазыцыі ў Вялікай Брытаніі, праваабаронцамі з арганізацыяй «ARTICLE 19» і «Amnesty International», якія змагаюцца за вызваленьне беларускіх палітвязьняў і свабоду СМІ ў Беларусі, а таксама прадстаўнікамі кансэрватыўнай і лейбарысцкай партыяў.

Галоўнымі тэмамі перамоваў сталі: становішча беларускіх СМІ, новыя акцыі ў абарону палітвязьняў і ў падтрымку незалежнасьці Беларусі, праграмы падтрымкі беларускай моладзі, працаўладкаваньне звольненых па палітычных матывах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?