«Камунізм — на міжнародны трыбунал». Пад такой назвай 16 чэрвеня ў Менску адбудзецца міжнародная канфэрэнцыя з удзелам вядомых беларускіх гісторыкаў.

Арганізатарам мерапрыемства выступіў грамадзкі камітэт па ўвекавечаньню памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Як паведаміў Рацыі сустаршыня камітэту, вядомы беларускі гісторык Ігар Кузьняцоў, ініцыятыва аб правядзеньні сэрыі падобных канфэрэнцый належыць літоўскаму боку, які яшчэ год таму прапанаваў 23 краінам Эўропы ў адзін дзень правесьці антыкамуністычныя мерапрыемствы. Аналягічная канфэрэнцыя яшчэ ў 2000 годзе адбылася ў Вільні. Зараз асуджаць камуністычную ідэялёгію будуць ужо па ўсёй Эўропе.

Кузьняцоў: «Плянуецца, што пасьля таго, як гэтая канфэрэнцыя пройдзе сынхронна ў гэтых краінах, усе матэрыялы будуць абагуленыя, перакладзеныя на ангельскую мову й накіраваныя ў вядучыя бібліятэкі сьвету, а таксама ў тыя ворганы, якія займаюцца рашэньнем гэтых праблемаў».

Паводле гісторыка, суд над каунізмам нельга разглядаць, як нейкі аналяг Нюрнбэргскага працэсу, бо дзеля гэтага няма юрыдычных падставаў. Гэта хутчэй напамін пра тое, што адбывалася пад чырвоным сьцягам за савецкім часам.

Кузьняцоў: «Справа ў тым, што фашызм быў асуджаны на Нюрнбэрзе, і мы на прыкладзе Нямеччыны бачым, як краіна насамрэч зьмянілася, цэлыя пакаленьні асуджаюць фашызм і прымаюць пэўныя крокі дзеля таго, каб прымірыць народы й аказаць дапамогу тым краінам, якія пакутавалі ад фашызму. У нас жа ніякая дапамога не была аказаная дзяржаваю тым ахвярам, якія пакутавалі падчас сталінскіх рэпрэсіяў. І цяжка спадзявацца, што гэтая праблема будзе хуткім часам вырашаная, асабліва ў нашай краіне».

Вядомы беларускі палітык і грамадзкі дзеяч Вячаслаў Сіўчык упэўнены, што камуністычная ідэалёгія павінна быць асуджаная хаця б дзеля таго, каб тыя страшныя часы не паўтарыліся зноў.

Сіўчык: «Рэпрэсіі бальшавікоў, у тым ліку і сталінскі пэрыяд, забралі жыцьцё

шмат беларускіх грамадзянаў. Больш таго, сёньняшняе беларускае грамадзтва пазбаўленае праўды аб тых падзеях. Невыпадкова ў нас адкрываюцца «Лініі Сталіна» і нават сёньня адбываюцца палітычныя рэпрэсіі. Таму вельмі важна, каб такая канфэрэнцыя адбылася ў Менску, бо тыя, хто няздольныя асэнсаваць сваё мінулае, заўсёды сустракаюцца зь нэгатыўнымі працэсамі ў будучыні».

Паводле незалежных дасьледчыкаў, падчас сталінскіх рэпрэсіяў загінулі, альбо былі асуджаныя й высланыя з тэрыторыі краіны больш за 1 млн. беларусаў. Але, па афіцыйнай статыстыцы, растраляныя былі каля 25 тысячаў. Ігар Кузьняцоў упэўнены, што гэтая лічба значна заніжаная.

Кузьняцоў: «Па маіх падліках, на тэрыторыі Беларусі й па‑за яе межамі былі растраляныя каля 300 тысячаў беларусаў. Гэта толькі растраляныя, без уліку так званых рэпрэсіяў, якія не праходзяць у якасьці юрыдычных».

Зараз у Беларусі існуюць дзьве камуністычныя партыі — Партыя камуністаў Беларуская і Камуністычная партыя Беларусі. Нягледзячы на тое, што першая партыя зараз знаходзіцца ў авангардзе дэмакратычных сілаў, а другая зьяўляецца зацятым апалягетам Лукашэнкі, абедзьве палітычныя структуры асуджаюць сталінізм. Але робяць гэта даволі своеасабліва. Напрыклад, кіраўнік Менскай гарадзкой арганізацыі КПБ Валер Драко назваў сталінскія рэпрэсіі «памылкай» і «перагібам» тагачаснага кіраўніцтва Савецкага Саюзу.

Драко: «Так, былі рэпрэсіі. Так, былі перагібы, але ж усё упіралася ў кадры. Камуністычная партыя дала сваю ацэнку гэтым зьявам. Да таго ж, колькасьць ахвяраў значна перабольшаная. Пазьняк некалі казаў пра мільёны загінуўшых. Але насамрэч іх было няпоўных 100 тысячаў. Хоць я і разумею, што жыцьцё кожнага чалавека — гэта вельмі важна».

Сябра Цэнтральнага камітэту ПКБ Сяргей Вазьняк кажа, што калі хтосьці жадае асудзіць сталінскія часы, то яны ужо спазьніліся.

Вазьняк: «Наша партыя гэта ўжо даўно зрабіла. Спачатку гэта зрабіла КПСС у 1956 годзе на сваім 20‑м зьезьдзе. Потым гэта зрабіла ўжо ПКБ — як пераемніца КПСС на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Нават у праграме партыі ў нас адзначаецца, што мы асуджаем рэпрэсіі. Дзеля нас гэтае пытаньне зразумелае й сваю пазыцыю па ім мы даўно выказалі».

Але Сяргей Вазьняк цалкам нязгодны з тым, што ўдзельнікі меркаванай канфэрэнцыі плянуюць асудзіць камуністычную ідэалёгію цалкам.

Вазьняк: «Тады трэба пачынаць з хрысьціянскай ідэалёгіі, бо пад яе штандартамі таксама нямала крыві пралілося. Потым трэба асудзіць лібэральную ідэалёгію. Калі ўспомніць францускую рэвалюцыю, то там гільятыны працавалі без перапынку — рубілі галовы арыстакратам».

Прадстаўнікі камуністычных партыяў былі б згодныя нават прыняць удзел у плянуемай канфэрэнцыі, але пры ўмове, што падчас яе будзе арганізаваная сапраўдная навуковая дыскусія, а не палітычны працэс над прыхільнікамі ідэяў Маркса‑Энгельса.

Вазьняк: «Але такія канфэрэнцыі, за правіла, праводзяць не гісторыкі, якія здольныя да сур’ёзнага навуковага й гістарычнага аналізу, а ангажаваныя на антыкамунізм прапагандысты. Таму нас гэтае мерапрыемства не цікавіць».

Варта дадаць, што па выніках канфэрэнцыі «Камунізм — на міжнародны трыбунал» прымуць адмысловую рэзалюцыю, якая стане часткай агульнага дакумэнта, які, можа быць, некалі ўвойдзе ў міжнароднае абвінавачваньне камуністычнай ідэалёгіі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?