Дагэтуль каля дзьвюх соцень цялят‑сяголетак некалькі дзён стаялі бязь ежы. Марыла іх голадам сельгаспрадпрыемства «Слабадзкая зара».

Падчас мінулых сьвятаў паўсюдна гучалі рапарты аб працоўных дасягненьнях. Пра эканамічны прагрэс шмат казалася й на Мядзельшчыне. І тады ж з фермы вёскі Лейцы зьнік цэлы калгасны статак.

За апошнія гады тутэйшы куток Мядзельшчыны рэфармаваўся не аднойчы. Жыхарам Лейцаў пасьля чарговага злучэньня‑далучэньня абяцаўся сельскагаспадарчы ўздым. Але час ішоў, а перамены не надыходзілі. Наадварот, некалі выдатная жывўлагадоўчая фэрма прыйшла ў заняпад.

Тут разьмясьцілі для адкорму цялят, але пра кармы не паклапаціліся. «Рэфармаваная» гаспадарка ледзьве зводзіць канцы з канцамі. З‑за нізкіх заробкаў добрыя работнікі сюды не ідуць. Больш лайдакі й п’яніцы. Таму жывёлы хутчэй пухлі з голаду, а не прыбаўлялі ў вазе. Паводле вяскоўцаў, на зьнясіленых цялят нельга было глядзець бяз сьлёз.

Вось статак і «ўзбунтаваўся».

Агароджа ня вытрымала цялячага пратэсту. Усе дзьвесьце галоў падаліся ў бліжэйшы лес. Ён цягнецца ў бок Докшыцкага раёну. Але ці знойдуць бедныя жывёліны там паратунак?

Міхал Вавула, bulletinonline.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0