Яе душа — гэта, безумоўна, кіраўнік аддзяленьня швэдзкага пасольства Стэфан Эрыксан.

Нагодай для гутаркі з дыпляматам былі дні культуры Швэцыі ў Беларусі, якія пачаліся 17 траўня. Але сама абстаноўка яго кабінэту спрыяла пашырэньню тэматыкі: бел‑чырвона‑белы сьцяжок на паліцы, партрэт Зьмітра Дашкевіча, падшыўка «Нашай Нівы»...

«Наша Ніва»: Зь якімі старонкамі швэдзкай культуры знаёміце беларусаў?

Стэфан Эрыксан: Найперш — мастацтва. Летась у Менску, Віцебску і Полацку прайшла выстава швэдзкай графікі. Нашы мастакі праводзілі майстар‑клясы. Летась быў і вельмі ўдалы ўдзел нашага фільму «Як на нябёсах» на кінафэсьце «Лістапад», ён атрымаў чатыры ўзнагароды. І сёлета ў кінатэатрах будзе швэдзкае кіно: «Бывай, Фалькенбэрг», «Чортавы правінцыялы», «Віват, кароль!».

Будуць паказы фільмаў і на беларускай мове. Перакладалі маладыя беларусы, якія вывучылі швэдзкую мову.

Наступны пункт — літаратура. У Швэцыю нядаўна прыяжджала дэлегацыя зь незалежнага пісьменьніцкага саюзу, яны мелі сустрэчы з нашымі пісьменьнікамі. Спадзяёмся, хутка зможам выдаць анталёгію швэдзкай літаратуры па‑беларуску. Ёсьць багата перакладаў, трэба іх сабраць пад адной вокладкай. Думаем і пра анталёгію беларускай літаратуры па‑швэдзку, але тут працэс, мабыць, будзе даўжэйшы.

Летась мы запрасілі ў Стакгольм гурт NRM, у Менск летась прыяжджалі швэдзкія зоркі «The Cardigans».

Важным момантам для культуры нашых краінаў стала перавыданьне кнігі Андрэя Катлярчука «Швэды ў гісторыі й культуры беларусаў». Першае выданьне ужо раскуплена. У новым ёсьць дадатковы матэрыял. Прэзэнтацыя кнігі адбудзецца 17 траўня ў Чырвоным касьцёле.

«НН»: Чаму Вы вырашылі перавыдаць гэту кнігу?

СЭ: Катлярчук паказвае, што некалі Беларусь адкрыта глядзела ва ўсе бакі, у тым ліку на поўнач, на Швэцыю. Гэта і ёсьць, пэўна, самае важнае пасланьне кнігі. ХХ стагодзьдзе вінаватае ў тым, што ўзьнікла сьцяна між заходнімі і ўсходнімі эўрапейскімі краінамі.

«НН»: У галіне літаратуры Вы непасрэдна ўдзельнічаеце ў разбурэньні сьцяны: перакладаючы творы Быкава і Арлова.

СЭ: Я не прафэсійны перакладчык, але вось узьнікла такая ідэя... Пра сьпіс твораў гаварыць ня буду, у мяне шмат знаёмых беларускіх пісьменьнікаў, і хто‑небудзь можа пакрыўдзіцца, што перакладаю не яго. А пераклады з Быкава хутка зьявяцца.

«НН»: Дзейнасьць прадстаўніцтва Швэцыі абмяжоўваецца сфэрай культуры?

СЭ: Мы разумеем, што ў Беларусі ёсьць праблемы з правамі чалавека. Я часам прысутнічаю на палітычных акцыях, судах. Швэцыі неабыякава, куды ідзе Беларусь. Суды, падобныя да таго, які хутка пачнецца над «Маладым фронтам», выклікаюць трывогу ўсёй Эўропы.

«НН»: Упершыню ў Беларусь Вы трапілі ў 1984 г. Што зьмянілася ў краіне?

СЭ: Я быў тады на стажыроўцы ў Маскве і вырашыў наведаць Менск. Беларусь была абсалютна закрытай савецкай рэспублікай. Цяпер беларусы пачуваюцца асобнай незалежнай краінай. Беларусь адкрылася сьвету. Моладзь стала досыць разьняволенай.

«НН»: Што швэды ведаюць пра Беларусь цяпер?

СЭ: Збольшага ведаюць пра спорт. Маё пакаленьне помніць гімнастку Корбут. Таксама добра памятаюць хакейны матч на Алімпіядзе‑2002, калі беларусы аказаліся мацнейшымі. Ведаюць таксама, што палітычная сытуацыя ў Беларусі не такая, як у іншых эўрапейскіх краінах. Ведаюць пра падзеі Плошчы, што шмат людзей пасадзілі за краты, што некаторыя палітыкі сядзяць і цяпер.

«НН»: Ад камплімэнтаў у адрас сваёй беларускай мовы не стаміліся?

СЭ: Для мяне вывучыць беларускую мову было натуральнай патрэбай, ва ўсіх краінах, дзе працаваў, вывучаў мовы. Я таксама прадстаўнік невялікага эўрапейскага народу, таму лічу, што кожная мова каштоўная для агульнай эўрапейскай прасторы. Мне беларуская вельмі падабаецца. І мая мова выклікае ў людзей толькі станоўчыя рэакцыі.

«НН»: З кім з прадстаўнікоў дыпкорпусу размаўляеце па‑беларуску?

СЭ: Зьехаў Крол, зь ім мы размаўлялі, але спадарыня Ст’юарт таксама вывучае беларускую. З славацкім калегам часам размаўляем на мове. Новы літоўскі пасол Багдонас паабяцаў, што праз паўгоду вывучыць беларускую. Канечне, пасол Ізраілю. Так што невялікая беларускамоўная суполка ў нас ёсьць.

«НН»: Адчуваеце, што за паўтара году ў Беларусі Вы сталі адным з самых пазнавальных дыпляматаў, акрэдытаваных тут?

СЭ: Вы так думаеце? Вядома, мая мэта — каб болей людзей ведала пра Швэцыю.

«НН»: Якія ў вас зацікаўленьні ў жыцьці?

СЭ: Раней былі хобі, цяпер амаль усе замяніла праца. Вельмі люблю вандраваць, адкрываць для сябе новыя месцы, краіны. У Беларусі быў некалькі разоў у Горадні, Віцебску, Пінску, Полацку. У суботу мяне вазілі ў Бабруйск. Нечакана горад аказаўся вельмі цікавым. Канечне, Наваградак, Мір, Нясьвіж, Белавеская пушча. Хачу наведаць палескія балоты.

«НН»: Ці часта Вы наведваеце Радзіму?

СЭ: Прыкладна раз на два месяцы я там бываю. У мяне нават няма тамака кватэры. Дакладней, яна ёсьць, але мы яе здаём ужо шмат гадоў. Мая мэбля, рэчы тут. На сёньня ўсё ж Швэцыя — мая Радзіма, а Беларусь — дом.

«НН»: Вам чаго‑небудзь не хапае ў Беларусі?

СЭ: У Менску ў мяне стаіць спадарожнікавая талерка, якая ловіць швэдзкія каналы. Ежа ня так ужо і адрозьніваецца. Беларуская гарэлка і піва ня горшыя за эўрапейскія. І клімат падобны. Ёсьць падабенства між сьвятамі. У нас ёсьць сьвята ў сярэдзіне лета, у вас — Купальле. У вас у лістападзе Дзяды, у нас дзень усіх сьвятых. Беларусь для мяне не экзатычная краіна, эўрапейская краіна. Швэду нядрэнна жыць у Беларусі.

«НН»: Ваш працоўны стол абсталяваны для работы стоячы...

СЭ: Ой, гэтае пытаньне сапраўды надакучыла. (Сьмяецца). Гэта такая швэдзкая інавацыя. Звычайна з ранку я стаю, пасьля абеду, калі стаміўся, я яго апускаю. Лічыцца, што працаваць стоячы лепш для сьпіны. Я так працую ўжо два гады і мне падабаецца.

***

Стэфан Эрыксан нарадзіўся ў 1962 годзе ў Вэстэросе, недалёка ад Стакгольму. Скончыў Інстытут гандлю і эканомікі (1989). Працаваў зь місіямі ў Расеі, Бэльгіі. Зь верасьня 2005 году — кіраўнік аддзяленьня пасольства Швэцыі ў Менску.

Гутарыў Зьміцер Панкавец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0