Дзьве з паловай гадзіны аўтобусам —
    Еду зь Менску я да Вялейкі.
    Ад сталёва‑бэтонных офісаў
    Я вяртаюся ў рай свой маленькі.
    Калачуся ў грамадзкім транспарце —
    Спасьцігаю яго выгоды.
    Млоснасоўганьне гэта ў транс вядзе...
    У салоне пах чосныка з потам.
    А абапал дарогі — вёсачкі.
    А ў вёсачках люд руплівы:
    На вакенцы крыжыкам дошчачкі,
    І пайшлі ў сталічныя нівы.
    Каб расквеціць жыцьцё нэонамі,
    Каб разжыцца грашыма й важнасьцю,
    Пруць сяляне ў цэнтар мільёнамі
    Ад радзімы за межы бачнасьці.
    Край стаптаны, зьняможаны, схаяны.
    Занядбаныя могілкі й хаткі.
    Пасьміхаюцца бюсты‑сталіны,
    На манкуртаў гледзячы статкі...
    Ад сталёва‑бэтонных офісаў
    Я вяртаюся ў рай свой маленькі.
    Дзьве з паловай гадзіны аўтобусам —
    Гэта зь Менску і да Вялейкі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0