Актывістку незарэгістраванага «Маладога фронту» зь Нясьвіжу мясцовыя міліцыянты адпусьцілі ні з чым. На разьвітаньне паабяцалі, што арганізатарам любой чарговай апазыцыйнай акцыі будуць лічыць яе.

Насту затрымалі ў ноч з 15 на 16 траўня каля ўласнага дому. Пры сабе яна мела расьцяжку. Нагодай для затрыманьня стала ананімнае тэлефанаваньне пра тое, што нехта вывешвае расьцяжкі. Дзяўчына не хавала, што вывешваньне ў горадзе расьцяжак з надпісамі «Беларусь не турма» і «Не тэрору» яе рук справа. У РУУСе на яе скалалі праткол. Сёньня спн. Азарку па тэлефоне выклікалі ў РУУС на гутарку, паабяцаўшы выпісаць позву на месцы. У выпадку няяўкі прыгразілі выклікам на адміністрацыйную камісію і вялікім штрафам. Міліцэйскае начальства цікавіла, хто дапамог дзяўчыне вывесіць расьцяжкі. Не пачуўшы адказу, пачалі шантажаваць, што самі знойдуць памагатых. І дадалі: «І тады яны ні давучыцца ня змогуць, ні працы знайсьці».

Насту Азарку пратрымалі ў пастарунку чатыры гадзіны, цягнулі час, не даючы позву.

На пытаньне, што будзе рабіць далей Наста адказвае: «Тое, што й дагэтуль».

Сямён Печанко

Здымак з сайту Маладога фронту

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0