Другі дыск эстрадніка, на песьнях якога грунтуецца славуты «фармат» беларускага радыё і тэлебачаньня.

Нетаропкі Хлястоў выступаў яшчэ на «Славянскім базары‑93», трапіў у студыю «Сяброў», а пасьля пакінуў шэрагі «дзяржаўных» папсавікоў і зьехаў на доўгі час у Бахрэйн. Зарабіўшы грошай, ён наноў збудаваў кар’еру незалежнага выканаўцы з арыентацыяй на ўзорную эўрапейскую поп‑музыку. У чым значна апярэдзіў свайго брата — Андрэя Хлястова.

Аранжыроўкі ў яго куды больш густоўныя, чым у плоймы калегаў па «Срэбраным грамафоне». Музыка Хлястова надта ўжо рафінаваная, нашпігаваная таннымі клявішнымі найгрышамі. Сьмелым музычным рашэньням тут ня месца. Вынятак — хіба апошняя песьня «Яна» з прыгожа уплеценым саксафонам і алюзіямі на Джорджа Майкла пачатку 90‑х.

Хлястоў імкнецца да надзвычайнай спрошчанасьці і ў тэкстах. Ён ведае, чаго ад яго хочуць саманазваныя беларускія прадусары і выдатна адчувае стэрэатыпы сваёй немудрагелістай аўдыторыі ад 13 да 18 гадоў. Падаецца, што яму наканавана граць ролю «старога хлопчыка», да скону пеючы ўзвышаныя саладжавыя банальнасьці пра неба ды зоры (глядзім на назвы песень: «Уварвацца ў неба», «Дзьве зоркі», «Аскепкі неба»…). Для тых, каму мала FM‑прымача.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?