16 мая 2007 года ў Мінску ў офісе Партыі БНФ адбылося пасяджэнне рабочай групы па стварэнні аргкамітэта па фарміраванні грамадскай камісіі па рэабілітацыі ахвяр рэжыму.

«Гэтая грамадская ініцыятыва выклікана неабходнасцю прыняцця эфектыўнай сістэмы мер супрацьдзеяння рэпрэсіям правячага рэжыму ў дачыненні да сваіх апанентаў», — паведаміў БелаПАН адзін з заснавальнікаў аргкамітэта, юрыст Ігар Рынкевіч.

На пасяджэнні прысутнічалі вядомыя праваабаронцы Гары Паганяйла, Алег Волчак, Зінаіда Ганчар, Ірына Тоўсцік. Ініцыятыва стварэння грамадскай камісіі была падтрымана Ірынай Красоўскай і іншымі юрыстамі, палітыкамі і грамадскімі актывістамі Беларусі.

Пасяджэнне прайшло ў форме круглага стала, удзельнікі якога прызналі, што праблема рэабілітацыі палітычна рэпрэсаваных у сучаснай Беларусі з’яўляецца адной з важных і складаных для рэалізацыі. Пад рэабілітацыяй рэпрэсаваных удзельнікі пасяджэння падразумявалі перш за ўсё прызнанне ва ўстаноўленым законам парадку невінаватасці грамадзян, прыцягнутых без дастатковых падстаў за свае перакананні і грамадскую дзейнасць да крымінальнай адказнасці (уключаючы не толькі неабгрунтавана асуджаных, але і неправамерна затрыманых), з наступнай кампенсацыяй ім шкоды і аднаўленнем іх у правах.

Асаблівая ўвага будзе надавацца рэалізацыі правоў ахвяр на справядлівае правасуддзе і найхутчэйшую кампенсацыю нанесенага ім ўрону.

Удзельнікі абмеркавання выказалі шэраг практычных прапаноў, якія павінны прывесці да стварэння аргкамітэта і надалей да работы грамадскай камісіі па рэабілітацыі палітычна рэпрэсаваных у Беларусі.

На думку юрыста, праваабаронцы Гары Паганяйлы, аптымальны шлях развіцця гэтай ініцыятывы, калі б яе таксама падтрымалі аб’яднаныя дэмакратычныя сілы, у асаблівасці партыі. Уладзімір Раманоўскі, прадстаўнік камітэта абароны правоў ахвяр сталінскіх рэпрэсій, указаў на важнасць падрыхтоўкі адзінай заканадаўчай базы па рэабілітацыі беларускіх грамадзян, палітычна рэпрэсаваных як у савецкія часы, так і цяпер.

Як паведаміў І.Рынкевіч, калі зараз падрыхтаваць рэабілітацыю незаконна рэпрэсаваных грамадскіх актывістаў, вызначыць межы адказнасці для аддання пад суд асоб, якія маюць дачыненне да грубых парушэнняў правоў і свабод беларускіх грамадзян, то можна аднавіць давер да сістэмы правасуддзя і гарантаваць выкананне правоў чалавека ў будучай свабоднай Беларусі.

Грамадская ініцыятыва, адзначылі яе стваральнікі, не патрабуе рэгістрацыі, паколькі не мае фіксаванага членства, арганізацыйных структур, рахункаў у банку, гэта значыць не з’яўляецца юрыдычнай асобай. Як заявіў І.Рынкевіч, гэтая ініцыятыва носіць адкрыты характар, яе ўдзельнікі гатовы да супрацоўніцтва з усімі айчыннымі і замежнымі правазнаўцамі, палітычнымі дзеячамі і праваабаронцамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?