У пятніцу на вашыя пытаньні адказваў палітссыльны Павал Севярынец. Поўная стэнаграма онлайн-канфэрэнцыі.

***

Калі на свабоду, Павал? Што думаеш рабіць на свабодзе? (Веру табе. Гатовы працаваць пад тваім камандаваньнем.

Дз.Дж.

Заканчэньне тэрміну - 15 жніўня. Думаю дапамагаць Мілінкевічу ствараць рух "За свабоду". Рабіць БХД вядучай партыяй Беларусі, падтрымліваць Малады Фронт, заняцца асьветніцкай ініцыятывай "Нацыянальнае абуджэньне", працаваць над раманам. А на пачатку зьбіраюся аб’ехаць усе гарады і вёскі, адкуль мне ліставалі і прыяжджалі.

Pawal, ci zmianilasia sztos u tabe za czas pakarannia ximijaj? Ci mozhasz adznaczyc jakija-kolwek karysnyja j dobryja reczy, jakija jana dapamahla spascihnuc?

Wadzim

Галоўнае – духовае кшталтаваньне: Бог ведае, дзе трэба быць кожнаму з нас. А яшчэ ўсьведамленьне таго, наколькі моцнай можа быць Беларуская салідарнасьць. На гэты момант мяне наведалі больш 500 чалавек і даслалі 1478 лістоў.

Навошта нам кангрэс дэм. сiлаў?

Снежны Чалавек

Дарагі Сьнежны Чалавек, мяркую, нават арганізатары кангрэсу ня ў стане толкам патлумачыць, навошта.

Павал,ці захоплены вы яшчэ ідэяй стварыць палітычную хрысьціянскую партыю? Калі так - навошта? І чыя гэта была ідэя, вашая, альбо сп.У.Мацкевіча?

Саянаў

Яшчэ напрыканцы 2001 г, калі лідэры БНФ на зьезьдзе адмовіліся ад прапанаванага праекту хрысьціянскай дэмакратычнай праграмы, мне стала зразумела, што такая партыя мусіць быць створана.

Навошта нам партыйная вертыкаль АДС?

OldMF

На жаль, вось ужо год у нашай партыйнай пазыцыі – ані вэртыкалі, ані гарызанталі. Адно паралелі.

Дабрыдзень, Павал! Дзякуй вам за тое, што з Малога Сітна натхняеце на барацьбу многіх людзей!
Пытанняў шмат:
1. Якія планы і перспектывы ў партыі хрысціянскіх дэмакратаў? Ці яна афіцыйна зарэгістравана?
З якіх краін Еўропы, на ваш погляд, трэба браць прыклад Беларусі ў сэнсе доўгатэрміновага развіцця? Ці вы за ўваход (у перспектыве) Беларусі ў Еўразвяз?
Пра што вам думалася ў найцяжэйшыя хвіліны "на хіміі"?

1. Пляны і пэрспэктывы БХД – зрабіцца найбольш масавай і ўплывовай палітычнай сілай у Беларусі Стратэгія на найбліжэйшы год – наладжваньне ўзаемадзеяньня з усімі хрысьціянскімі супольнасьцямі і грамадзкім актывам краіны. Пакуль БХД не зарэгістраваная, магчыма, будзем падаваць дакумэнты пасьля ўстаноўчага зьезду.

2. Калі казаць пра рэформы, Славаччына, Польшча, Літва. І – Беларусь у Эўропу!

3. Сфармулявана ў праграме БХД (www.bchd.info)

4. Пра Бога.

Шаноўны Павел,
1) Наколькі важнае для хрысціянскай супольнасці змаганне з рэжымам? Пры тым, што найбольшую непасрэдную выгаду ў выпадку яго падзення атрымаюць ворагі хрысціянаў – лібералы і неапаганцы. Няўжо хрысціяне заслугоўваюць толькі ролю “гарматнага мяса” г.зв. Прагрэсіўнага Чалавецтва ?
Што Вы можаце прапанаваць тым хрысціянам, якія хацелі б уплываць на грамадскія справы, але па розных прычынах не бачаць сябе ў сістэме каардынат “улада-апазіцыя” ? Якія тыповыя праекты дзейнасці?

1. Змаганьне важнае, бо гэта супраціў хлусьні, нянавісьці ды страху. Паводле Эфэсцаў 6:12.

2. Абараняць маральнасьць, законнасьць, і хрысьціянскія нормы ў сваім горадзе ці мястэчку.

Маці Хросная МФ напiсаў(ла)

Травень 7, 2007 у 22:41

Шаноўны Павал! Хачу падзякаваць цябе за падтрымку. На працягу тваіх гадоў няволі, не я табе, а ты больш падтрымліваў мяне. Адкажы, калі ласка, што для цябе Вера, Любоў і Надзея. Дзякуй і заставайся з Богам!

Маці Хросная МФ

Для мяне гэта Жыцьцё. Больш падрабязна пішу ў кнізе “Нацыянальная ідэя” (www.sieviarynets.net)

Ня ведаю, якія тут пытанні задаваць. Проста вялізны Вам дзякуй. Заўсёды премна чытаць Вашыя артыкулы.Трымайцеся!

ambers

Дзякуй

Павал, як спыніць разбурэньне Горадні?Здаецца ўсе высілкі бязвыніку... :(

Канстанцін

Так, як было спынена разбурэньне Курапатаў у 2001-2002 гадах. Кругласуткавая варта соцень актывістаў, людзкая салідарнасьць і адначасова – шырокая інфармацыйная кампанія сярод жыхароў Горадні. За гістарычную Горадню мусіць змагацца не адно апазыцыя, а ў першую чаргу самі гарадзенцы.

Павал, да якой канфэсіі Вы цяпер належыце? Ці спыніліся Вашыя пошукі сваёй Царквы ў хрысьціянскім сьвеце? Ці атрымаецца зрабіць хрысьціянска-дэмакратычную партыю, якая цяпер ствараецца, пазаканфэсійнаю, ці яна будзе збольшага пратэстанцкаю?
Маю да Вас велізарную павагу. Трымайцеся!

Ігар

1. Праваслаўны.

2. БХД – надканфэсійная партыя. Тут багата і праваслаўных, і каталікоў, і пратэстантаў. А сярод старшыняў аргкамітэту прадстаўленыя ўсе канфэсіі.

Прывітаньне зь Бярозаўкі. Пытаньняў задаваць ня буду. Проста яшчэ раз хачу падзякаваць за лісты і кнігу. Ад імя ўсіх Сяргеяў запрашаю па вызваленьню да нас у госьці! Трымацся!Верым! Можам! Пераможам! (Дапаможам!) :)

Гутняк

Прывітаньне бярозаўцам!

Павал якую музыку Вы слухаеце? Ці знаёмы Вы з ''Полацкім сшыткам''?

Паўла - у прэзідэнты

Якраз зараз рыхтуем да выданьня кампакт “Беларускі хрысьціянскі хіт”. Трэба праслухаць больш за 40 альбомаў. Таму слухаю: Тэзаўрус, Старога Ольсу, НРМ, Палац, Цярэшчанку, Мельнікава, Унукоўскую, канфэсійныя гурты, касьцёльныя ды царкоўныя сьпевы. Кампакт будзе – супэр! А Полацкі сшытак – гэта цуд.

Добры дзень.
Скажыце, калі ласка, як вы ставіцеся да пытаньня люстрацый? У якой ступені яна мусіць адбывацца пасьля скону рэжыму?
Дзякуй.

Паўлюк

Тыя, хто вінаваты, у забойствах, ілжэсьведчаньнях ды палітычным перасьледзе, абавязкова адкажуць. І перад беларускім судом, і перад Боскім. Але ачышчэньне і пакаяньне – справа ўсенародная. Мы ўсе мусім каяцца за апошнія 13 гадоў.

Павал, цi будзе ў будучай дэмакратычнай Беларусi свабода для сэксуальных меншасьцяў? Фiнькевiч неяк выказаўся на гэты конт, што гомасэксуалiсты для яго кшалту вырадкаў..

Чытайце 1-е да Карынцянаў 6:9-10 або 1-е Пятра 4:3.

Цытата з Вашай кнігі "Нацыянальная ідэя":

"Беларускі фальклёр – гэта руіны культу, якія нараджаюць масавую культуру: калядаваньне, гуканьне вясны, шуканьне папараць-кветкі й спаленьне аўтамабільных пакрышак на Купальле. Даўнія адзеньні, рыштунак, звычаі ды сьпевы могуць растлумачыць нам прычыны шмат якіх генэтычных хваробаў і вялікіх грахоў сучаснае нацыі, успадкаваных ад паганства", "Паганскі сьветапогляд і лад жыцьця ўвесьчас разбуралі асновы нацыянальнае духовасьці, вярталі Беларусь да пячорнага, рабскага стану, дзе валадараць страх і грэх, ідалы й куміры. Паганства пэцкала й паскудзіла паўсюль, дзе зьяўлялася".
Ці не здаецца Вам, што гэтыя словы патыхаюць пячорным хрысціянскім цемрашальствам?

A.Dz

Дзякуй за тое, што ўважліва чыталі кнігу. Цемрашальства – гэта калі моляцца на перуна, калдуна, леніна, ці яшчэ якое ідалішча. Называючы паганства менавіта паганствам, беларускі народ меў рацыю.

Паша, як твае справы ў асабістым жыцьці, па-за палітыкай? Моцная беларуская сям’я – падмурак нашай незалежнасьці і будучыні. Ці не прыйшоў час папрацаваць і на гэтай глебе?

Чалавек

Адказваў неаднаразова. Паўтару: спачатку – перамога.

Сёньня, у дзень Перамогі - твае словы да ветэранаў ВАВ
Ці не цяжка ў гэты дзень узьнімаць над галавой наш сьвяты сьцяг, які вісеў у акупаваным Менску разам з фашыстоўскім?

Чалавек (пытаньне зададзена напярэдадні 9 траўня – рэд.)

1. Дарагія вэтэраны! Шчыра віншую вас з Днём перамогі над нацызмам. Зычу моцнага здароўя, веры, волі, Божай ласкі і разуменьня: перамога над яшчэ страшнейшым злом, камунізмам, нам патрэбная зараз ня менш, чым у 1945.

2. Бел-чырвона-белы сьцяг – гэта сьцяг Хрыста.

Паша, твае адносіны да валтузьні вакол Мілінкевіча? Асабіста я альтэрнатывы яму ня бачу.

Чалавек

Пакуль рэжым разбурае краіну – тут год грызуцца, хто галоўны. У Беларусі асноўная сіла нацыянальнага руху гуртуецца зараз вакол Мілінкевіча. Можна ізноў жа, спрачацца, ці пацягне, а можна ўпрэгчыся і дапамагчы. Рух “За Свабоду” можа стаць тым, чым быў напрыканцы 1980-х БНФ або нават "Салідарнасьць" у Польшчы – задаткі для гэтага ёсьць.

Апытанне на сайце БХД засведчыла перавагу еўраскептыкаў на еўрааптымістамі, прынамсі ў той перыяд і паводле той методыкі, якая ўжывалася пры тым апытанні. А што думаеце наконт брусэльскай перспектывы Вы? Якое новае сяброўства у ЭЗ будзе глядзецца больш арганічна: Беларусь з Украінай, або Турцыя, або менавіта такое постмадэрнісцкае спалучэнне?
Якую ролю Хрысціянства можа адыграць у канстытуцыйнай пабудове Беларусі, у тым ліку як гэтая роля мусіць быць апісана ў самой Канстытуцыі?

Алесь Белы

1. Сэрцу Эўропы месца ў ЭЗ. Лічу, што Беларусі трэба ісьці ў Эўропу, каб надаваць ёй хрысьціянскага кшталту – разам з Польшчай, Славаччынай, краінамі Прыбалтыкі, Сэрбіяй і Харватыяй, Румыніяй, Баўгарыяй, Украінай, Чэхіяй, Малдовай. Турцыі ў складзе ЭЗ не ўяўляю.

2. Прэамбулу Статуту ВКЛ складалі цытаты з Бібліі. Беларускай Канстытуцыі патрэбнае і прызнаньне ролі хрысьціянства ў гісторыі Беларусі, і грунтаваньне самога асноўнага закону на духу Эвангельля.

Паша, добры дзень!

Вы пішаце прыгожыя артыкулы, кнігі і карціны. А ў музыцы Вы, пэўна, таксама добра разьбіраецеся? Ці граеце Вы на якіх-небудзь музычных інструмэнтах? Ці любіце сьпяваць?
І яшчэ: Вашыя сёстры Вас падтрымліваюць? Ці падзяляюць яны Вашыя погляды на жыцьцё?
Вельмі чакаем Вашага вяртаньня ў Менск! Праз Вашыя вочы Пан Езус усьміхаецца Беларусі.
На Ваш погляд, што для хрысьціяніна больш важна: любіць Бога, сваю краіну і людзей, ці змагацца з паганцамі і блакітнымі? Пэўна, сярод іх таксама ёсьць даволі прыстойныя і нацыянальна сьвядомыя людзі?
Дзякуй Вам за малітвы аб вяртаньні касьцёла Сьв.Язэпа вернікам і за артыкул "Цэнтар цяжару"!

Дзякуй. На жаль, на музычных інструмэнтах ня граю. Музычную школу скончылі дзьве мае сястры. Дарэчы, яны мяне падтрымліваюць. Сьпяваць люблю.

Любоў перадусім. Ведаеце, ёсьць добрае выслоўе “Бог любіць нас такімі, якія мы ёсьць, але любіць настолькі моцна, што ня можа пакінуць нас такімі, якія мы ёсьць". Першае, што мусіць рабіць хрысьціянін для паганца ці “блакітнага” – гэта сказаць, што Бог іх любіць, і дзеля іхняга збавеньня хоча пакаяньня і зьмяненьня.

Павал, чаму Вы робіце акцэнт на рэлігійны сьветапогляд? Мне здаецца, што нельга ставіць пытаньне веры вышэй за пытаньне свабоды. Як жа быць тым, хто не адносіцца да веры так, як Вы? Ці лічаце Вы, што атэістам не месца разам з хрысьціянскай дэмакратыяй? Я маю на ўвазе тых, хто адносіцца да вернікаў супакойна ды талерантна, а не варожа. Верыць ці не - кожны сам вырашае гэта. Вера не павінна ляжаць у аснове сучаснай дэмакратычнай дзяржавы.

Як Вы лічыце?

Звычайны хлопец

Пра тых, хто ставіцца да вернікаў спакойна ды талерантна, Эвангельле кажа: “Хто ня супраць вас – той за вас”. Маеце рацыю, што вера – вынік асабістага рашэньня, а не прымусу ці “моды”, Прычым беларуская нацыянальная ідэя ўнікальна-хрысьціянская ў сваёй сутнасьці. Беларусь ня можа быць бязбожнай (або праваслаўна-атэістычнай). А вера ў Бога трымае і пасьпяховыя грамадзтва, і дзяржаўны лад – так лічылі Вашынгтон і Лінкальн, Скарына і Сапега, Каліноўскі і Пазьняк.

Прывітаньне, Павал! Таксама хачу падзякаваць цябе за падтрымку (лісты, артыкулы, малітвы), за цьвярозы і шчыры погляд на Беларусь і за веру ў яе Абуджэнье.Мяне заўсёды цікава тое, што ты пішаш, з нецярплівасьцю чакаю наступную кнігу. Ці працуеш над ёй цяпер? Распавядзі трохі...

Інга

Кніга “Брату” артыкулы 1997-2007 гадоў ужо ў друку. "Лісты зь лесу", дзякуючы "Нашай ніве", выйдуць асобнай кнігай. Чытайце на сайце www.sieviarynets.net альбо пытайцеся на ўправах БНФ, ТБМ ці ў незалежных распаўсюднікаў. Зараз пішу раман пра Беларусь, працую над ім штодня, але ж рэч аб’ёмная.

Веншую, Павал. Мы з сынам ўважліва сочым за вашім жыццьём і дзейнасьцю.Нашае пытаньне: улічваючы лёзунг Маладога Фронту "Бог і бацькаўшчына",ці лічаце Вы неабходным навучать Маладафронтаўскую моладзь, а таксама ўсіх тых хто лічыць сябе хрысціянамі, маліцца да Бога, а можа й праводзіць сумесныя малітвы? Бо як казаў Хрыстос:"Безь мяне ня можаце рабіць нічога".Молімся аб Вас.Дзякуй! Магілёў!

Бацька й сын

За Зьмітром Дашкевічам эвангелізацыя ў Маладым фронце была найбольш моцнай, і гэта цудоўна. “Там дзе двое ці трое зьбяруцца ў імя Маё, там і Я сярод іх”. А ў сьпеўнай малітве “Магутны Божа” маладафронтаўцы духова яднаюцца ўжо цяпер. Увогуле ж сумесная малітва патрэбная ўсім беларусам!

Стойце ў духе адным, ў чыне аднадушным... Фiл. 1, 27.

Michal Zaleski

Дзякуй за Слова.

Павел, выбачаюся, што дастаю, але яшчэ пытанне:

У Беларусі шмат Франтоў – 2 Народныя і адзін Малады. Ці не ад Кургана Славы гэтая мілітарысцкая рыторыка і ці не пара абвяшчаць дэмабілізацыю і пераход да мірнага жыцця? Ці здолеюць увогуле франтавікі ў яго калісь упісацца, або спатрэбіцца доўгая праграма рэабілітацыі?

Алесь Белы

Пакуль ёсьць стары рэжым – будзе і Малады Фронт. Многія маладафронтаўцы якраз і дамагаюцца мірнага жыцьця, каб у яго нарэшце ўпісацца. А пакуль запрашаю ўсіх удзельнікаў онлайну 28 траўня а 10-й (сёньня стала вядома, што суд перанесены) на суд па справе Маладога фронту (Лагойскі тракт, 3)!

Павел, выбачаюся, што дастаю, але яшчэ пытанне: як Вы ставіцеся да рашэння міністра культуры Мацвяйчука размяркоўваць выпускнікоў Ун-та культуры ў аграгарадкі і да негатыўнай рэакцыі, якую гэтае рашэнне выклікала ў адраджэнскай публікі?

Алесь Белы

У самой ідэі ўздымаць сялянскую Беларусь праз маладых адмыслоўцаў з унівэрсытэцкіх гарадоў ёсьць рацыя – але ж выпускнікоў трэба матываваць, да працы ў вёсцы, а не прымушаць. У новай Беларусі гэтым зоймуцца ды-джэі Адраджэньня (дарэчы, шоў беларушчыны зь іхнім удзелам і зараз можна замовіць праз тэлефон 694-82-80).

Вашыя адносіны да мінулых падзей у Эстоніі?
Што будзе сабой прадстаўляць "Нацыянальнае абуджэньне"?
І калі ўвогуле Беларусь прачнецца?

1. Расея раздзьмула міжнародны канфлікт зь беспарадкамі і ахвярамі ў суседняй краіне. На межах з Прыбалтыкай, Грузіяй, у Прыднястроўі, Паўднёвай Асеціі, Абхазіі, у Крыме, а таксама пасярэдзіне Ўкраіны і (увага!) на заходняй мяжы Беларусі імпэрыя сутаргава спрабуе намацаць “заходні вал” супраць дэмакратыі. Эстонія – злучво ў гэтым ланцугу.

2. "Нацыянальнае абуджэньне" задумваецца як асьветніцкая сетка паводле формулы “хрысьціянізацыя беларусаў – беларусізацыя хрысьціянаў”. Гэта і курсы ды-джэяў, і шоў беларушчыны, і інтэрнэтавыя праекты і выданьні кампакт-дыскаў, і відэа, і адукацыя па ўсёй краіне.

3. Калі пакаецца, паверыць і пачне выконваць волю Божую.

Добры дзень, Павал!

Хочам пажадаць Вам посьпехаў, моцы, мужнасьці!

Трымайцеся! Мы разам з Вамі! У НАС АДНА ДАРОГА - БЕЛАРУСЬ ДЛЯ БОГА!

МФ Наваградак

Дзякуй.

Вітаю, Павал!

Адкажыць калі ласка:
Як Вы ставіцеся да ветэранаў БКА і УПА?
Ці патрэбна МФ шукаць саюзьнікаў ў Расеі (Оборона) ?
Якім на Ваш погляд, будзе прысуд маладафронтаўцам?
Ці падтрымліваеце Вы роспуск Рады ва Ўкраіне?
Ці лічыце Вы сябе нацыяналістам?

Кастусь

1. Гэта людзі, якія абаранялі сваю Радзіму і ад камуністычнай, і ад фашыстоўскай акупацыі.

2. Найперш нашыя саюзьнікі ў Расеі гэта дэмакратычна настроеныя хрысьціяне, якія разумеюць імпэрскую сутнасьць сёньняшняй РФ і імкнуцца да агульнарасейскага пакаяньня ды ўнутранага ператварэньня.

3. Найлепш у такой сытуацыі падрыхтавацца да найгоршага варыянту. Ведаю, што маладафронтаўцы з гэтым справіліся, але спадзяюся, то абыдзецца без турмы.

4. Падтрымліваю. Але пытаньне ня ў Радзе, не ў Януковічу і нават не ў Маскве. “Аранжавыя” не стрымалі галоўнага абяцаньня, дадзенага ўкраінскаму народу на Майдане: зрабіць палітыку сумленнай і адказнай. Грошы, амбіцыі і “прагматызм” пераважылі маральнасьць – і вынік заканамерны. Зараз у Юшчанкі і Юлі – другі шанец.

5. У сэнсе, у якім слова "нацыяналіст" ужываюць чытачы "Нашай Нівы",– так. Але ўвогуле аддаю перавагу азначэньню “беларускі патрыёт”

Павал, якіе Вашы пляны пасьля выхаду на волю? Ці хутка мы пабачым раман? Вы сапраўдны прыклад для нашых хрысьціян! Посьпехаў!
Жыве Беларусь!

Пра пляны адказаў на пачатку. А раман – рэч буйная. Дай, Божа, каб за 2,5 -3 гады ўдалося завершыць.

Яшчэ раз добры дзень :)

Павал, скажыце калі ласка, Вам лёгка быць Хрысьціянінам? У Вас гэта атрымліваецца "само сабой", ці ўсё ж такі патрабуюцца пэўныя высілкі ды намаганьні?

Дзякуй.

Агнешка

напiсаў(ла)

“Калі ў хрысьціяніна нічога не баліць, -- кажа беларускі прапаведнік Юрась Сьмірноў, -- значыць альбо ён ужо памёр, альбо ён яшчэ не хрысьціянін”. Валадарства Нябёснае -- высілкамі дасягаецца. Насамрэч тут няма нічога складанага, усё проста. Але часам нялёгка – цяжка.

Павал,

які "канечны пункт" вашай барацьбы? Якая яе мэта "ў ідэале"?

Алена Гапава

Беларусь. Якая верыць і любіць.

Вітаю аднаго з самых мужных сыноў Беларусі!
Ці здольны Вы пераняць сцяг Свабоды у Мілінкевіча, калі будзеце на Волі?
Што больш істотна: згуртаванасць апазіцыі ці дакладнасць стратэгіі і тактыкі?
Наогул, зычу поспехаў у крэатыўнай дзейнасці!...

1. Гатовы дапамагаць Мілінкевічу.

2. Зараз “эўрапейская кааліцыя” прапануе стратэгію дзейснага змаганьня, а не эвалюцыю а пяці галовах.

Якую апошнюю кнігу Вы прачыталі? Якая літаратура Вам даспадобы? Дзякуй.

Бібліятэкар

"Браты Карамазавы”. Уражаньне вельмі моцнае. Найбольш чытаю хрысьціянскае літаратуры: Аўгусьцін, Аляксандар Мень, Ян Павал Другі, Аляксеяй Лядзяеў, Адам Станкевіч.

Што скажаце пра Янушэўскага Вы, які маеце тут права гаварыць?

ёпс

Наколькі я ведаю, маладафронтаўцы прынялі рашэньне адправіць Аляксея за мяжу, бо ён адказны за працу сайту (www.mfront.net). Ход слушны.

Павал, маю пытаньне наконт парляменцкіх выбараў.
Ці патрэбна дэмакрат ўвогуле удзельнічаць і ці пойдуць МФ і БХД на выбары?
Можа, патрэбна зрабіць супольны спісак на чале з Мілінкевічам?
Дзякуй.

Кастусь

На жаль, выбараў у нас даўно няма. Кампаніі праводзіць будзем. А нацыянальнаму руху трэба яднацца, маеце рацыю, і трымацца адзінай моцнай стратэгіі: беларускай паводле мовы, эўрапейскай паводле формы і хрысьціянскай паводле зьместу.

Skazycie, ci budzie u novaj Bielarusi dziarzaunaja carkva?Jakoje miesca budzie zajmac ruskaja pravaslaunaja carkva?Z pavahaj.

Alinka

Супольнасьць хрысьціянскіх цэркваў мусіць стаць асновай беларускага грамадзтва (ад дзяржавы царква аддзеленая). Беларускаму экзархату РПЦ наканавана рухацца ў кірунку самастойнасьці, аўтакефаліі і адраджэньня беларускага праваслаўя Эўфрасіньні Полацкай, Кірылы Тураўскага і мітрапаліта Мелхісэдэка.

Сардэчна вітаю сапраўднага сына нашай Бацькаўшчыны! Вашая моц уражвае. Яна ад Бога. Здароўя вам добрага і поспехаў, шаноўны Павел. У будучым - вы - наш прэзідэнт!

А як вы ставіцеся да новаўтвараемага цмока з пяццю галавамі?

Людміла

Вялікі дзякуй! Наколькі я ведаю зь біялёгіі цмокі а пяці галовах не жыцьцяздольныя. Нельга дазволіць камунізму ўзяць рэванш у Аб’яднаных дэмакратычных сілах.

Цi варта працягваць правядзеньне ў школах i ВНУ "Шоў Беларушчыны"?

DJ Адраджэньня

Безумоўна, варта. Шоў праходзяць з посьпехам вось ужо 11-ы год, разьлічваем толькі пашырацца (яшчэ раз нагадваю, замаўляйце праз тэлефон 694-82-80).

Як Вы личыце, ци магчыма стварыць моладзевую каалицыю у Беларуси? Як Вы ставицеся да дадзенай пэрспэктывы? Дзякуй!

Наста Александровіч

Досьвед кааліцыі “Пераменаў!” 2000-2001 гг. І маладзёвай мабілізацыйнай кампаніяй 2005-2006 даводзіць: бюракратычныя працэдуры моладзі супрацьпаказаныя. Посьпех маюць самакіроўныя рухі зь яснай ідэяй, змагарным духам і раскручаным імем – такія, як Малады фронт.

Будет ли Милинкевич создавать свой блок или он будет работать в рамках ОДС.ваше мнение.как лучше?

Ира

Мілінкевічу трэба гуртаваць і яднаць нацыянальны рух, ператвараць яго ў масавую зьяву і трымаць ініцыятыву. Калі “За свабоду” зьяднае хаця б усіх людзей, хто ходзіць цяпер з адпаведнымі значкамі – астатнія палітычныя сілы кінуць маяцца кулюарамі і далучацца.

Прывитанне Павел!!!Ци запалохала вас улада своими дзеяннями и ци будзеце вы як раней актыуна працаваць у грамацтве???

Серёжка

Не, не запалохала. Верым, можам, пераможам!

Спадар Севярынец, вітаю Вас!
Як Вы ацэньваеце працу МФ без Вас; што Вы збіраецеся рабіць у і з МФ, калі верніцеся?
Вашыя планы наконт БХД і БАПЦ?
Ці з'яўляецеся Вы прыхільнікам БАПЦ?

1. Маладафронтаўцы – малайцы. Рэжым вось ужо год спрабуе хаця б аслабіць МФ, але атрымліваецца роўна супрацьлеглае. Дзесяцігоддзьдзе Маладога фронту 6 верасьня, перакананы, рух будзе адзначаць едным, дружным і моцным.

2. Як вярнуся, зьбіраюся дапамагаць маладафронтаўцам ўсім, чым магчыма.

3. Пра БХД глядзіце вышэй,

4. Наконт беларускай аўтакефаліі спадзяюся, што ўрэшце самастойным зробіцца Беларускі экзархат. Я прыхаджанін царквы, якая належыць да Беларускага экзархату, але вернікаў БАПЦ ведаю і падтрымліваю.

Павал, твая воля, чысьціня думак і вастрыня розуму вартыя гонару ўсёй Беларусі. Вялікі дзякуй табе!

Ці можна наведаць цябе ў Малым Сітне? Калі так, то які час найбольш зручны?

ВК

Вялікі дзякуй за добрыя словы, наведаць у Малым Сітне мяне можна, але варта мець на ўвазе, што тыдзень працую ў першую зьмену, тыдзень – у другую. Даведацца можна ў бацькоў (8-0212-21-45-31): Тацяна Яўгенаўна, Канстанцін Паўлавіч.

Павал,як вы ставіцеся да ўчынку Парфіяновіча і Сініцына.Ці сьвяткавалі вы 2 красавіка,як тое зрабілі Фралоў са Скрабцом. Вашае стаўленьне,калі ласка

Саянаў

Кепска стаўлюся. Гандляваць радзімай нельга. А 2 красавіка для сіценцаў было проста пахмельным пасьля Дня дурня.

Ці ёсьць беларускія палітыкі, якія яшчэ не згубілі крэдыт даверу ў маладзі? За якія якасьці можна паважаць нашых палітдзячоў? (посьпех, дасягненьне мэты, выкананьне абяцанага і г.д.)

чытачка

На мой погляд, крэдыт даверу зараз ёсьць у Аляксандра Мілінкевіча, Зянона Пазьняка, Вячаслава Сіўчыка, Мікалая Статкевіча. Галоўныя якасьці для любога палітыка – гэта адказнасьць, сумленнасьць, прынцыповасьць, вера ў Бога.

Што вы думаеце пра "Маніфэст" маладзевых арганізацый? І пра іх такую колькасць? Што яны сабой уяўляюць, - гэта рэльныя структуры, ці збудаванныя пад чарговыя "гранты" групы?

Як вы ацэньваеце дзейнасць ужо зніклай арганізацыі "Зубр", чаго там было болей: карыснага, ці шкоднага?

чытачка

Маніфэст, на жаль, не чытаў.Пасьля вясны 2006 г. стварыўся вялізны попыт на маладзёвую актыўнасьць, адсюль і вялікая колькасьць розных моладзевых ініцыятываў.

На жаль з Малога Сітна цяжкавата разгледзіцуь, ці рэальная большасьць зь іх.

“Зубр” быў вельмі прафэсійна збудаванай маркетынгавай сеткай. Некалькі гадоў ён рэальна канкураваў з Маладым фронтам за лідэрства сярод беларускай моладзі. Але калі “Зубр” спрабаваў накінуць беларускай моладзі лібэральную ідэалёгію, дык Малады фронт быў і ёсьць праектам, заснаваным на нацыянальнай ідэі і хрысьціянскіх прынцыпах.

Прывітаньне, дарагі сябра! Вельмі рада цябе чуць, дакладней, бачыць на старонках НН :-)
Спадзяюся, што хутка сустрэнемся! Прывітаньне табе ад Міраслаўкі!
Павал, такое вось яшчэ пытаньне. Як ты ставісься да мэдыйных праектаў, што вяшчаюць на Беларусь з-за мяжы? Ці будзеш, дарэчы, глядзець новую тэлевізію Белсат, што распачне сваю працу датычна Беларусі сёлета ў кастрычніку?
Дзякуй і моцна абдымаю!

Воля Класкоўская

Вельмі прыемна, Воля. Узаемна прывітаньні Міраславе. Да мэдыйных праектаў для беларусаў з-за мяжы, калі яны беларускамоўныя, стаўлюся добра. На жаль, ня маю спадарожнікавай міскі. Да кастрычніка трэба будзе набыць.

Павал! Бог з вамі!

Для меня існуюць тры лідара: Пазьняк - Мінулае, Мілінкевіч - Сучаснае, Вы - будучае!

Посьпехаў і чакаем вас у Берасьце!

Янка Спадар

Павал, выходзь хучэй. Час пасунуць "старых", вялізная патрэба ў палітыках новых. Ганарымся табою.
"БМ"(спадзяюся, памятаеш): ты наш!

Тацяна

Вялізны дзякуй чытачам “Нашай Нівы”. Менавіта Вы ў агромністай ступені натхняеце за змаганьне. Верым, можам, пераможам!

***

Павал Севярынец — нар. у 1976 у Воршы, вырас у Віцебску, у шматдзетнай сям’і журналіста і настаўніцы. Каранямі з гомельскага Падняпроўя (бацька), лунінецкага Палесься (маці). Геоляг паводле адукацыі, скончыў БДУ. Заснавальнік Маладога Фронту (1997). Стваральнік Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Шмат разоў арыштоўваўся. У 1998 годзе на два месяцы быў кінуты на Валадарку за арганізацыю акцыі супраць уваходжаньня ў саюз з Расеяй. У 2005 годзе асуджаны да двух гадоў «хіміі» за акцыю пратэсту супраць фальсыфікацыі народнага волевыяўленьня на рэфэрэндуме‑2004. Адбывае пакараньне ў Малым Сітне, на крайняй поўначы Полаччыны. Аўтар шэрагу кніг, сярод якіх «Нацыянальная ідэя».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0