"Пралёт над гняздом зязюлі" — неабраньне Беларусі ў Раду правоў чалавека ААН — можа абярнуцца непрыемнасьцямі для каго-кольвек з дыпляматычнага ведамства. Але ж ці дыпляматы вінаватыя? Калі ў дзяржавы такі імідж, дык хоць у блін разьбіся — місія невыканальная!

Ня тое каб Рада правоў чалавека мела нейкія моцныя вагары. Яна паўстала толькі летась у выніку рэфармаваньня замест адпаведнага Камітэту ААН і пакуль што выглядае даволі аморфна. Дый у прынцыпе можа толькі нешта рэкамэндаваць. "А Васька слухае ды есьць".

Але аанаўскія рэзалюцыі пра парушэньні правоў чалавека ў Беларусі ўспрымаліся ў Менску хваравіта. Калі, напрыклад, Брусэль ці Вашынтон крытыкуе, можна сказаць: а хто вы нам? Карацей, буржуяў з Эўразьвязу ды сусьветнага жандарма прасьцей паслаць куды падалей. А вось сяброўства сінявокай Беларусі-партызанкі ў ААН было прапагандовай фішкай яшчэ са сталінскіх часоў. І тут анучай па пысе атрымліваць асабліва крыўдна.

Зь іншага боку, уявеце, колькі было б звону, каб пашэнціла трапіць у тую Раду! Ну, хто плявузгаў пра ізаляцыю? Зачынеце свае паклёпніцкія ляпы! Якія ж мы, блін, ізгоі? Глядзеце, як займае росквітная Беларусь свой пачэсны пасад між народамі! Ну і гэтак далей у вытанчанай, узьнёслай манэры айчыннага агітпрапу.

Заходнія дэмакратыі ўспрынялі аанаўскія амбіцыі "апошняй дыктатуры Эўропы" як дзёрзкі выклік. І выявілі тактычны спрыт. У апошні момант канкурэнцыю Беларусі склала Босьнія, апрыёры сымпатычная братам-мусульманам.

Між іншым, вынікі галасаваньня, калі Менск пракінулі і многія краіны трэцяга сьвету, яскрава сьведчыць пра ўтапічнасьць надзеяў рабіць там палітычную пагоду, асядлаўшы Рух недалучэньня.

Некалі за ўплыў на трэці сьвет змагаўся Савецкі Саюз. Але ж у яго, па-першае, была прэтэнцыёзная глябальная ідэалёгія, а па-другое — шалёныя рэсурсы. Перлі мітычным ідэйным братам з Афрыкі, Азіі ды Лацінскай Амэрыкі харчаваньне, зброю, грошы — ўсё як у прорву.

У айчынных дзеячаў няма ні такой ідэалёгіі (туземцам не ўвапрэш лёзунгі Ўсебеларускага сходу:-), ні такіх рэсурсаў. Самі, можна сказаць, з шапкай па коле пайшлі. Мо шэйхі крэдытаў дадуць, а Чавэс з Ахмадынэжадам нафтай дапамогуць. Але ж ні Эміраты, ні Іран, ні Вэнэсуэла спансаваць нас не зьбіраюцца. Калі ласка, спачатку закапайце шмат мільёнаў у даліну Арынока — а потым пампуйце, што знойдзеце!

Карацей, трэці сьвет ставіцца да кантактаў зь Менскам прагматычна, і на адной рыторыцы тут многа пунктаў не набярэш. Там стае і сваіх майстроў бэсьціць з трыбуны глябальнага гегемона :-)

А чым цягнуць цяпер на дыбу небарак-дыпляматаў, варта было б пачухаць патыліцу. І зразумець, што ранейшая палітыка — шматгадовае паліваньне Захаду на тле здушэньня грамадзянскай супольнасьці ва ўласнай краіне — пачала гукацца па поўнай праграме. Тым болей што ўжо няма ранейшага хмельнага адчуваньня: нам мора па калена, бо Расея зь ядравым дручком заўжды прыкрые! Масква й сама точыць зубы, хай сабе зь іншымі мэтамі. Даскакаліся стратэгі.

P.S. Мілінкевіч сваім зваротам да замежжа таксама трохі паспрыяў таму, каб Менску ў ААН наладзілі паказальны ўрок. Дадайце заяву БХК ды інш. Зараз відавочна: для сусьветных цэнтраў прыманьня рашэньняў нешта значыць і голас беларускай грамадзянскай супольнасьці. І калі яе будуць душыць далей, то бумэранг абавязкова вернецца.

А пісаў жа Мілінкевіч і наверх: давайце паразумеемся! :-) Адмахнуліся: ды што ён можа? Ну-ну...

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?