АНТ, 17.55

Знахар (Znachor)

Польшча, 1982, каляровы, 128 хв.

Рэжысэр: Ежы Гофман

Ролі выконваюць: Ежы Бінчыцкі, Артур Барчыш, Ганна Дымна, Анджэй Капічынскі, Генавефа Корска, Томаш Стокінгер

Жанр: Мэлядрама паводле раману Тадэвуша Даленгі-Мастовіча

Адзнака: 6,5 (з 10)

Ад знакамітага хірурга Рафала Вілчура (Ежы Бінчыцкі) сышла жонка й забрала маленькую дачку. А злодзеі рабуюць хірурга й жорстка яго зьбіваюць: цяпер ён анічога ня памятае. Герой бадзяецца па вёскам – і трапляе да багатага млынара. У млынара сын-калека – і герой яго лекуе.

Слава пра знахара хутка разыходзіцца, але будуць новыя выпрабаваньні…

Карціна Ежы Гофмана – найузорнейшая мэлядрама: няшчасьці, сьлёзы, разьбітая сям’я, згубленая памяць, знойдзеная дачка – і радасьць напрыканцы. Жанр падкрэсьліваецца ўзьвінчанаю акторскай гульнёй – але й гэта й падабаецца. І даходзіць да кожнага. Фільм вельмі пасуе для сямейнага прагляду.

Адзін з сама ўдалых чульлівых фільмаў.

СТВ, 23.25

Выхавальнікі (Die fetten Jahre sind vorbei / Edukators)

Нямеччына – Аўстрыя, 2004, каляровы, 127 хв.

Рэжысэр: Ханс Вайнгартэн

Ролі выконваюць: Даніэль Бруль, Юлія Енч, Штыпе Эрцэг, Бургхард Клаўснэр

Жанр: Сацыяльна-палітычная драма

Тройца бунтаўнікоў-антыглябалістаў забіраецца ў кватэры бюргераў – і перастаўляе там рэчы, пратэстуючы такім чынам супраць спажывецкага грамадзтва. Падчас адной з такіх апэрацый на сцэне нечакана зьяўляецца гаспадар, былы гіпі…

Студэнцкія паўстаньні 60-ых завершыліся зьдзейсьненай сэксуальнай рэвалюцыяй – і новым дабрабытам. Былыя рэвалюцыянэры самі сталіся “сытай буржуазіяй”, і цяпер іхнія дзеткі граюць у “паўстанцаў”.

Фільм для антыглябалістаў і аматараў “Летуценьнікаў” Бэрталючы.

Карціна была прадстаўленая на Канскім фэсьце.

Усе фільмы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?