Апошнім часам шмат згадвалі пра гадавіну рэфэрэндуму-95, якім Лукашэнка скасаваў гістарычную сымболіку. А ці ўсе памятаюць, што паралельна ладзіліся выбары ў Вярхоўны Савет 13-га скліканьня? Прычым сюжэт быў драматычны (а месцамі і анэкдатычны).
Падрабязнасьці тых падзей з жывымі дэталямі я ведаю з вуснаў былога сьпікера, генэрала міліцыі Мечыслава Грыба. Нагадаю: пасьля Шушкевіча ён ачоліў Вярхоўны Савет 12-га скліканьня. А ў траўні 95-га, балятуючыся на роднай Дзятлаўшчыне, прабіўся і ў новае скліканьне. Потым з усьмешкай згадваў, што ці не наймацнейшым канкурэнтам аказаўся мясцовы гінэколяг (добры адмысловец, які, натуральна, меў асабліва высокі рэйтынг сярод жаночай часткі электарату :-)
Дык вось, Мечыслаў Грыб хоць і абраўся, але ж апынуўся гэнэралам бяз войска. Рэч у тым, што прэзыдэнту Вярхоўны Савет стаў ужо замінішчам. Выбары фактычна тарпэдаваліся. Сам кіраўнік дзяржавы публічна заявіў, што галасаваць ні за кога з кандыдатаў ня хоча — "усё адно падмануць!".
Карацей, зь першае спробы пашэнціла абрацца толькі 119 дэпутатам. Ні два ні паўтара. Для правамоцнага складу трэ' было ня меней за 174.
Між тым дзяржаўныя мэдыі, падмятыя ўжо адміністрацыяй, разгарнулі кампанію дыскрэдытацыі заканадаўчай улады. Даводзілі публіцы, што стары дэпутацкі склад вычарпаў паўнамоцтвы дый што ўвогуле гэты парлямэнт — толькі пятае кола ў возе. Блытае карты маладому прэзыдэнту!
У выніку ўзьніклі праблемы з кворумам сярод "старых" дэпутатаў. Супраць іх была ўжытая старая тактыка "падзяляй і уладар".
"Наколькі я магу меркаваць, частку дэпутатаў, так бы мовіць, купілі, — узгадваў Мечыслаў Грыб. — Паабяцалі пасады, іншыя даброты. Іншых проста запалохалі. Прафэсійна ж у Вярхоўным Савеце працавалі толькі чалавек 70-75. Астатнія былі старшынямі калгасаў, вэртыкальнікамі, дырэктарамі, людзьмі ў пагонах і гэтак далей. Так ці іначай яны былі адчувальна залежнымі ад прэзыдэнта і ягоных людзей. Карацей, праціўнікам працы парлямэнту шмат каго з дэпутатаў удалося затармазіць, каб не паехалі на сэсію".
У рэшце рэштаў Вярхоўнаму Савету перакрылі кісларод і ў пляне матэрыяльным. Перасталі ня толькі службовыя машыны даваць, але нават заробак плаціць тым, хто на прафэсійнай падставе працаваў! Маўляў, няма кворуму — няма грошай...
"Вось тады і стаў я раз-пораз хадзіць да прэм'ера Міхаіла Чыгіра, — распавядаў мне пазьней Грыб. — А ён жа яшчэ і вядомы пчаляр. Гэтым сваім хобі Чыгір ганарыўся. І як чалавек шчодры нават у Доме ураду трымаў у шафе бітон зь мёдам. Вось частуе мяне Чыгір тым мёдам, размова ў нас лагодна цячэ. Пры мне тэлефануе міністру фінансаў Паўлу Дзіку. Кажа, каб вырашыў пытаньне. І ўявеце сабе: пакуль даходжу ад Чыгіровага кабінэта да Мінфіну — ужо нечая воля ўсё перайначыла. Тэлефоны ж у Доме ураду, бадай, спрэс праслухоўваліся. І таму Паўлу Дзіку, пэўна, пасьпявалі патлумачыць з болей грознай інстанцыі, што грошай Вярхоўнаму Савету даваць ня трэба. Заробак за тыя месяцы парлямэнтары потым толькі праз суд атрымалі.
Я ж, скажу шчыра, за той час дарэшты стаміўся маральна. Хацелася, каб даабралі новы парлямэнт ды было каму перадаць паўнамоцтвы. Таму перад паўторнымі выбарамі ў лістападзе 95-га запрасіў да сябе журналістаў расейскіх каналаў ОРТ, РТР ды НТВ. Бо БТ даць этэр адмовілася. Яно было ўжо цалкам кантраляванае Лукашэнкавай адміністрацыяй.
Расейскія ж каналы тады яшчэ цалкам трансляваліся на Беларусь і мелі вялікі патэнцыял узьдзеяньня. За што іх потым і абрэзалі. А тады сэнс майго звароту быў у тым, каб грамадзяне прыйшлі на выбары. Ніякай апазыцыйнасьці, ніякіх закідаў у прэзыдэнцкі бок.
Гэты запіс быў у пятніцу. А ў суботу, напярэдадні галасаваньня, раптам тыя тры расейскія каналы прапалі па ўсёй Беларусі з экранаў! Толькі хто меў спадарожнікавую талерку, змог пабачыць ды пачуць мой зварот. Пазьней наша грамада да фокусаў з так званай "прафіляктыкай" расейскіх каналаў прызвычаілася. А тады гэта быў шок. Карацей, на мне адпрацавалі не адну брыдкую тэхналёгію.
Але Вярхоўны Савет у лістападзе 95-га ўсё ж абралі. З грахом напалам. Заставалася каля шасці дзясяткаў дэпутацкіх вакансій. Аднак парлямэнт лічыўся ўжо правамоцным.
У студзені 1996 года адбылося паседжаньне першай сэсіі Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня. Ён сфармаваўся пераважна на партыйнай аснове. Утварыліся моцныя фракцыі. Гэта былі камуністы на чале з Калякіным, аграрнікі Шарэцкага, АГП Багданкевіча, сацыял-дэмакраты Леаніда Сечкі. Ну і "Згода" на чале з Канаплёвым, якая ня ўтойвала свайго прапрэзыдэнцкага характару.
Зазначу, што на той сэсіі ўздымалася і пытаньне пра дадатковыя выбары. Каб запоўніць рэшту вакансіяў ў парлямэнце. Але пытаньне так і заглухла. Прычым супраць былі практычна ўсе, а ня толькі прэзыдэнцкі бок!
Многім здавалася, што яны някепска ўладкаваліся — і нашто "ўшчыльняцца" дзеля некага? Камуністы, напрыклад, не хацелі, каб у Вярхоўным Савеце дадалося правых. А мог жа узяць рэванш БНФ, які тады ўвогуле не ўвайшоў у парлямэнт.
Між тым каб мы здолелі дабраць тады 60 чалавек, то падзеі маглі б пайсьці іначай. Але адмоўную ролю адыгралі эгаістычныя меркаваньні. Потым схамянуліся ўсе — і чырвоныя, і зялёныя. Як убачылі, што прэзыдэнт хоча цалкам падмяць пад сябе заканадаўчую ўладу. Але супрацьстаяць асфальтаваму катку ягонай каманды было ўжо шмат цяжэй. Насоўваўся чорны час другога рэфэрэндуму".
P.S. Гэтыя мэмуары зноў ставяць рубам пытаньне: ці такім ўжо фатальным быў той варыянт разьвіцьця падзеяў, што прывёў да цяперашняга становішча? Ці не палягае горкая праўда ў тым, што асобныя сёньняшнія тытульныя апазыцыянэры тады ня здолелі зірнуць далей уласнага носа?
У выніку ж "магутная кучка" дэпутатаў 13-га скліканьня, якія лічылі, што добра ўладкаваліся і ня варта ўшчыльняцца (тым болей пускаць БНФ!), была выбітая з сыстэмнай палітыкі і ўжо каторы год цешыцца імітацыяй палітычнай барацьбы на сваіх кангрэсах.