У Менску ў выходныя прайшоў XII чарговы справаздачна?выбарны зьезд Партыі камуністаў беларускай. Дэлегаты пераабралі на пасаду першага сакратара Цэнтральнага камітэту партыі Сяргея Калякіна. У склад ЦК партыі абраны 51 чалавек.
У зьезьдзе, які два дні праходзіў у Палацы культуры менскага аўтазаводу, удзельнічала болей за 200 дэлегатаў з розных рэгіёнаў Беларусі, а таксама госьці з Францыі, Італіі, Даніі, Чэхіі, Малдовы, Палестыны і іншых краінаў.
Дэлегаты ўнесьлі зьмены ў статут партыі і ўхвалілі шэраг рэзалюцыяў. У прыватнасьці, камуністы будуць дамагацца ўвядзеньня ў склад выбарчых камісіяў прадстаўнікоў апазыцыйных сілаў, неўмяшаньня ўладаў у выбарчы працэс, адмены датэрміновага галасаваньня, роўнага доступу ўсіх кандыдатаў да СМІ і забесьпячэньня назіраньня за падлікам галасоў.
Аднагалосна першым сакратаром Цэнтральнага камітэту Партыі камуністаў беларускай пераабраны Сяргей Калякін.
«Было прадэманстравана адзінства поглядаў па стратэгічных напрамках, — сказаў у інтэрвію «Свабодзе» Сяргей Калякін. — Думаю, што Партыя камуністаў беларуская будзе адным з самых перадавых атрадаў барацьбы за дэмакратызацыю Беларусі.
Усе пытаньні, што мы выносілі, былі прынятыя. Была ўхваленая тая пазытыўная стратэгія і альтэрнатыва для разьвіцьця Беларусі. Партыя камуністаў будзе ня толькі працягваць сваю барацьбу ў рамках аб’яднаных дэмакратычных сілаў, яна будзе ў авангардзе гэтых сілаў і працэсаў, што адбываюцца ў Беларусі. Зьезд пацьвердзіў стратэгію нашай партыі. Думаю, у гэтым галоўны вынік зьезду».
Кіраўніком фракцыі Партыі камуністаў беларускай на Кангрэсе дэмакратычных сілаў, што пачнецца 26 траўня ў Палацы культуры аўтазаводу, абраны Валеры Ухналёў.