У вёсцы Мількаўшчына Гродзенскага раёна, размешчанай за 10 км ад горада Скідзеля, на месцы былой сядзібы Элізы Ажэшкі будзе створаны турысцкі комплекс, паведаміў БЕЛТА намеснік старшыні Гродзенскага райвыканкама Валерый Клімовіч.

Паводле яго слоў, добраўпарадкаванне сядзібы прадугледжана планам мерапрыемстваў па ўвядзенню ў гаспадарчы абарот будынкаў, якія закінуты і неэфектыўна выкарыстоўваюцца. Праект рэалізуецца транспартна-турысцкім унітарным прадпрыемствам "Скідзельтранстур".

Валерый Клімовіч расказаў, што на сядзібе ўжо вядуцца аднаўленчыя работы, якія плануецца завяршыць у будучым годзе. Абсталявана гняздо для бусла. Да 6 чэрвеня, дня нараджэння Элізы Ажэшкі, на месцы былой капліцы будзе ўстаноўлены і асвячоны крыж. Плануецца таксама аднавіць адзін з захаваных будынкаў, дзе размесціцца музей.

Аднаўленне сядзібы знакамітай пісьменніцы будзе садзейнічаць развіццю турызму ў Гродзенскім раёне, лічыць субяседнік. Мількаўшчыну і цяпер найбольш наведваюць турысты з Беларусі і Польшчы, яна ўключана ў турысцкі маршрут "Дарогай Элізы Ажэшкі і Адама Міцкевіча". Да гэтага часу на месцы былой сядзібы захавалася кляновая алея, калодзеж, стары свіран з падвалам. За парадкам тут сочаць вучні Мількаўшчынскай базавай школы, якой у мінулым годзе было прысвоена імя Элізы Ажэшкі, адзначыў спецыяліст.

Паводле БЕЛТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0