Сусветны Дзень роднай мовы адзначаецца 21 лютага. Аднак мы любiм ствараць свае святы, што часам i не супадаюць з календаром. Вось i студэнты факультэта журналiстыкi БДУ вырашылi правесцi Дзень беларускай мовы — у маi.

Падрыхтоўка пачалася з «плакатнай кампанii». Першы курс распытваў выкладчыкаў пра самае мiлагучнае слова ў беларускай мове. Найбольш выбiтныя цытаты з’явiлiся на афiшах, што развешвалiся на сценах факультэта. Прычым асаблiва цiкава было прачытаць выказваннi настаўнiкаў фiзкультуры. Так, Аляксандра Давыдзiка можна пахвалiць за вынаходлiвасць: «Вот как по‑белорусски будет слово «баскетбол»? Нет, не баскетбол, а «кошыкбол», потому что «bасkеt» в переводе на белорусский значит «кошык».

У гэты дзень было вырашана размаўляць выключна па‑беларуску. Нават супрацоўнiкi сталовай i ахова прынялi такiя ўмовы.

Арганiзавалi вечарыну «Патэльня кахання».

— Каханне — гэта тое, што нам усiм блiзка, а значыць, яно аб’ядноўвае, — тлумачыць iдэю выбару назвы Ася Паплаўская.

Моладзь i каханне — непарыўныя, таму на вечарыне гучалi песнi, вершы i проста словы пра гэта пачуццё. Пачалося ўсё з сярэднявечных танцаў, потым была паэзiя. Дзявочыя сэрцы закалыхалiся, калi на сцэну выйшаў выкладчык i паэт Арцём Кавалеўскi. Любiмiца першага курса, выкладчыца Аксана Бязлепкiна таксама парадавала сваёй творчасцю. Гучалi вершы Вiкi Трэнас, Глеба Лабадзенкi i iншых. Паэтаў змянялi музыкi: Яўген Валошын спяваў «Калыханку», Андрэй Бананаў здзiвiў публiку смеласцю iнтымнай тэматыкi, а Змiцер Папко даказаў, што рэп па‑беларуску не горшы за сусветны.

У прамежках памiж выступлення вядучыя праводзiлi гульнi «Разынкi‑гузiкi». Дзве каманды з педагогаў пад кiраўнiцтвам Вiкi Трэнас i Арцёма Кавалеўскага складалi верш па першаму радку «Сяджу на патэльнi кахання...». А ў той жа час адбывалася гульня з залай. Гледачы падзялiлiся на два сектары i выконвалi заданнi па гiсторыi, беларускай мове i лiтаратуры. Нiхто не здолеў узгадаць назву шахматнай фiгуры «пешка» паводле Вацлава Ластоўскага. Затое цяпер ужо дакладна ведаюць слова «нiжнiк».

Не меншую цiкавасць выклiкаў конкурс сярод кiраўнiцтва факультэта (дэкана С.В. Дубовiка i яго намеснiкаў) i выкладчыкаў. Удзельнiкам прапаноўвалася не проста заняцца тыповым беларускiм заняткам — пачысцiць бульбу, але i выразаць з яе сардэчка.

Усiм удзельнiкам раздавалiся прызы — цукеркi i дыскi з прадубляванымi на беларускую мову фiльмамi «Шрэк‑2» i «Маленькая калядная казачка» (Швецыя). Завяршыўся Дзень беларускай мовы беларускай дыскатэкай.

«Плакатная кампанiя» будзе працягвацца. Выкладчыкам варта ўжо зараз рыхтавацца не толькi слухаць на залiках студэнтаў, але i самiм адказваць на пытаннi студэнтаў па мове, а пасля чытаць iх на афiшах...

Студэнты факультэта журналiстыкi засведчылi, што беларуская мова — сярод нас. Беларуская мова — гэта модна.

— Мы хочам, каб моладзь адчувала сябе перш за ўсё беларусамi, а пасля журналiстамi, — гавораць арганiзатары Дня роднай мовы.

Наталля Iсаевiч, «Звязда»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0