З неглыбокага вадасьцёку ў Лодзі паўстане чыстая рака, з мэандрамі і сажалкамі. A ўздоўж яе — новыя зялёныя зоны адпачынку i пляжы. Дзякуючы гэтаму палепшыцца мікраклімат гораду — абяцаюць навукоўцы. Вельмі дарэчы для Польшчы, якая знаходзіцца на адным з апошніх месцаў у Эўропе па колькасьці вады на аднаго жыхара.

У Лодзі няма вялікай ракі, бо праз цэнтар гораду праходзіць водападзел, што разьдзяляе басэйны Одры і Віслы. Аднак тут бяруць пачатак цэлых 18 ручаёў. Адзін зь іх — бэтонную канаву даўжынёў каля 13 км — навукоўцы і зьбіраюцца пераўтварыць у раку. Абраны канал ня месьціцца ні ў воднай клясе чысьціні, у ім шмат злучэньняў фосфару і азоту, нафтавытворных субстанцыяў, цяжкіх мэталаў і арганічных сьцёкаў. Вада ў ім падчас ліўняў імкліва прыбывае. У той час мясцовыя ачышчальныя збудаваньні ня ў стане ачысьціць навальнічныя воды, якія сьцякаюць у яго разам з камунальнымі сьцёкамі. Шмат на якіх участках канал забэтанаваны, бо калісьці лічылася, што даджавая вада павінна як мага хутчэй зьнікнуць з гораду, каб пазьбегнуць паводкі.

Экспэрты сьцьвярджаюць, што ў выніку ўзровень грунтавых водаў зьнізіўся і склаліся неспрыяльныя ўмовы для росту расьлінаў. А паколькі ў Лодзі бракуе зялёных зонаў з вадой, там стварыўся нядобры для людзей мікраклімат. У горадзе пэрыядычна ўзьнікаюць г.зв. выспы цяпла, калі ў выніку награваньня сьценаў і недахопу цыркуляцыі паветра тэмпэратура ў параўнаньні з прыгарадамі павышаецца нават на 10‑12 градусаў C. Да таго ж у Лодзі вельмі нізкая вільготнасьць. Таму жыхары гораду часта хварэюць на астму і розныя алергіі.

‑ Мы дастанем раку з бэтонавых межаў. Уздоўж рэчышча ўзьнікне шэраг загараджальных рэзэрвуараў. Яны будуць сканструяваныя так, што тыя, якія знаходзяцца ў верхнім цячэньні будуць у асноўным ачышчаць ваду. А тыя, што месьцяцца ў ніжнім, мусяць быць ужо нагэтулькі чыстымі, каб людзі маглі ў іх бясьпечна купацца — кажа д‑р Івона Вагнэр з Эўрапейскага рэгіянальнага цэнтру экагідралёгіі ў Лодзі.

Для ачышчэньня вады ў рацэ, рэзэрвуарах і сажалках навукоўцы будуць прымяняць фітатэхналёгію — на берагах і дне ракі яны пасадзяць адпаведныя расьліны, якія маюць здольнасьць раскладаць нафтавытворныя субстанцыі і назапашваць цяжкія мэталы ў сваіх тканках.

На праект Эўразьвяз выдзеліў 600 тыс. эўра. На яго рэалізацыю навукоўцы маюць час да 2010 г.

Вольга Данішэвіч паводле польскае прэсы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0