У першым квартале 2007 года Беларусь гандлявала з 149 краінамі. Як паведаміла прэс‑служба Міністэрства эканомікі, тавары пастаўляліся на рынкі 110 дзяржаў, імпартавалася прадукцыя 136 краін.

Асноўнымі гандлёвымі партнёрамі Беларусі ў студзені‑сакавіку 2007 года з’яўляліся: Расія — 48,1% усяго аб’ёму тавараабароту, Нідэрланды — 7%, Германія — 6,1%, Украіна — 5,9%, Польшча — 4%, Вялікабрытанія — 2,8%, Латвія і Кітай — па 2,4%, ЗША — 2,3%, Італія — 1,7%.

Паводле папярэдніх звестак Нацыянальнага банка Беларусі, аб’ём знешняга гандлю таварамі і паслугамі па метадалогіі плацежнага балансу за першы квартал 2007 года склаў 11 млрд. 274,3 млн. долараў ЗША. У тым ліку экспарт — 5 млрд. 363,4 млн. долараў, імпарт — 5 млрд. 910,9 млн. долараў. Да ўзроўню першага квартала 2006 года з разліку ў фактычных цэнах аб’ём знешняга гандлю таварамі і паслугамі склаў 114,1%, экспарт — 107,5%, імпарт — 120,8%.

Паводле звестак гандлёвага балансу, аб’ём знешняга гандлю таварамі ў першым квартале 2007 года склаў 10 млрд. 348,8 млн. долараў. У тым ліку экспарт — 4 млрд. 746,7 млн. долараў, імпарт — 5 млрд. 602,1 млн. долараў. Вартасны аб’ём экспарту Беларусі ў параўнанні са студзенем‑сакавіком 2006 года ў фактычных цэнах павялічыўся на 6,3%, або 281,4 млн. долараў, імпарт — на 21,1%, або 974,5 млн. долараў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?