Радыё Свабода паведамляе: Сёньня, прыблізна а 12-й гадзіне, каля ўнівэрсаму «Брэст» была блякавана машына, у якой знаходзіўся кіраўнік абласнога штабу Мілінкевіча Юрась Губарэвіч.

Пра гэта пасьпеў паведаміць праз мабільны тэлефон сам спадар Губарэвіч. І адразу сувязь зь ім абарвалася.

Цяпер Юрась Губарэвіч знаходзіцца ў аддзеле ўнутраных спраў Маскоўскага раёну Берасьця, вакол якога выстаўлена дадатковая агароджа. Міліцыянты тлумачаць гэта правядзеньнем нейкай спэцапэрацыі: маўляў, на такой падставе абмежавалі доступ у раённы аддзел для іншых асоб. У тым ліку, і для назіральнікаў ад АБСЭ, якія прыехалі высьветліць лёс спадара Губарэвіча.

Варта нагадаць: 17 сакавіка ў машыне кіраўніка Берасьцейскага абласнога штабу Мілінкевіча спачатку былі прабіты колы, а пасьля супрацоўнікі ДАІ зьнялі зь яе нумары – з тае прычыны, што ня пройдзены тэхнічны агляд. Калі ж усе працэдуры па аглядзе машыны былі выкананы, супрацоўнікі ДАІ адмовіліся вяртаць нумары й адвезьлі асабісты аўтамабіль Юрася Губарэвіча на штрафную стаянку.

Таксама 17 сакавіка на 5 сутак арышту быў асуджаны Ўладзімер Вялічкін, які знаходзіўся разам са спадаром Губарэвічам і спрабаваў фатаграфаваць аўтамабілі, якія неадступна суправаджалі машыну кіраўніка абласнога штабу Мілінкевіча.

Цягам гэтага тыдня былі арыштаваны й іншыя актывісты выбарчай кампаніі ў Берасьці – Сьцяпан Навасельчан, Зьміцер Шыманскі, Рыгор Бакіевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0